27.11.2019
27.11.2019

Піліпаў дзень: частуйма… дамавіка!

logo
Беларускі код
0 59
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Перш чым распавесці пра народныя традыцыі, абрады, звычаі ды прыкметы на сёння, прыгадаю тое, што моцна запомнілася ажно з першага класа, з буквара А.Клышкі. Тады мы ўпершыню атрымалі ўяўленне пра паліндромы, якія надоўга захапілі сабой. А іх падбор зрабіўся адной з любімых гульняў малодшых школьнікаў.

Буквар А.Клышкі.

А сказ такі: «І так ПіліП, і так ПіліП… І так ПатаП, і так ПатаП…» Ну, вы зразумелі? Паліндромы – словы, якія чытаюцца аднолькава і з пачатку, і з канца. І як толькі я пачую не такое ўжо і распаўсюджанае імя «Піліп», дык адразу прыгадваю менавіта гэта. Во якая ўласцівасць памяці! Сама дзіўлюся! 🙂

Але нават калі не так часта па-беларуску мы сёння чуем «Піліп», дык пра Піліпаў пост, я ўпэўнена, ведаюць многія. І не толькі вернікі. Сам пост надыходзіць якраз заўтра, 28 лістапада, акурат пасля Піліпавага дня, які прыпадае на сёння. Таму нашы продкі, можна сказаць, святкавалі 27 лістапада, прычым даволі шырока. І называлі яго па-іншаму Загавенне, Кудзеліца.

Паколькі да гэтага часу звычайна надыходзілі халады, дык частка хатняй жывёлы ішла пад нож. І на стале ў Піліпаў дзень было шмат страў з мяса. Стараліся наесціся «ў запас» (але ж мы будзем асцярожныя, так?!), бо з 28 лістапада надыходзіць 40-дзённы Піліпаўскі (Калядны) пост. У народзе ён вядомы больш як Піліпаўка. Памятаеце?! У Янкі Купалы: «У Піліпаўку воўк нема вые…»

У Піліпаўку воўк нема вые...

А яшчэ гэты дзень адметны (вы ўжо здагадаліся?!) пэўнымі народнымі традыцыямі, звычаямі , назіраннямі за надвор’ем ды прыкметамі.

Паглядзеўшы наш прагноз надвор’я на заўтра, са здзіўленнем убачыла: туман. І што б гэта значыла?! Тут – мароз, а тут – туман… Але нашы продкі, аказваецца, гэтай з’яве 27 лістапада і не дзівіліся, а казалі: «Туман на Піліпа – да ўраджаю аўса, дождж – да пшаніцы». І яшчэ: «Калі ў плыні Піліпавак частыя пахмурныя дні і туман на дрэвах, дык чакай добрага ўраджаю збажыны; светлыя Піліпаўкі без туману прадвесцяць дрэнны ўраджай».

У гэты дзень жанчыны заканчвалі рыхтаваць ткацкае начынне. У прыватнасці, займаліся падрыхтоўкай кудзелі, рыхтаваліся да піліпаўскіх вячорак: «Прадзіся, кудзеля, на гэтай нядзелі», «Не напрадзеш зімою – не будзе чаго ткаць улетку», «Калаўрот не бог, а кашулю дае».

Піліпаў дзень. Прадзенне кудзелі.

Адна з цікавых звычак у Піліпаў дзень – частаванне дамавіка. Нашы продкі верылі ў гэты добры дух. Як і ў тое, што «без дамавіка хата трымацца не будзе». І што менавіта ён спрыяе ва ўсіх справах і нават даглядае хатнюю жывёлу. Прычым калі ён пасябруе з сямейнікамі, дык у хаце будзе лад ды згода. «Каго палюбіць – таму служыць, быццам у кабалу да яго пайшоў. А ўжо каго не палюбіць, таго выжыве і са свету звядзе».

Дык вось наконт «не залюбіць»… А ведаеце, чым раней можна было раззлаваць дамавіка так, што ён пачынаў шкодзіць? Калі хтосьці лаецца (брыдкасловіць), гаспадыня кладзецца спаць без ніжняй бялізны (!!!), моцна кідаюць дровы ў хаце на падлогу… Во так! Бяром на ўзбраенне.

А вяртаючыся ў сёння… На Піліпа дамавіка задобрывалі, каб ён захоўваў свойскую жывёлу. Бо наперадзе зіма, маразы, усякае магло здарыцца. Таму сёння трэба абавязкова паклікаць дамавіка на вячэру. А тое, што пасля яе застанецца, пакінуць да заўтра, накрыўшы сурвэткай. Лічыцца, што ён прыйдзе і пад’есць.

Піліпаў дзень. Частуем Дамавіка.

Калі яму спадабаецца, дык дамавік… нанясе шмат снегу, каб накрыць пасевы і захаваць іх да вясны! Вось заадно і паглядзім, ці задобрываў хто дамавіка! Як снег пойдзе, значыць, так. 🙂

Жарты жартамі… Але, як сцвярджаюць, усё бывае ў гэтым жыцці. Нават тое, чаго, у прынцыпе, быць не можа.

Яшчэ нашы продкі лічылі гэты дзень зазімкам – пачаткам зімы. Таксама паглядзім, ці спрацуе даўняя прыкмета-назіранне сёлета. А вось што пераняць з таго, чым яны займаліся ў Піліпаў дзень, кожны з нас традыцыйна вырашае сам…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 59

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама