03.01.2019
03.01.2019

Першаму мінчаніну ўручылі каробку для нованароджаных

logo
Навiны
0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Андрэйка Куневіч стаў першым мінчанінам, які нарадзіўся ў 2019 годзе. І першым, хто атрымаў падарункавую каробку для нованароджаных ад праекта «МамаPro». Падарунак сям'і ўручыў асабіста Міністр аховы здароўя Валерый Малашка.

Хлопчык стаў другім дзіцем Кацярыны і Аляксандра. Ён з'явіўся на свет у гадзіну ночы ў РНПЦ «Маці і дзіця». Роды былі партнёрскімі. І хаця яны пачаліся крыху раней за тэрмін, па прызнанні бацькоў, яны адчувалі сябе ўпэўнена і спакойна ў надзейных руках прафесіяналаў. Нарадзіўся Андрэйка з вагой 3990 г і ростам 55 см.

У каробачцы нованароджаных ад праекту «МамаPro» – 16 прадметаў гігіенічных і касметычных сродкаў для мамы і малыша (падгузнікі, сродкі гігіены, цацкі). Збіралі іх яшчэ з восені з дапамогай актыўнай падтрымкі брэндаў-партнёраў праекта. Такія падарункі чакаюць усе сем'і, у якіх малыя нарадзіліся ў студзені ў сталіцы (а таксама Клінічным радзільным доме Мінскай вобласці і РНПЦ «Маці і дзіця»). Каробка адпавядае даведцы аб нараджэнні: калі мама нараджае двайнятаў, дык атрымлівае дзве каробкі, калі трайнятаў – тры. У кожны набор укладзены вітальныя лісты ад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і каманды праекта «МамаPro». А яшчэ – невялікія анкеты. У іх бацькі змогуць ацаніць каробку і даць свае рэкамендацыі. Па водгуках стане зразумела, ці будзе развівацца праект далей.

 
Валерый Малашка
Міністр аховы здароўя Беларусі
Мы з вялізным задавальненнем віншуем маму першага мінчаніна, народжанага сёлета. Пажадаць хочацца, вядома, здароўя, развіцця, дабрабыту і мірнага неба нашай краіне і вашай сям'і. Прыемна, што ўвагу кожнай маме надае не толькі Міністэрства аховы здароўя, але і такія арганізацыі. Мы сёння заклапочаныя дэмаграфічнымі праблемамі і разам павінны матываваць маладыя пары да нараджэння дзяцей.
 
Святлана Нагібовіч
Галоўны пазаштатны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі, намеснік дырэктара па акушэрстве і гінекалогіі РНПЦ «Маці і дзіця»
Гэтая акцыя – праява клопату дзяржавы аб нашых мамах. Галоўная сучасная тэндэнцыя, якая праглядаецца цяпер у акушэрстве, – даць магчымасць любой цяжарнасці прайсці лёгка і завяршыцца нараджэннем даношанага здаровага дзіцяці. Гэта самая вялікая мэта і дасягненне для нашага цэнтра ў прыватнасці і дзяржавы ў цэлым.
 
Дыяна Мардас
Акушэр-гінеколаг, кіраўнік праекта «МамаPro»
Мы працуем у цесным кантакце з мамамі, таму нашы праекты атрымліваюцца такімі цёплымі і патрэбнымі, бо яны створаны з імі і для іх. Мы рады, што працуем не паралельна, а разам з дзяржаўнымі праграмамі падтрымкі мацярынства і дзяцінства і што нашы ініцыятывы падтрымлівае Міністэрства аховы здароўя РБ. І што не менш важна, усе каробкі сабраныя не на сродкі дзяржаўнага бюджэту, а пры падтрымцы шэрагу брэндаў-партнёраў, якія шмат гадоў клапоцяцца пра здароўе маці і дзяцей.

Акрамя сям'і Куневічаў, Міністр аховы здароўя разам з журналістамі і арганізатарамі праекта павіншаваў яшчэ пяць жанчын, якія ў навагоднюю ноч сталі мамамі ў сценах РНПЦ. Усяго ў першыя суткі 2019 года ў Мінску нарадзілася 36 дзяцей (а ў цэлым у краіне – 145).

Атрымаюць падарункі і вядомыя беларускі, многія з якіх шматдзетныя мамы. Яны стануць экспертамі і дадуць парады камандзе праекта.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 26

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.