18.05.2019
18.05.2019

Чаму на языку белы налёт і пякучы боль у жываце?

logo
Адказваюць спецыялісты
2 036
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
На пытанні пра захворванні СКТ і метады абследавання працягваюць адказваць Алена Адаменка, дацэнт кафедры гастраэнтэралогіі і нутрыцыялогіі БелМАПА, кандыдат медыцынскіх навук, і Ірына Савановіч, галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг, дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук.

Паталагічны рэфлюкс

Чаму на языку пастаянна белы налёт, пасля прыёму ежы металічны прысмак у роце, сыходзяць крывёй дзясны? Чым гэта выклікана? Андрэй

Алена Адаменка: Названыя сімптомы могуць быць звязаныя з паталагічным рэфлюксам – регулярным закідам у стрававод кіслага змесціва страўніка, а таксама з паталогіямі поласці рота і насаглоткі. Неабходная кансультацыя оталарынголага, стаматолага і гастраэнтэролага.

Каля паўгода таму ў мяне з’явіўся пякучы боль у жываце злева пад рэбрамі. Каланаскапія паказала, што кішэчнік у норме. Вынікі ФГДС: мікозы стрававода 1 ступені, недастатковасць кардыё, эрытэматозная гастрапатыя. Біяпсія без паталогій, хелікабактэр не выяўлена. УГД органаў брушной поласці без паталогій, толькі паліп у жоўцевым пузыры. Лекі ад пачуцця палення не дапамагаюць. Зрабіла рэнтгенаскапію страўніка з барыем: кілы не выяўлена, але ў заключэнні напісана: гастра-эзафагальны рэфлюкс і дуадэнагастральны рэфлюкс. Калі слізістая на ФГДС не запалёная візуальна, адкуль гэта паленне? Якія яшчэ можна зрабіць абследаванні, каб выявіць прычыну? Наталля

Алена Адаменка: Апісаныя сімптомы могуць быць звязаныя з паталагічным рэфлюксам або эазінафільным эзафагітам. Таксама яны могуць быць справакаваныя стрэсавай сітуацыяй. Неабходна выканаць гастраскапію з біяпсіяй стрававода і рН-метрыю (вымярэнне кіслотнасці ў страваводзе).

Як адрозніць кашаль пры бранхіце і ВРВІ ад кашлю пры ГЭРБ (рэфлюксная хвароба)? Ці можа пацыент зрабіць гэта без дапамогі ўрача? Ці можа пры ГЭРБ знікнуць голас? Ці могуць паліпы ў страваводзе перарасці ў рак? Наталля

Алена Адаменка: Самастойна адрозніць кашаль пры бранхіце і ВРВІ ад кашлю пры ГЭРБ складана, тут неабходныя дадатковыя даследаванні і дапамога ўрача. Пры ГЭРБ голас можа знікаць, гэта так званая пазастрававодная праява ГЭРБ. Тэарэтычна паліпы могуць перарасці ў анкапаталогію, але рэдка, усё залежыць ад віду паліпа.

Чаму ў Беларусі вельмі рэдка робяць ФГДС пад медыкаментозным сном? Многія пакутуюць ад моцнага ванітавальнага рэфлексу.

Алена Адаменка: Ацэньваючы карысць і шкоду ад анестэзіі (дэзарыентацыя ў прасторы, галаўны боль, невялікае памутненне свядомасці, алергічная рэакцыя), большасць урачоў схіляюцца да думкі, што ФГДС лепш выконваць без наркозу. Пераноснасць анестэзіі залежыць ад розных фактараў: узросту, наяўнасці залежнасцяў, хранічных захворванняў, таму яе выкарыстоўваюць з асцярогай.

Летась рабіў каланаскапію, нічога не знайшлі, праўда, біяпсію не бралі. Зараз зноў млоснасць, пачуццё цяжару, жывот баліць з правага боку. Глытаў зонд, вынік: гастрыт, дуадэніт і рэфлюкс. Біяхімія, агульны аналіз – у норме, прыхаваная кроў – адмоўна, кальпратэктын – 78. Урач раіць рабіць зноў каланаскапію. Ці трэба яе паўтараць? Працэдура для мяне вельмі балючая.

Алена Адаменка: Калі ўрач настойвае, значыць, на тое ў яго ёсць аб’ектыўныя прычыны. Зараз правядзенне каланаскапіі магчымае і з анестэзіяй, у гэтым выпадку яна будзе без болю.

Хвароба Крона, гастрапатыя, бульбапатыя

Хлопчыку 6 гадоў, усе аналізы ў норме, але перыядычна з’яўляецца непрыемны пах з рота, падобны на мачу. Таксама часам турбуе жывот, пры націсканні з’яўляецца булькатанне, але не баліць. Зубы ўсе залечаныя, з ежай таксама пах не звязаны. Ці могуць гэта быць праблемы са страўнікам і як праверыць дзіця? Аксана

Ірына Савановіч: Калі пах з рота нагадвае ацэтон, дык неабходна праверыць узровень цукру ў крыві і мачы, а таксама ацэтону ў мачы.Пры парушэннях трэба пракансультавацца з педыятрам і эндакрынолагам.

Вынік аналізу ASCA Igg моцна перавышае норму. Ці гаворыць гэта на 100% пра наяўнасць хваробы Крона? Каланаскапія і іншыя аналізы ў норме. Як і дзе ў Беларусі дыягнаставаць тонкі кішэчнік для выключэння хваробы Крона? Раман

Ірына Савановіч і Алена Адаменка: Перавышэнне дадзенага аналізу не заўсёды кажа пра запаленчыя захворванні кішэчніка. Для выключэння хваробы Крона неабходны агляд гастраэнтэролага, з аналізам скаргаў, гісторыі захворвання, аб’ектыўным аглядам. Тонкі кішэчнік можа быць агледжаны пры дапамозе энтэраскапіі, капсульнай эндаскапіі, энтэраграфіі. Паказанні да іх вызначае ўрач. Энтэраскапія – гэта метад візуальнага абследавання тонкай кішкі пры дапамозе эндаскопа. Энтэраграфія мае на ўвазе выкарыстанне камп’ютарнай тамаграфіі і рэнтгенкантраснага рэчыва. Эндаскапічная капсула – прылада разавага ўжывання з убудаванай фотакамерай, пасля заглынання і выканання абследавання выходзіць з арганізма натуральным шляхам. Такія даследаванні можна прайсці ў клінічных бальніцах, рэспубліканскіх навукова-практычных цэнтрах (РНПЦ), медцэнтрах.

Пры эндаскапічным даследаванні ў заключэнні: эрытэматозная антральная гастрапатыя 2 ступені запалення. Эрытэматозная бульбапатыя 1 ступені. Часта баліць жывот і ванітавальныя пазывы. З чаго пачаць лячэнне і што яшчэ трэба праверыць?

Алена Адаменка: У гэтым выпадку для дыягностыкі захворвання і прыняцця рашэння аб лячэнні неабходна ведаць вынік гісталагічнага даследавання слізістай страўніка (біяпсіі). Паспрабуйце прыняць антацыд, магчыма, боль пройдзе.

Фота – Аксана Жураўлёва.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

2 0 36

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).