Так званая «падшыўка» ўяўляе з сябе сімбіёз псіхатэрапеўтычнага і медыкаментознага метадаў лячэння алкагалізму. Медыкаментозны складнік у тым, што пацыенту, які па шэрагу прычын не можа прымаць таблеткі дысульфірама (лекавы сродак, які ўжываецца для лячэння алкагалізму), прэпарат уводзіцца унутрывенна або ўнутрымышачна. Такім чынам, забяспечваецца пастаянная канцэнтрацыя рэчыва ў арганізме на пэўны прамежак часу. Псіхатэрапеўтычны складнік уключае гутарку з пацыентам непасрэдна перад працэдурай, падчас якой доктар папярэджвае пра наступствы ўжывання алкаголю пасля падшыўкі (яны тыя ж, што і пры прыёме дысульфірама ў таблетках, але праяўляюцца значна мацней з-за больш высокай канцэнтрацыі рэчыва пры падшыванні). Чалавек выразна ўсведамляе: калі будзе ўжываць алкаголь пасля працэдуры, можа застацца інвалідам або памерці. Усё залежыць ад таго, як яго арганізм зрэагуе на лекі.
Плюсы «падшыўкі»
- Калі чалавек сапраўды хацеў завязаць з алкаголем, але фізічна не мог пераадолець хімічную залежнасць, то пасля працэдуры ён адчувае маральнае задавальненне падобнае да шчасця ад таго, што лекі дапамаглі яму спыніцца, пачаць адлік цвярозага жыцця. Большасць пацыентаў адзначаюць поўную адсутнасць цягі да алкаголю пасля падшывання. Альбо цяга настолькі нязначная, што супрацьстаяць ёй няцяжка.
- У адрозненне ад прыёму дысульфірама ў таблетках, сітуацыю кантралюе не сам чалавек, а лекі. Адпаведна, больш шанцаў прадухіліць зрыў, калі раптам пацыент паддасца хвіліннай слабасці і не ўстоіць перад келіхам.
- Тэрмін дзеяння падшыўкі — да 12 месяцаў.
Мінусы «падшыўкі»
Метад працуе, таму што страх — даволі моцны аргумент для чалавека. Але не ўсемагутны. Тым больш у дачыненні да чалавека, залежнага ад алкаголю, які, па сутнасці, скіраваны на самаразбурэнне. Акрамя таго, прырода чалавечая (у дадзеным кантэксце, на жаль) такая, што любая забарона выклікае імкненне яе парушыць.
Супрацьпаказанні да правядзення працэдуры «падшыўкі»
Гэты метад катэгарычна не падыходзіць людзям з псіхічнымі захворваннямі, хваробамі сэрца, цукровым дыябетам і цяжарным жанчынам.
Мінімальны кошт падшыўкі ў Беларусі — 85 рублёў. Працэдура праводзіцца ў дзяржаўных спецыялізаваных клініках (наркалагічных дыспансерах) і прыватных медыцынскіх цэнтрах, якія маюць ліцэнзію Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь на адпаведную дзейнасць.
Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by