29.01.2019
29.01.2019

Першы блін камяком? Вынікі марафону «21 дзень да здаровага сэрца»

logo
Навiны
0 10
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Слушна сумесна з інфармацыйным парталам Здаровыя людзі правялі марафон па фарміраванні звычак, карысных для здароўя, «21 дзень да здаровага сэрца».

Што мы рабілі:

  • знаёміліся з мадыфікаванымі фактарамі, якія негатыўна ўплываюць на здароўе і залежаць ад нашых паводзінаў;
  • ліквідоўвалі тыя фактары, якія наносілі найбольшую шкоду здароўю, і прыўносілі ў жыццё тыя звычкі, якіх так даўно не хапала;
  • штодня атрымлівалі новую якасную інфармацыю пра звычкі, дзеянні або прадукты;
  • штодня пісалі справаздачы ў закрытай групе ў сацыяльнай сетцы пра тое, што мы зрабілі сёння для сваёй звычкі, з якімі цяжкасцямі сутыкнуліся, дзяліліся сваімі маленькімі крокамі на шляху да мэты: «я здолела легчы ў ложак ужо ў 22.30, заснуць адразу не атрымалася», «сёння замест булачкі я абрала хурму, яна такая ж салодкая, але ў ёй ёсць карысны каратын і клятчатка», «я раніцай выпіваю шклянку вады ўжо тры дні запар і заўважаю, што хутчэй прачынаюся і раблюся бадзёрай», «я думала, што любы алкаголь шкодны, а цяпер ведаю, што ў бакале натуральнага чырвонага віна шмат карыснага»;
  • падтрымлівалі адзін аднаго, дзяліліся думкамі і досведам: «я піла ваду і да гэтага марафону і заўважыла, што мае пяткі сталі больш гладкімі, таму і працягваю», «каб лепш высыпацца, я стала класціся спаць разам з дзіцем; раніцай, пакуль усе спяць, можна паспець больш, і я больш бадзёрая, нават хапае часу прыгатаваць сняданак ці паўгадзіны павышываць!»;
  • знаходзілі прычыны, якія нам перашкаджаюць клапаціцца пра сябе, сваё цела (напрыклад, віна за тое, што я пайду ў спартзалу, а падлогу ў кватэры не памыю, ці лянота, бо прагулка пешшу патрабуе намаганняў, адной цяжка, а за кампанію можна).

Падводзячы вынікі, хочацца зрабіць выснову аб эфектыўнасці ўдзелу ў марафоне. Хаця як ацаніць эфектыўнасць таго, што маладая мама знайшла магчымасць вышываць, ці якой статыстыкай вымераць радасць ад таго, што сумнае «трэба рухацца больш» ператварылася ў займальнае «назбірай свае 12 000 крокаў любым даступным спосабам»? Для таго, каб звычка прывілася надоўга, ад яе трэба атрымліваць задавальненне, інакш не працуе.

Да заканчэння марафону:

  • амаль усе ўдзельнікі даведаліся пра свой артэрыяльны ціск і індэкс масы цела (94,1%);
  • больш за палову ўдзельнікаў (58,8%) адзначылі, што скарацілі ўжыванне солі (па суб'ектыўных ацэнках у сярэднім да 4,8 г у суткі);
  • 52,9% удзельнікаў адзначылі, што сталі сачыць за колькасцю спажыванай ежы і калорый;
  • 58,8% павялічылі колькасць і разнастайнасць гародніны ў сваім рацыёне. Да марафону ўдзельнікі паказвалі ў сярэднім на 400 г гародніны (за выключэннем бульбы і бананаў) з ваганнем ад 100 г да 1 кг;
  • 58,8% павялічылі сваю фізічную актыўнасць. Да марафону ў сярэднім удзельнікі паказвалі на 2,5 гадзіны актыўнасці ў тыдзень (з ваганнямі ад адсутнасці якой-небудзь фізічнай нагрузкі да 10 гадзін актыўных заняткаў у тыдзень);
  • 64,7% чалавек павялічылі працягласць сну ў сярэднім на гадзіну. Да заканчэння трэцяга тыдня ўдзелу не засталося тых, хто клаўся спаць пасля поўначы;
  • 88,2% удзельнікаў павялічылі спажыванне чыстай пітной вады да заканчэння марафону (да пачатку марафону ў сярэднім удзельнікі выпівалі 1100 мл вады з ваганнямі ад 0 да 2 л).

Для паловы ўдзельнікаў (52,9%) найбольш каштоўным на шляху да дасягнення сваіх мэтаў была якраз групавая праца на шляху да захавання свайго здароўя. Для астатняй паловы было важна атрымліваць пэўную медыцынскую інфармацыю пра здароўе і фактары, якія ўплываюць на яго негатыўна, а таксама падтрымліваючыя каментары куратара.

Усе гэтыя складнікі і жаданне ўдзельнікаў прывялі нас да выніку. Набыццё і замацаванне ў паўсядзённым жыцці той самай важнай звычкі, якую ўдзельнікі хацелі ўкараніць, яны ў сярэднім ацанілі на 7,6 балаў па шкале ад 1 (ніяк не ўбудавалася, чужая майму ладу жыцця) да 10 (штодня я з задавальненнем надаю ўвагу сваёй новай звычцы). Многа гэта ці мала – кожны вырашае сам. Складана пераводзіць усвядомленасць у сваіх паводзінах, радасць ад стасункаў, задавальненне ад клопату пра сваё цела і здароўе ў лічбы.

Ці камяком гэты першы блін? Адназначна не! Ці былі ў ім недахопы? Так. Не памыляецца толькі той, хто нічога не робіць. Але гэты бясцэнны вопыт мы ўлічым у будучым.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 10

Кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры эпідэміялогіі і мікрабіялогіі БелМАПА, псіхолаг