11.01.2024
11.01.2024

Па лёдзе і па сумётах: ці варта адмаўляцца ад бегавых трэніровак зімой?

logo
Здаровы лад жыцця
0 15
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як перавесці прабежкі ў зімовы рэжым? Як гатовіцца да зімовай прабежкі? Калі нездаровіцца: бегчы ці не бегчы? Ці трэба зімоваму бегуну мяняць свой рацыён?

Слушна спыталі ў старшыні грамадскага аб'яднання «Спартыўны клуб Run4Fun» і кіраўніка школы бегу Run4Fun Аляксея Чамаданава.

Як бегаць зімой на вуліцы?

Зімовы бег

Барацьба з сумненнямі і падрыхтоўка

Калі ў вас ужо ёсць летняя праграма трэніровак, то можаце прытрымлівацца яе і з надыходам зімы. Усё залежыць ад мэтаў, што вы ставіце перад сабой. Таму для пачатку вызначыце, для чаго бегаеце.

«Вы хочаце схуднець? Хочаце рабіць зарадку? Альбо прабегчы дыстанцыю? Пяць, дзесяць кіламетраў, паўмарафон, марафон? Толькі пасля гэтага можна казаць пра праграму трэніровак», – сцвярджае Аляксей.

А што рабіць пачаткоўцам, якія так доўга адкладалі пачатак прабежак і ў выніку дачакаліся зімы? Можа, лепш не трэба выганяць сябе на мароз?

«Калі вы вырашылі пачаць бегаць, то бярыце красоўкі – і наперад. Лепш не адкладаць свае пачынанні на панядзелак ці вясну. Ваша жаданне проста можа загаснуць. Але калі пачнеце, то да вясны станеце ўжо падрыхтаваным аматарам бегу і, можа, нават паўдзельнічаеце ў якіх-небудзь спаборніцтвах,раіць Аляксей.

Я рэкамендую вызначыць мэтавы забег. Гэта будзе вас больш матываваць. Бязмэтавыя прабежкі звычайна хутка заканчваюцца, таму што ў вас з'яўляюцца іншыя планы, што перашкаджаюць засяродзіцца на сваім здароўі».

Час для прабежак

Тут усё залежыць ад распарадку вашага працоўнага дня.

«Я аддаю перавагу бегу раніцай, далей займаюся астатнімі справамі. Але наогул, камфортней бегаць увечары, калі лепш успрымальнасць да нагрузак, паколькі арганізм у большым тонусе»,рэкамендуе эксперт.

Касцюм для зімовай прабежкі

Касцюм і абутак для зімовай прабежкі

«Для трэніровак на вуліцы зімой неабходна балоневая куртка з сучасных тэхналагічных матэрыялаў. У ёй павінны быць паветраадводы. Таксама патрэбны ўцепленыя легінсы. Некаторыя аддаюць перавагу тэрмабялізне. Яна на самай справе больш функцыянальная. Але, як правіла, людзі адштурхоўваюцца ад бюджэту. Зараз выбар экіпіроўкі вельмі вялікі»,кажа Аляксей.

Важная дэталь у гардэробе зімовага бегуна – галаўны ўбор. Пры тэмпературы да -5°С падыдзе баф.

«Гэта такая тонкая тканкавая рэч у форме доўгай трубы, з якой можна зрабіць шалік, шапку, павязку, – тлумачыць эксперт. – Ёсць таксама павязкі лягчэйшыя і цяплейшыя. І, нарэшце, шапкі. Рэкамендую браць сінтэтычныя, таму што яны не назапашваюць вільгаць. Некаторыя вытворцы нават робяць прарэз для коскі, што вельмі зручна для дзяўчат ... і хлопцаў з коскамі».

Абутак для зімовай прабежкі

Не эканомце на нагах, заклікае Аляксей, прапаноўваючы набываць фірмовы бегавы абутак:

«І не эканомце, таму што нават у вядучых вытворцаў ёсць бюджэтныя мадэлі, якія не праслужаць доўга і тым самым сапсуюць уражанні пра марку. Больш дарагія мадэлі зручнейшыя і служаць даўжэй».

Як і куды бегчы?

Нарэшце, вы ў поўнай амуніцыі стаіце і разважаеце, у які бок лепш бегчы. Паслухаем гарадскога бягуна са стажам.

«Узімку, як і ўлетку, лепш бегаць у парках. Пажадана па грунтавым пакрыцці. Але цяпер у вялікіх гарадах ёсць крытыя манежы. Акрамя таго, з'яўляюцца школы бегу, да якіх можна далучыцца за пэўную плату, і тады вы хутка знойдзеце не толькі месца для трэніровак, але і аднадумцаў»,раіць Аляксей.

Але перш чым пачаць бег, варта добранька размяцца.

«Размінацца трэба аднолькава добра і летам, і зімой. Хіба што ўзімку дадаць інтэнсіўнасці. Размінку рэкамендуюць рабіць зверху ўніз. Спачатку размінаем шыйныя пазванкі кругавымі рухамі, затым – плечавы пояс, паяснічны аддзел, потым ідуць выпады, нахілы цела ўніз»,апісвае эксперт і прапануе ўзгадаць школьныя ўрокі фізкультуры, на якіх вас дакладна вучылі размінацца.

цёплы напой

Абавязкова вазьміце з сабой на трэніроўку цёплы напой

Падчас бегу вы пацееце, губляючы патрэбную арганізму ваду. У выніку пачынае мучыць смага.

Гэта можа быць салодкі чай, лепш гарбата, можна ўзяць проста ваду. Зараз прадаюцца і так званыя ізатанічныя напоі, якія спрыяюць хуткаму аднаўленню арганізма. У любым выпадку, часцей за ўсё вы прыходзіце дадому і п'яце. Аднак, незалежна ад часу года, пасля трэніроўкі не варта ўжываць халодныя напоі.

Ці трэба зімоваму бегуну мяняць свой рацыён?

Пасля прабежкі, аднак, хочацца не толькі папіць, але і паесці.

«Мне здаецца, зімой нам усім хочацца больш мяса, бегуны – не выключэнне. Аднак не рэкамендую есці мяса перад трэніроўкай»,кажа Аляксей.

Калі нездаровіцца: бегчы ці не бегчы?

Ці можна бегаць, калі нос злёгку пацёк і ў горле «пакусвае»? Бо ў халодны час рызыка падчапіць прастуду большая.

«Калі вы злёгку прастуджаныя, дайце сабе дзень на аднаўленне. Лепш выдаткуйце ўсе сілы на больш хуткае выздараўленне»,рэкамендуе наш эксперт.

І напрыканцы: стаўце правільныя мэты ў жыцці і смялей да іх крочце! А калі трэба тэрмінова, то бяжыце!

 

Чытайце яшчэ:

Карысць прагулак на свежым паветры

9 прадуктаў, якія трэба есці пасля трэніроўкі

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 15

Глядзіце таксама