17.07.2018
17.07.2018

П'яўкі, практыкаванні, мёд. Як аднавіць зрок?

logo
Здароўе дарослых
0 17
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Паталогія зрокавага апарату распаўсюджваецца ўсё шырэй. Палова насельніцтва Зямлі будзе пакутаваць ад міяпіі да 2050 года згодна з даследаваннямі навукоўцаў з Універсітэта Новага Паўднёвага Уэльса (Аўстралія) і сінгапурскага вочнага даследчага інстытута. Не абыходзіць гэтая праблема і Беларусь.

Вікторыяй ВітПра прычыны хвароб вачэй, альтэрнатыўныя метады лячэння мы пагаварылі з урачом-афтальмолагам вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, загадчыцай афтальмалагічнага кансультатыўна-дыягнастычнага аддзялення 10-й гарадской клінічнай бальніцы г. Мінска Вікторыяй Віт.

Чаму ў людзей пагаршаецца зрок?

Сутнасць усіх гэтых праблем – фізіка. Вока – гэта аптычная сістэма, яно працуе як фотаапарат. Каб мы ўбачылі карцінку, яна павінна дакладна сфакусіравацца на сятчатцы – задняй сценцы вока. Для гэтага прамяні святла пераламляюцца праз крышталік – празрыстае цела, падобнае да лінзы, якое размешчана ўнутры вочнага яблыка насупраць зрэнкі. Але часам вока факусіруе партрэт не на сятчатцы, а перад ёй або за. Тады чалавек бачыць размыта.

Чаму так адбываецца? Калі гаворка пра блізарукасць, то ўсё з-за падаўжэння вока па восі – гэта значыць у даўжыню (навуковай мовай гэта называецца восевая блізарукасць). Прасцей кажучы, вока больш, чым трэба, на некалькі міліметраў. Сятчатка як быццам бы адсоўваецца, але крышталік «настроены» на яе мінулае становішча. Прычын гэтаму можа быць шмат: пачынаючы ад нейкіх прыроджаных момантаў і заканчваючы пастаяннай працай на блізкай адлегласці.

І як аднавіць зрок?

Вярнуць вока ў першапачатковы стан не атрымаецца – вырасла і ўсё тут. Гэта працуе як з ростам чалавека: шкілет можа выцягнуцца да 2 метраў і пры ўсім жаданні яго ніяк не сціснеш да 1,8 метра. Вось так і з вачамі. Але гэта не падстава хвалявацца.

Размытую карцінку можна і трэба карэктаваць акулярамі, лінзамі, рэфракцыйнай аперацыяй.

У краінах Азіі блізарукасць наогул лічаць адаптыўным варыянтам развіцця вока. Мы ж больш не бегаем за мамантам з дзідай, удалячынь глядзім мала, працуем часцей за ўсё на блізкай адлегласці. Так што чалавеку для выжывання больш не трэба бачыць далёка, з пункту гледжання эвалюцыі такія змены апраўданыя.

Айчынная медыцына лічыць блізарукасць слабой ступені, то бок да 3-х дыёптрый, без ускладненняў на сятчатцы, біялагічным варыянтам нормы.

Ці ёсць сэнс у рэцэптах альтэрнатыўнай медыцыны?

У маёй практыцы людзі зноў пачыналі бачыць толькі дзякуючы традыцыйным метадам. Пасля хірургічнага лячэння, дзякуючы выкарыстанню акуляраў або лінзаў. Я не ведаю ні аднаго чалавека, у якога зрок аднавіўся б сам, з прычыны нейкіх там практыкаванняў, кропель у вочы, вітамінаў ці іншых маніпуляцый з вачыма.

У саміх практыкаваннях і вітамінах, безумоўна, няма нічога дрэннага. Банальнае «направа, налева, уверх, уніз», якое робяць нават дзеці ў пачатковай школе, сапраўды трэніруе вочныя цягліцы, спрыяе іх паслабленню. Але гэта толькі прафілактыка праблем са зрокам, яна іх не вырашае.

А ёсць метады, якія могуць толькі нашкодзіць. Адзін тэарэтык, напрыклад, раіць глядзець як заходзіла сонца. А гэта можа мець вельмі сур'ёзныя наступствы - можна пашкодзіць сятчатку. Шмат хто ў дзяцінстве прапускаў сонечныя прамяні праз лупу і выпальваў па дрэве. Тое ж самае можа адбывацца ўнутры вока. Крышталік – гэта ж таксама лінза, як і павелічальнае шкло. Калі глядзець прама на сонца, яно выпальвае ў цэнтральнай зоне сятчаткі пігментны эпітэлій. З'яўляецца дэфект. І чалавек бачыць цёмную пляму. Гэта называецца салярная макулапатыя. Таму, напрыклад, нельга глядзець на зацьменне без абароны.

Калі я яшчэ была ў ардынатуры, у мяне быў пацыент, які настойваў дажджавых чарвякоў і капаў іх сабе вочы. З-за гэтага растварыліся звязкі, якія трымаюць крышталік, і ён упаў на вочнае дно. Давялося рабіць аперацыю, з вялікай цяжкасцю атрымалася захаваць зрок. Але няўжо гэты чалавек не мог капаць звычайныя кроплі ад катаракты?

Колькасць людзей, якая ў нас тут кожны дзень мільгае, кажа пра тое, што не ўсё ідэальна ў гэтых парамедыцынскіх спосабах лячэння. Акуляры, кантактныя лінзы, рэфракцыйная аперацыя паўсталі не на пустым месцы. Калі б альтэрнатыўная медыцына была б такая эфектыўная, як сябе пазіцыянуе, то ўвесь свет хадзіў бы зняўшы акуляры і спакойна гледзячы ўдалячынь. Але такога ж не адбываецца. Колькасць вучняў з дрэнным зрокам штогод расце. І нават урачы носяць акуляры. А яны ўсё ведаюць пра тое, як можна дапамагчы сабе.

Што з альтэрнатыўных метадаў аднаўлення зроку вы б дазволілі выкарыстоўваць сваім пацыентам?

У першую чаргу практыкаванні для вочных цягліц, метады для зніжэння напружання вачэй. Мы ўсім раім стабілізаваць зрокавы рэжым: 20 хв папрацаваў, 15 хв адпачыў, удалячынь паглядзеў. Воку цяжка працаваць пастаянна на блізкай адлегласці. Так ён увесь час павінен змяняць крывізну крышталіка, каб бачыць зблізку. У цягліц, якія робяць гэта, рана ці позна надыходзіць спазм, і блізарукасць можа пагоршыцца.

Яшчэ можна выкарыстоўваць традыцыйную ігларэфлексатэрапію. Дапушчальна лячэнне пры дапамозе п'явак (гірудатэрапія). Традыцыйная медыцына прызнае ўсе гэтыя аспекты лячэння.

Але не трэба займацца глупствам, чытаючы парады ў газеце «Народный доктор» ... Ну, мёдам яшчэ можна лячыцца, і то пры адсутнасці цукровага дыябету. Яго ў пэўных развядзеннях можна капаць у вочы. Усё.

Ці можна пазбегнуць развіцця блізарукасці?

Лічыцца, што так, калі вельмі моцна пастарацца. Але я ў гэтым плане абсалютны фаталіст. Я прытрымліваюся думкі, што калі павінна сапсавацца, то нічога не зробіш. Можна рабіць практыкаванні, сачыць за глядзельнымі нагрузкамі, трэніраваць вочы з аптычным шклом, як гэта прапісваюць у дзіцячых паліклініках. Але калі вока вырасла да 27 мм, або ёсць нейкая паталогія злучальнай тканкі, то блізарукасць прыйдзецца прыняць як дадзенасць.

Але працэс пагаршэння можна стабілізаваць. У свеце цяпер актыўна развіваецца артакераталогія. Методыка заснавана на тым, што на ноч чалавек апранае спецыяльныя кантактныя лінзы. Адбываецца ўздзеянне на пярэднюю лінзу, рагавіцу вока. Дзякуючы гэтаму зрок не падае кардынальна.

Ці сапраўды, маючы дрэнны зрок, чалавек рызыкуе пры моцных нагрузках страціць яго зусім?

Так бы мовіць – гэта моцна аддаляецца ад ісціны. Вока нагадвае фотаапарат, і «стужкай» для яго з'яўляецца сятчатка вока. Калі яна слабая, то праблемы могуць узнікнуць нават пры ідэальным зроку. Напрыклад, чалавек чхне неакуратна – і яна адпластуецца, бяда.

Бывае і зваротная сітуацыя, калі зрок дрэнны, але сятчатка здаровая. Тады рызыка ўскладненняў пры нагрузках мінімальная. Існуюць спецыяльныя метады даследавання, якія вывучаюць менавіта сятчатку і яе перыферыю. І ўжо ў залежнасці ад гэтага мы, урачы, можам казаць пра нейкія абмежаванні.

На самай справе блізарукасць і дальназоркасць не такія страшныя, як іх малююць. Вядома, ёсць цяжкія, прагрэсуючыя выпадкі, якія праходзяць з ускладненнямі збоку сятчаткі, адслоечнай хваробай – гэта ўжо іншая гісторыя. Але тут усё залежыць ад канкрэтнага выпадку.

Калі чалавек проста бачыць размыта і больш ніякіх праблем няма – гэта хутчэй анамалія рэфракцыі, чым хвароба. Адзінае пытанне, наколькі гэта ўплывае на якасць жыцця. Але пра гэта кожны чалавек з дрэнным зрокам сам добра ведае.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 17

Студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ
Глядзіце таксама