18 Лістапада
18.11.2020

Пляма перад вачыма і скрыўленне выявы? Магчыма, гэта ўзроставая макуладыстрафія

logo
Трывожны сімптом
0 0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Адной з распаўсюджаных прычынаў пагаршэння і нават страты цэнтральнага зроку ва ўзросце, старэйшым за 50 гадоў, з'яўляецца ўзроставая макуладыстрафія. Пры яе развіцці пашкоджваецца цэнтральная зона сятчаткі, якая патрэбная нам, каб выразна бачыць.

Узроставая макуладыстрафія. У групе рызыкі – людзі за 50.

Людзі з дыягназам «узроставая макуладыстрафія» не бачаць прадметы перад сабой. Гэта значна пагаршае іх паўсядзённае жыццё. Яны не могуць глядзець тэлевізар, вадзіць машыну, маюць цяжкасці з пазнаваннем твараў. Сумна тое, што калі ў чалавека ўпершыню з'яўляецца плямка перад вачыма, захворванне сятчаткі ўжо ў разгары. І нічога нельга выправіць – можна толькі паспрабаваць запаволіць працэс страты зроку.

Чаму знікае зрок пры ўзроставай макуладыстрафіі? Як жыць і што прадпрымаць для таго, каб захаваць свой зрок і паўнавартасна бачыць свет пасля 50 гадоў? На гэтыя ды іншыя пытанні журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі адказала афтальмахірург Алена Ліхарад.

Што павінна насцярожыць

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
З'яўленне плямы альбо скажэнняў перад вокам, якія не праходзяць і не знікаюць, нават калі пераводзіць позірк (яна будзе на тым жа месцы ў цэнтральнай частцы). Часам людзі скардзяцца, што глядзяць на лініі, а яны няроўныя. Ці чытаюць кнігу, а літары скажоныя. Усё гэта можа быць прыкметай паражэння цэнтральнай зоны сятчаткі.

Узроставая макуладыстрафія. Бачыць лініі скажонымі.

На жаль, вельмі часта людзі доўгі час не заўважаюць ніякіх пагаршэнняў зроку, пакуль хвароба не закране другое вока (яна заўсёды рана ці позна пашкоджвае іх абодва). Гэта звязана з феноменам «вядучага вока», калі да пары да часу вока з захаваным зрокам кампенсуе паталогію іншага. З-за гэтага нярэдка ўзроставая макуладыстрафія робіцца выпадковай знаходкай на аглядзе ў афтальмолага.

Ёсць дзве формы ўзроставай макуладыстрафіі – сухая і вільготная.

Сухая форма ўзроставай макуладыстрафіі

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
Сухая форма часта пачынаецца бессімптомна і можа заставацца такой доўгія гады. Чалавек можа наогул не заўважаць ніякіх зменаў зроку. Гэта ўбачыць толькі афтальмолаг пры аглядзе: на вочным дне ў цэнтральнай зоне з'яўляюцца невялікія ўтварэнні, так званыя друзы. Друзы – адклады ліпідаў і бялкоў, якія фарміруюцца ў сятчатцы. Іх з'яўленне абавязкова павінна насцярожыць вашага ўрача. Неабходна прызначыць прафілактычнае лячэнне для таго, каб паспрабаваць спыніць прагрэсіі, а таксама вызначыць, як часта трэба з'яўляцца на аглядах у доктара. Бо ў горшым выпадку развіцця падзей сухая форма можа прагрэсаваць ажно да развіцця поўнай атрафіі большай часткі цэнтральнай зоны сятчаткі. Сятчатка ў гэтай зоне робіцца тонкай і не можа функцыянаваць. На жаль, лячэння гэтага віду атрафіі няма.

Узроставая макуладыстрафія. Сухая форма.

Пры сухой форме ўзроставай макуладыстрафіі можа зніжацца каляровы зрок, з'яўляцца каламутная шэрая пляма перад вачыма. Прычына гэтага – разбурэнне святлоадчувальных клетак у макуле. Чалавеку робіцца складаней пазнаваць твары (яны быццам расплываюцца), патрабуецца больш асвятлення для выканання паўсядзённых задачаў. З часам пляма можа павялічвацца ў памерах і цямнець.

Сухая форма ўзроставай макуладыстрафіі ў большасці людзей можа працякаць стабільна доўгія гады. Аднак у кожнага 10-га пацыента яна можа пераходзіць у больш цяжкую, так званую вільготную форму.

Вільготная форма ўзроставай макуладыстрафіі

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
Для вільготнай формы макуладыстрафіі характэрная хуткая страта зроку ў цэнтральнай зоне. У некаторых выпадках значнае зніжэнне вастрыні зроку можа адбыцца нават на працягу некалькіх тыдняў ці месяцаў.

Пры вільготнай форме макуладыстрафіі сасуды ў сілу розных прычынаў пачынаюць прапускаць вадкую частку крыві. Гэта спрыяе развіццю ацёку сятчаткі, які прыводзіць да гібелі фотарэцэптараў (асноўны ўчастак сятчаткі, які ўспрымае інфармацыю).

Узроставая макуладыстрафія. Вільготная форма

Гэта найбольш агрэсіўная і сур'ёзная форма. Калі своечасова не пачаць лячэнне вільготнай формы макуладыстрафіі, могуць адбыцца кровазліцці ў воку, якія стануцца прычынай утварэння рубцовай тканкі ў цэнтральнай зоне сятчаткі, што вядзе да незваротнай страты зроку.

Суб'ектыўна вільготная форма часцей пачынаецца са скрыўлення прамых ліній. Да такога эфекту прыводзіць вадкасць, якая працякае з сасудаў і прыўздымае макулу (яна размешчаная ў цэнтральнай частцы святлоадчувальнага слоя сятчаткі), тым самым скажаючы малюнак.

Абедзве формы ўзроставай макуладыстрафіі не выклікаюць ніякіх болевых адчуванняў.

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
Нягледзячы на тое, што захворванне ў большасці выпадкаў развіваецца ва ўзросце 50-60 гадоў і старэйшым, можна сказаць, што хвароба «маладзее». Адна з прычынаў гэтага – ранняе з'яўленне захворванняў, звязаных з парушэннем абмену рэчываў (цукровы дыябет, атэрасклероз і інш.). Дадатковы негатыўны фактар – курэнне. Даказана, што курэнне паскарае прагрэсію захворвання. Таму ідэальным варыянтам з'яўляецца адмова ад яго. Пры немагчымасці кінуць паліць цалкам рэкамендуецца знізіць колькасць цыгарэт і пры гэтым прымаць антыаксіданты.

Узроставая макуладыстрафія. Курэнне – дадатковая рызыка.

Хто больш схільны да захворвання

Захварэць могуць і мужчыны, і жанчыны. Асабліва пагаршаюць сітуацыю шкодныя звычкі, а таксама паталогіі, якія спрыяюць пашкоджанню сасудаў (напрыклад, артэрыяльная гіпертэнзія і цукровы дыябет, атэрасклероз).

Як не прапусціць хваробу

Знешніх сімптомаў ва ўзроставай макуладыстрафіі няма. Менавіта таму заўважыць, што хвароба развіваецца, асабліва на пачатковым этапе, можа толькі афтальмолаг. Бываюць выпадкі, калі ў чалавека выдатны зрок, няма скаргаў, а змены ўжо закранулі сятчатку. Без адэкватнай тэрапіі плошча пашкоджання з цягам часу робіцца ўсё больш значнай.

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
Бывае складана пераканаць чалавека ў неабходнасці лячэння, калі яго нічога не турбуе. Бо калі з'явяцца скаргі і відавочныя прыкметы захворвання, атрымаць станоўчы вынік ад тэрапіі будзе значна складаней.

Часам пацыенты, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, асабліва людзі ва ўзросце, першыя прыкметы ўзроставай макуладыстрафіі спісваюць на ўскладненне павышэння артэрыяльнага ціску.

Узроставая макуладыстрафія. Калі не трэба спісваць на артэрыяльны ціск.

 
Алена Ліхарад
Афтальмахірург
Узроставая макуладыстрафія – хранічнае захворванне. І як усе падобныя паталогіі, можа прагрэсаваць на фоне дэкампенсацыі агульных хранічных захворванняў, у тым ліку хваробаў з парушэннем абмену рэчываў (цукровы дыябет). Трэба лячыць увесь арганізм. Чым здаравейшыя сасуды, тым павольней прагрэсуе захворванне альбо не прагрэсуе наогул. Таму лячэнне ўзроставай макуладыстрафіі неабходна праводзіць сумесна з тэрапеўтам, кардыёлагам і эндакрынолагам.

КОЖНЫ ЧАЛАВЕК ПАСЛЯ 40 ГАДОЎ ПАВІНЕН УЗЯЦЬ САБЕ ЗА ПРАВІЛА РАЗ НА ГОД НАВЕДВАЦЬ АФТАЛЬМОЛАГА.

Своечасовае выяўленне захворвання і ранні пачатак лячэння – залог поспеху тэрапіі. Сятчатка – нервовая тканка з вельмі тонкай структурнай арганізацыяй. А тое, што складана арганізаванае, цяжэй паддаецца аднаўленню, падкрэслівае спецыяліст.

Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

BY/OPHT/11.2020/pdf/ 100478

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 29

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама