14 Снежня
14.12.2017

Першы пайшоў! «Мама «Pro» ужо ў рэгіёнах. Фотасправаздача

logo
Навiны
76 0 41
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Больш за 320 удзельнікаў, чвэрць з якіх – будучыя таты. Першы выхад рэспубліканскага кангрэса «Мама Pro» у рэгіёны пачаўся з Магілёўскай вобласці і выклікаў шквал цікавасці.



















































Не толькі паслухалі, але і памацалі!

У гасцініцы «Турыст» Магілёва пануе вясёлае ажыўленне. Канцэнтрацыя пазітыву і будучых матуль зашкальвае. Хтосьці рэгіструецца для ўдзелу ў кангрэсе, іншыя чакаюць выступленні дактароў у зале, самыя актыўныя спачатку абыходзяць прэзентацыйную зону. Тут можна атрымаць юрыдычную кансультацыю, пакаштаваць сыр, ёгурт, смятану, малочныя кактэйлі, паглядзець на новую лінію доглядавай касметыкі для малых... Будучыя бацькі збянтэжана, магчыма, упершыню ў жыцці, трымаюць у руках падгузнікі і дзіцячыя сурвэткі, дзеляцца эмоцыямі і прымяраюцца да каляскі і крыклівых немаўлятаў у пацешнай фотазоне.

Сяброўкі Ганна і Каця даведаліся пра мерапрыемства ад загадчыцы жаночай кансультацыі № 10 роднага Магілёва. Ад яе ж атрымалі запрашэнне для ўдзелу. І хоць 26-гадовая Аня чакае ўжо другога сына, дзяўчыне цікавыя ўсе нюансы, звязаныя з родамі і доглядам нованароджанага: хоча быць у курсе новых падыходаў.

А вось Анастасія цікавіцца падрыхтоўкай да нараджэння сына не толькі як будучая мама, але і спецыяліст. Дзяўчына вучыцца на апошнім курсе Гомельскага дзяржмедуніверсітэта і збіраецца працаваць урачом-акушэрам-гінеколагам. Віталь з задавальненнем падтрымлівае жонку і лічыць, што мужчына абавязкова павінен удзельнічаць ва ўсіх этапах развіцця сям'і.

Вялікай папулярнасцю карыстаецца стэнд кампаніі «Беліта-Вітэкс-Магілёў». Тут можна не толькі даведацца пра касметычныя навінкі, але і пакаштаваць смачны сок і яблычныя чыпсы. Такі далікатэс шмат каму прыйшоўся па душы.

І зноў васьміножкі

Па традыцыі цэлы дзень у Магілёве працавалі майстрыхі. У падтрымку акцыі «Ад сэрца да сэрца», арганізаванай сацыяльна-дабрачыннай установай «Бэйбі Сторы», дзяўчаты прывезлі з Мінска 50 сэрцайкаў у падтрымку мам неданошаных дзетак. А для саміх малых зрабілі амаль 80 шкарпэтак з адмысловай воўны, каля 30 капялюшыкаў і 50 васьміножкаў. Эфектыўнасць гэтых вырабаў для падтрымкі заўчасна народжаных дзетак пацверджана як сусветным вопытам, так і беларускім. У сталічных клініках майстрых ужо ведаюць і выдаюць ім спецыяльныя заказы. Ваўняныя панчохі і капялюшыкі падаюцца калючымі для пяшчотнай дзіцячай скуры. Гэтыя адчуванні не даюць малечам заснуць і забыцца на дыханне. Акрамя таго, перашкаджаюць інтэнсіўнай страце цяпла, што вельмі важна для такіх малых. А шчупальцы васьміножкаў нагадваюць дзеткам матчыну пупавіну. Сціскаючы такія цацкі ў руках, нованароджаныя хутчэй папраўляюцца і развіваюцца.

Пра што пагаварылі?

Утульная канферэнц-зала ледзь змагла змясціць усіх жадаючых. Праграма Магілёўскага кангрэса была асаблівай. Арганізатары пастараліся, каб прагучалі не толькі тыя тэмы, што асвятляліся ў Мінску. Пры падрыхтоўцы выступленняў урачы ўлічвалі пажаданні будучых мам. Так¸ напрыклад, слухачы даведаліся, як зберагчы дзіця ад прастуды зімой, што неабходна ведаць мамам дзяўчынак, што раіць бацькам дзіцячы артапед, якія асаблівасці дзіцячага масажу, якія цацкі лічацца шкоднымі, а якія карыснымі, як адвучыць дзіця ад падгузніка і завяршыць грудное гадаванне і інш.

 
Юлія Савачкіна
Галоўны акушэр-гінеколаг Міністэрства аховы здароўя
Прыемна бачыць, што кангрэс «Мама Pro» карыстаецца такой вялікай папулярнасцю. Хачу адзначыць, што мы, урачы, радыя дыялогу, гатовыя дзяліцца вопытам. Нам вельмі важна бачыць зваротную сувязь. Спадзяемся, што, як і планавалі, мерапрыемства крок за крокам ахопіць усе вобласці.
 
Аляксандр Старавойтаў
Урач-акушэр-гінеколаг, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы
Асноўная каштоўнасць нашай краіны – не яе абшары і матэрыяльна-тэхнічная база, а людзі. Моцная сям'я – залог росквіту рэспублікі. Для гэтага ствараюцца ўсе ўмовы. У Беларусі яны адны з лепшых для мацярынства. Нідзе ў свеце працягласць адпачынку па доглядзе дзіцяці не складае 3 гады. Мэта мерапрыемства – наладзіць нефармальныя зносіны паміж сям'ёй і дактарамі. Мамы могуць даведацца пра тое, якія ўмовы ёсць у радзільных дамах, пазнаёміцца са спецыялістамі.
І ўсё гэта не ва ўмовах спеху, калі ў жанчыны ўжо схваткі, а ў доктара некалькі пацыентак у родах, а ў спакойным і павольным тэмпе. Будучыя мамы і таты бачаць, што радзільны дом мае чалавечае аблічча, гэта не проста механізм. Усе мы працуем адной камандай у імя добрай мэты – нараджэння здаровага дзіцяці.
 
Вікторыя Купчанка
Начальнік аддзела аховы мацярынства і дзяцінства ўпраўлення аховы здароўя Магілёўскага аблвыканкама
Мы рады прыняць эстафету правядзення кангрэса ў нас у Магілёўскай вобласці. Як сказаў, Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, дзяржава – гэта вялікая сям'я, а сям'я – гэта маленькая дзяржава. І наша мэта, каб людзі і ў вялікай, і ў маленькай дзяржаве былі здаровыя і шчаслівыя. Для гэтага мы ўсе працуем.
 
Дзіяна Мардас
Урач-акушэр-гінеколаг 5-й ГКБ Мінска, аспірант кафедры грамадскага здароўя і аховы здароўя БелМАПА
Праграма кангрэса не будзе аднолькавай ва ўсіх абласных гарадах. Пры падрыхтоўцы тэм выступленняў мы ўлічваем як пажаданні будучых бацькоў, так і прапановы спецыялістаў. Першы выхад у рэгіён быў для нас вельмі важным. Інфармацыі пра цяжарнасць і роды шмат не бывае. Часам неабходна паўтараць яе шмат разоў і па розных каналах для таго, каб нешта ўклалася і запомнілася. Важна, што гэтыя звесткі прыходзяць своечасова. Тады, калі сям'я больш за ўсё гатова іх прымаць.
 
Наталля Міранчук
Дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы «БэйбіCторы»
Нам важна было прыцягнуць спецыялістаў менавіта з Магілёўскай вобласці, паколькі з гэтымі ўрачамі і будзе кантактаваць мама. Мы хацелі зламаць бар'ер паміж урачом і пацыентам, каб жанчына не саромелася звярнуцца па дапамогу. Бо для таго, каб атрымаць адказ, трэба навучыцца задаваць пытанні. За вядзенне цяжарнасці адказныя не толькі ўрачы, але і самі парадзіхі.

Тата можа!

Самыя актыўныя ўдзельнікі майстар-класаў нязменна мужчыны. Яны задаюць больш за ўсё пытанняў і глядзяць са свайго боку на ўсе «дзіцячыя» клопаты. Як правільна па пунктах скласці сумку ў радзільню, што можна, а што нельга есці цяжарнай і маці, якая корміць грудзьмі, як апранаць дзіцяці падгузнік, што такое сіліконавая накладка, чым канкрэтна можна быць карысным у родах ... Урачы з радасцю адзначаюць, што сучасныя таты адышлі ад ролі простага назіральніка і прымаюць у падрыхтоўцы да з'яўлення новага члена сям'і самы актыўны ўдзел.

Менавіта таму арганізатары «Мама Pro» сур'ёзна задумаліся пра стварэнне альтэрнатыўнага праекта для татаў. Падрыхтоўка да яго ўжо ў разгары. Магчыма, да лета адбудзецца прэзентацыя і «Тата Pro».

 

















Пра складанае пазітыўна

У праграме кангрэса будучыя бацькі бачылі толькі пазітыўныя тэмы. Выбар такога настрою не выпадковы.

 
Наталля Міранчук
Дырэктар сацыяльна-дабрачыннай установы «БэйбіCторы»
Безумоўна, мы імкнуліся даць інфармацыю максімальна поўна, асвятліць не толькі прыемныя моманты, але і складанасці, з якімі сутыкнецца маладая сям'я. Але запалохванне – не лепшы метад. Псіхаэмацыйнае напружанне можа прывесці да негатыўных наступстваў, ажно да заўчасных родаў. Мы хацелі распавесці пра складанае мякка і па магчымасці папярэдзіць, а не напалохаць.

Кангрэс стаў падарункам для будучых бацькоў не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. На другі дзень усе ахвочыя маглі наведаць радзільны дом на базе Магілёўскай бальніцы № 1 і на свае вочы ўбачыць ўмовы знаходжання ў палатах, пагутарыць з урачамі-анестэзіёлагамі-рэаніматолагамі пра абязбольванне ў родах і задаць усе хвалюючыя пытанні.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

76 0 41

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Наверх