20.07.2018
20.07.2018

Надвор'е гарэза. Спецыялісты прааналізавалі ўмовы надвор'я ў Беларусі ў першым паўгоддзі бягучага года

logo
Навiны
0 11
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сёлета зіма ў Беларусі наступіла на паўтары месяцы пазней, а лета на 11 дзён раней. Да такіх высноў прыйшлі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыёактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя, прааналізаваўшы ўмовы надвор'я за першыя 6 месяцаў гэтага года.

Па словах спецыялістаў, сапраўдная зіма сёлета – з сярэднясутачнай тэмпературай ніжэй за 0⁰С – прыйшла толькі 8 студзеня. Устойлівае снежнае покрыва утварылася і таго пазней - толькі ў канцы месяца. Затое люты паказаў свой сапраўдны люты характар і апынуўся амаль на 2° C халаднейшым кліматычных нормаў. У перадапошні дзень зімы слупок тэрмометра ў Клічаве апусціўся да рэкордных – 30,4⁰С. У цэлым, такога халоднага лютага не было апошнія 25 гадоў, адзначыла Наталля Клявец.

Не песціў вясновым капяжом і сакавік. Чым увогуле не вельмі і здзівіў. Паводле слоў спецыяліста, такі непяшчотны сакавік бывае рэгулярна раз у 5 гадоў. Вясна, адпаведная кліматычным крытэрыям, прыйшла ў Беларусь толькі да пачатку красавіка – на 11 дзён пазней звычайнага тэрміну.

Затое адразу з анамальных тэмператур і рэкордных паказчыкаў. Так, сярэдняя тэмпература ў красавіку склала +10,5° C, што больш, чым на 3° C вышэй за кліматычную норму. Цяплейшы красавік быў хіба што ў 2000 годзе -– 10,9° C. Ужо да 29 красавіка сярэднесутачная тэмпература паўсюль перавысіла 14° C цяпла, што, па мерках кліматолагаў, азначае надыход лета.

А вось цяплей, чым у гэтым траўні, не было яшчэ ні разу за ўсю гісторыю метэаралагічных назіранняў. Рэкордны «плюс» у 31,3° C быў зафіксаваны ў Брэсце 30 мая. У цэлым сярэднесутачная тэмпература ў краіне перавысіла норму на 3,5° C і склала 16,7° C цяпла. Такая ж тэндэнцыя захавалася і ў першы месяц лета.

Наколькі гарачымі апынуліся абдымкі мая-чэрвеня, настолькі і задушлівымі. Вільготнасць паветра ў гэтыя месяцы перыядычна не перавышала 20%. Рэдкія дажджы не песцілі прахалодай. Пашанцавала толькі жыхарам Магілёўскай вобласці – там выпала 96% месячнай нормы ападкаў (параўнайце: у сярэднім па краіне толькі 49 %).

Затое доўгачаканыя дажджы прыпусцілі адразу з месца ў кар'ер. Ліўні і навальніцы, якія прынеслі канец чэрвеня – пачатак ліпеня, нярэдка дасягалі крытэрыя небяспечных з'яў. Толькі за першыя 10 дзён ліпеня ў сярэднім у Беларусі выпала больш за 70 мл ападкаў (173% (!) ад месячнай кліматычнай нормы).

Па словах сіноптыкаў Белгідрамета, вінаватым дажджоў на гэтым тыдні з'яўляецца маларухомы паўднёвы цыклон, цэнтр якога абгрунтаваўся над паўночным-усходам Украіны. Пад яго ўплывам Беларусь застанецца да канца гэтага тыдня, а значыць, нас чакае па-ранейшаму няўстойлівае, але па-летняму цёплае надвор'е. Найбольш высокая верагоднасць дажджоў днём і ўвечары. Тэмпература ўначы будзе вагацца ў межах 11-18° C, днём – 22-28° C.

Магчыма, вас пацешыць той факт, што, па сцвярджэннях кліматолагаў, такое надвор'е з праліўнымі дажджамі і высокай тэмпературай паветра характэрнае для чарнаморскага ўзбярэжжа.

Да таго ж сіноптыкі абяцаюць, што ў пачатку наступнага тыдня дажджоў павінна стаць менш.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 11

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».