21.07.2020
21.07.2020

Піжма – ад глістоў, падбел – ад аблысення: чым лячыліся нашыя продкі

logo
Здароўе дарослых
0 194
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

З 7 чэрвеня па 7 ліпеня нашыя продкі хадзілі па лясах, палях і збіралі лячэбныя травы (зёлкі), каб забяспечыць сябе лекамі на наступны год. Лічылася, што найбольшай сілай яны валодаюць менавіта ў дні летняга сонцастаяння. Але ёсць яшчэ шмат святаў у ліпені, якія падказваюць, калі зёлкі збіраць можна. А збіралі даўней не толькі травы і ягады, але і дзіўныя часткі дрэў з адтулінамі, якія нагадваюць вока, – для зняцця сурокаў.

Як лячыліся нашыя бабулі і дзядулі, журналісту Слушна распавёў дырэктар унікальнага музея СШ №3 г. Міёры, што на Віцебшчыне, краязнаўца Вітольд Ермалёнак.

«Лячэбныя» абярэгі

 
Вітольд Ермалёнак
Дырэктар музея СШ №3 г.Міёры, краязнаўца
У нашым музеі «Сялянская хата» знаходзіцца драўляная рэч у выглядзе кола з кораня сасны. Яе перадала ў музей Барбара Ермалёнак, 1925 года нараджэння, з вёскі Жэймяны Браслаўскага раёна. Паводле яе аповеду, гэты прадмет выкарыстоўваў яе бацька, Адам Крумін, для зняцця сурокаў з жывёлы. Праз адтуліну ў корані лілі на жывёлу замоўленую або асвечаную на Вялікдзень ваду. Па ўспамінах жыхароў, таксама падобныя прадметы выкарыстоўвалі для зняцця сурокаў і з людзей: лілі звычайную ваду праз гэты прадмет на клямку дзвярэй і казалі замову: «Як вада сцякае, так і порча хай сцякае». Потым гэтай вадой змывалі чалавека, якога сурочылі. У нашым музеі тры такія прадметы, у тым ліку ў выглядзе двух цесна сплеценых паміж сабою каранёў сасны. Па звестках Алесі Пацеенак, якая перадала гэтую рэч, праз сплецены корань лілі ваду на хворую жывёлу або чалавека і казалі замову.

ТОП-17 гаючых траў

 У этнаграфічным музеі сабраная вялікая калекцыя раслін, якія выкарыстоўваліся для лячэння.

СвятаяннікСвятаяннік

— На Беларусі святаяннікам называюць «зверобой». Лекары мінулага сцвярджалі, што зёлка лечыць «ад 99 хваробаў». Яго заварваюць і п’юць пры страўнікава-кішэчнах захворваннях, хваробах печані, крыві, скуры.

Чарніцы

Чарніцы

Зараз якраз сезон чарніц. Нашы продкі нарыхтоўвалі іх цэлымі бочкамі. Чаму?

— Іх ужывалі пры хваробах страўніка, кішэчніка і пры паносах. Вялікая эфектыўнасць ад прыёму свежых ягад чарніц пры падагры, рэўматызме, пры парушаным абмене рэчываў.

 

Брусніцы

Брусніцы

— Брусніцы нашыя продкі выкарыстоўвалі пры катары страўніка з недастатковай страўнікавай кіслотнасцю, пры паносах, рэўматызме, падагры.

 

Журавіны

Журавіны

— 25% нашага раёна займаюць балоты, дзе растуць гэтыя ягады. У народнай медыцыне журавіны ўжываюць пры гіпертаніі і паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку. Ягады дзейнічаюць вельмі мачагонна і, як лічаць, без шкоды для нырак, нават пры вялікіх дозах. Нашыя продкі на зіму проста залівалі ягады вадой у цэбрах, і на працягу амаль 10 месяцаў яны былі як свежыя.

Падбел

Падбел

— Продкі скарыстоўвалі лісце падбелу разам з кветкамі пры кашлі, бранхіце, адсутнасці апетыту. Здробненае свежае лісце дапамагае пры запаленні венаў ног. Сумессю лісця падбелу і крапівы мыюць галаву пры выпадзенні валасоў.

 

Дзівасіл

Дзівасіл

— У народзе лічаць, што «дзевяць чароўных сіл» расліны паляпшаюць стан здароўя пры многіх захворваннях. 3 даўніх часоў дзівасіл вядомы як сродак лячэння ліхаманкі, запалення верхніх дыхальных шляхоў, ужываецца для паляпшэння стрававання і абмену рэчываў. Настой з дзівасілу засцерагае ад гастрыту, язвы.

Скрыпень

— Скрыпень здаўна ўжываюць у якасці заспакаяльнага сродку, як валяр'яну, пры гастрыце з падвышанай кіслотнасцю, язвавай хваробе. Парашком з лісця пасыпаюць абмарожаныя месцы. Расліну таксама ўжываюць у ежу (маладыя каранёвыя парасткі адварваюць).

Чыстацел

Чыстацел

— У Беларусі яго яшчэ называюць «падтыннік», ці «ластаўчына трава». Чыстацел выкарыстоўвалі для лячэння мазалёў, захворванняў скуры, печані. Падтыннік яшчэ называюць бародаўнікам, жоўтамалочнікам, рудзянцом, бо сокам гэтай расліны з поспехам выводзяць бародаўкі, мазалі, лечаць пухліны.

БяссмертнікБяссмертнік

— Бяссмертнік, цмен, або сухацвет. Народныя назвы гэтай зёлкі – кацялапкі, сухазелле. Цмен дапамагае пры неўралгіі, захворваннях печані, нырак.

крапіваКрапіва

— Крапіву спрадвеку нашыя продкі шанавалі, бо часта яна ратавала ад смерці. Калі вясною сялянам не хапала хлеба, дык крапіва з лебядою ўжываліся ў ежу. Пасля зімы жыгучка дапамагала ад авітамінозу. Гэтая зёлка павялічвае колькасць гемаглабіну пры лячэнні малакроўя, добра загойвае раны.

Разак

— Ёсць у музеі трава «крываўнік» (руск. «тысячелистник»). У нашых мясцінах за ёй замацавалася назва «серпарэз», або «парэзнік». Яе назвалі так таму, што жанчыны, якія жалі жыта сярпом, часта мелі парэзы. Менавіта серпарэз хутка спыняў кроў і загойваў раны.

ЧаборЧабор

— Чабор ратуе ад кашлю, лечыць бранхіт і іншыя прастудныя захворванні. Карысная расліна пры захворваннях суставаў, мышцаў, нервовай сістэмы.

палын

Палын

— Трава расліны лічылася вельмі гаючай і ўжывалася пры захворваннях нырак, як супрацьяддзе пры атручваннях. Гэтай травой лечаць пры захворваннях суставаў, бранхіяльнай астме, язве страўніка, выкарыстоўваюць для ўмацавання валасоў.

 

рамонак

Рамонак

— Рамонкі валодаюць супрацьзапаленчым, супрацьалергічным дзеяннем. Каб надаць валасам залацістае адценне, пры мыцці нашыя продкі заўсёды выкарыстоўвалі рамонкі.

ТрыпутнікТрыпутнік

— Трыпутнікам падарожнікі абкладвалі ногі, падэшвы, каб суняць стомленасць, залячыць мазалі і раны. У мінулыя часы чароўныя ўласцівасці зёлкі скарыстоўвалі пры захворваннях лёгкіх, страўніка, вачэй і вушэй. Увесну пры авітамінозе маладыя лісточкі трыпутніку можна дадаваць у салаты.

верас

Верас

— Вялікую карысць для здароўя мае не толькі верасовы мёд, але і сам верас. Яго ўжываюць пры бяссонніцы ды іншых нервовых захворваннях. Лечаць верасам печань, ныркі, а яшчэ заварваюць траву і п'юць, як чай.

піжма

Піжма

— Піжма з моцным камфорным пахам. Напой з яе кветак (20 г на 1 л вады) прымаюць у народзе пры болю ў страўніку, пры паносах, як гарачкапаніжальны, патагонны сродак і той, што добра ўплывае на кішэчнік. Магчыма, што піжма ў шэрагу выпадкаў дзейнічае, дзякуючы ўтрыманню ў ёй горкіх рэчываў. Аднак ужываюць расліну галоўным чынам як глістагонны сродак супраць аскарыдаў, а таксама як сродак супраць блыхі, мухі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 194

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).
Глядзіце таксама