19.07.2020
19.07.2020

Піражок + малінавае варэнне = СВЯТА! :)

logo
Думкі ўслых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Лёёёёёёгенькае такое сёння свята… 🙂 І смачнае. Дзень піражкоў з малінавым варэннем! Так што збіраем маліну, у каго ёсць такая магчымасць, альбо купляем яе і гатуем смакату, каб пасля з’есці ўсёй сям’ёй і тым самым спрычыніцца да свята.

Адразу скажу, што рэцэпта не будзе, на жаль. Бо звычайна даю альбо тыя, якімі карыстаюся… Ці чым карысталася мая мілая мамачка… У мяне ж усё – ад яе… Альбо тыя, якія магла б скарыстаць, бо добра ўяўляю сам працэс і разумею, што атрымаецца. Таму ў гэтым выпадку – сеціва ў дапамогу! Затое пра маліну і варэнне з яе магу распавесці шмат. 🙂

Піражкі з малінавым варэннем. Свята 19 ліпеня.

Як прыгадвала ўжо, у нашай сям’і да працэсу збору ягад мы з братам былі далучаныя з самага маленства. І ўсё дзякуючы традыцыям мамачкінай сям’і, якія яна прынесла ўжо ў сваю ўласную. А вось варэнне варыць нашыя бацькі вучыліся па кнігах. І так ужо традыцыйна склалася, што працэс гэты быў і цяпер застаецца вотчынай таты. Зрэшты, так атрымалася, што і варэння асабіста я не ем даўнавата, хаця ў дзяцінстве вельмі любіла.

Але ж, зноў-такі, так традыцыйна склалася, што доўгія гады малінавае варэнне абавязкова было ў нас у дастатковай колькасці ўзімку. І сапраўды, рэальна дапамагала пры прастудзе. Але ж і прастуды тады не былі такімі злоснымі… Народныя сродкі спрацоўвалі безадказна.

Піражкі з малінавым варэннем. Карысць маліны.

Пазней, калі ў якасці эксперыменту ў нас з’явілася малінава-чарнічнае (ці чарнічна-малінавае) варэнне, я даведалася з сеціва, што яно яшчэ больш карыснае, чым адно малінавае. І не проста даведалася, але і выпрабавала не аднойчы на сабе. Але хтосьці ж застаецца верным і класіцы…

Вось сёння тады малінавае варэнне і спатрэбіцца – для піражкоў. Па праўдзе, піражкі як від выпечкі таксама практычна не гатаваліся ў нашай сям’і. У мамачкі былі фірмовыя рэцэпты пасхальнай булкі, жаваронкаў, пірага хуткага прыгатавання… У мяне – бісквіта (і шарлоткі як яго разнавіднасці), пячэння «хрызантэмы» і «ружы» (з дражджавога цеста), калісьці даўным-даўно – юмбрыкі…

Зараз пры такой колькасці і даступнасці рэцэптаў у сеціве прыгатаваць альбо спячы штосьці – увогуле не праблема. Галоўнае, каб рукі раслі адтуль, адкуль трэба… 🙂 І жаданне, вядома ж…

Піражкі з малінавым варэннем. Гатуем смачна!

А што ж яшчэ вядома пра маліну ў народзе? Аказваецца, нашыя продкі верылі, што яна спрыяе ўмацаванню і захаванню шлюбу (!), а лісце маліны ахоўвае цяжарных жанчын ад сурокаў. Маліна не толькі дапамагае пры прастудзе, але і ўмацоўвае імунітэт, змагаецца са старэннем і дэпрэсіяй.

Як і іншыя ягады, маліну раяць альбо замарожваць і захоўваць у лядоўні, альбо пераціраць з цукрам і «жывую» ставіць у халадзільнік. Але варэнне, тым не менш, займае першае месца ў нарыхтоўках. І гэта той выпадак, калі класіка ніколі не надакучае!

Шмат гадоў таму ў нашай мамачкі атрымалася займець саджанцы хатняй маліны з вельмі вялікімі і духмянымі ягадамі. І не адзін дзясятак гадоў кусцікі радавалі нас ураджаем на дачы. І нават калі б у гэтую незразумелую зіму яны б не вымаклі, дык вымаклі б падчас патопу, калі ўчастак (другі раз ужо) трэці тыдзень цалкам схаваны пад вадой… 🙁

Піражкі з малінавым варэннем. Карысць маліны.

Наўрад ці выжывуць і маладыя кусты, набытыя мной увосень у Самахвалавічах. Гатунковая маліна ўвесну адрасла ад кораня, зазелянелася. Некаторая зацвіла нават, завязаліся ягады. І… усё на гэтым. Таму ўся надзея – на маліну лясную. Але ж толькі калі туды патрапіць… Тата ўжо сёлета, праўда, назбіраў каля літра ў лесапарку. Але мне шкада зрабілася траціць яе на нарыхтоўкі… 🙂 З’елі свежай…

Усё ж такі, як і мая мамачка заўсёды лічыла, што з’елі ў ягадны сезон – тое наша. Так яно надзейней. Таму ў свята піражкоў з малінавым варэннем можна скарыстацца і старымі запасамі.

Паколькі ў малінавым варэнні шмат жалеза, яго варта выкарыстоўваць для прафілактыкі і лячэння анеміі. А для жанчын гэта проста неабходны прадукт, бо ўплывае на гарманальны фон, дапамагае наладзіць месячны цыкл і нават пазабаўляе ад болю падчас менструацый. А ў мужчын малінавае варэнне ўмацоўвае сасуды, абараняе ад ранніх інфарктаў і інсультаў.

Піражкі з малінавым варэннем. Карысць варэння.

Так што, па ўсім відаць, дзень піражкоў з малінавым варэннем – свята сямейнае. Але калі гатаваць іх не хочацца, можна проста набыць у краме. Калі пашанцуе, вядома ж… 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".