22.03.2021
22.03.2021

Масачны сіндром сухога вока

logo
Хваробы ад А да Я
0 52
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Праз год пасля пачатку пандэміі новай каранавіруснай інфекцыі ў наша жыццё трывала ўвайшло яшчэ адно паняцце – посткавідны сіндром. Гэты стан характарызуецца тым, што пасля акрыяння, пацверджанага лабараторнымі аналізамі, чалавек даволі доўга можа працягваць адчуваць сімптомы нядужання. Нездарма посткавідны сіндром яшчэ называюць зацяжным кавідам.

Сіндром сухога вока. Прычына – посткавідны сіндром.

Па дадзеных розных крыніц, такі стан назіраецца ў 20-40% пацыентаў пасля перанесенай інфекцыі. Прычым развіццё посткавіднага сіндрому не звязанае з цяжарам цячэння самой інфекцыі, г.зн., ён можа быць нават у тых, у каго сама хвароба працякала без выяўленых клінічных праяў.

Часцей за ўсё ў посткавідным перыядзе адзначаюцца рэспіраторныя праявы: боль у грудзіне, задышка, кашаль. Нярэдка пацыенты скардзяцца на слабасць, хранічную стомленасць, нестабільнасць тэмпературы цела (часта яна паніжаная), бяссонніцу ці, наадварот, павышаную санлівасць, на псіхаэмацыянальныя парушэнні: трывожнасць, дэпрэсію... Частка людзей, якія перанеслі COVID-19, выяўляюць непрыемныя сімптомы з боку органаў зроку – вачэй.

Якімі афтальмалагічнымі праявамі характарызуецца посткавідны сіндром? Што рабіць, калі на фоне каранавіруснай інфекцыі пагоршыўся зрок? Як нашэнне масак можа справакаваць сіндром сухога вока? Ці можна насіць лінзы падчас хваробы і ў перыяд аднаўлення? На гэтыя і многія іншыя пытанні адказала афтальмолаг вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі аддзялення мікрахірургіі вока Рэспубліканскага афтальмалагічнага цэнтра на базе 10-й гарадской клінічнай бальніцы г.Мінска Аміна Хаддад.

З якімі афтальмалагічнымі праблемамі можа сутыкнуцца чалавек у посткавідным перыядзе?

Для посткавіднага сіндрому з боку вачэй характэрныя:

  • Пашкоджанне эпітэлію рагавіцы
  • Розныя кан'юктывіты
  • Кератыты
  • Парушэнне слёзнай плёнкі (сіндром сухога вока)
  • Страта вастрыні зроку
  • Страта выразнасці адлюстравання
  • З'яўленне цёмных кругоў ці плямаў перад вачыма, лётанне «мошак».

Гэта больш неўралагічная сімптаматыка, паколькі вірус пашкоджвае нервовыя канчаткі. Пры гэтым парушаецца цэласнасць сасудзістай сценкі, дробныя сасуды могуць лопацца ў вачах і выклікаць падобны стан.

Але часцей за ўсё пацыенты сутыкаюцца з тым, што на фоне перанесенай інфекцыі з высокай тэмпературай на працягу доўгага перыяду, на фоне інтаксікацыі арганізма і пры незахаванні пітнога рэжыму з'яўляецца выяўленая сухасць вачэй, пачуццё пяску пры мірганні, рэзь.

Сіндром сухога вока. Рэзь уваччу пасля каранавіруса.

У залежнасці ад сімптомакомплексу (г.зн., тых скаргаў, якія прад'яўляе пацыент) існуе некалькі разнавіднасцяў лячэння посткавіднага сіндрому. Які з іх больш эфектыўны, вырашае ўрач пасля вочнага агляду пацыента. Але, як правіла, любая тэрапія ўключае ў сябе выкарыстанне слёзазаменнікаў (штучнай слязы) для аднаўлення воднага балансу ў органах зроку. Часам гэтага можа быць дастаткова. Але ў любым выпадку гэта павінен вырашыць урач.

Ці можа COVID-19 стаць прычынай пагаршэння зроку, чаму гэта адбываецца і як аднавіць ранейшую вастрыню зроку?

Новая каранавірусная інфекцыя да гэтага часу не вывучаная да канца і невядома, як яна можа сябе праявіць. Часцей за ўсё кавід б'е па органах дыхання, бо гэта шлях паступлення інфекцыі. Але таксама аб'ектам інфекцыі робяцца так званыя органы-мішэні (органы, найбольш уразлівыя перад інфекцыяй). Калі орган-мішэнь – вочы, дык кавід ударыць і па іх. У тым ліку гэта можа выяўляцца пагаршэннем зроку (не толькі ад інфекцыі, але і ад звычайнага спазму вочных мышцаў на фоне стомленасці арганізма), можа парушыцца факусоўка, праявіцца альбо ўзмацніцца блізарукасць ці дальназоркасць.

Формы COVID-19, якія патрабуюць шпіталізацыі, як правіла, лечацца даволі цяжкімі прэпаратамі, высокімі дозамі антыбіётыкаў, якія таксама аказваюць уплыў на ўвесь арганізм. І ўжо апісаныя выпадкі, калі на фоне тэрапіі каранавіруснай інфекцыі ў пацыента адбываецца памутненне хрусталіка і развіваецца катаракта. Таксама пагаршэнне зроку можа быць звязанае з пашкоджаннем нервовых канчаткаў (так званыя нейрагенныя пашкоджанні, выкліканыя COVID-19).

Сіндром сухога вока. Пагаршэння зроку пасля каранавіруса.

Калі вы адзначылі, што на фоне хваробы альбо ў посткавідным перыядзе зрок пагоршыўся, трэба звярнуцца да ўрача-афтальмолага, каб спецыяліст правёў поўную дыягностыку і высветліў прычыну зніжэння вастрыні зроку і на якім узроўні адбылося парушэнне. Магу сказаць, што ў пераважнай большасці выпадкаў усё папраўнае.

Што такое масачны сіндром сухога вока?

MADE (mask-associated dry eye) – новы тэрмін, які з'явіўся падчас цяперашняй пандэміі COVID-19. Ён не асацыяваны непасрэдна з посткавідным сіндромам (хаця і з ім таксама можа быць), але часцей гэта асобна звязанае захворванне.

Калі вы няправільна носіце маску, дык паветра выходзіць не ўніз, як павінна, а праз верх маскі і раздражняе слізістую вока. Гэта выклікае розныя ацёкі рагавіцы, эрозіі ў далейшым і кератыты, прыводзіць да стойкай сухасці вачэй. На шчасце, гэта не адбываецца за адзін дзень альбо калі вы карыстаецеся маскай 2-4 гадзіны ў дзень. Але пры вымушаным працяглым і пастаянным нашэнні маскі рызыка развіцця масачнага сіндрому сухога вока вельмі вялікая. Да яго схільныя медыцынскія работнікі, настаўнікі, прадаўцы, спецыялісты, чыя праца завязаная на пастаянных стасунках з людзьмі.

Масачны сіндром сухога вока.

Звярніце ўвагу! Размова не пра тое, што маскі – гэта дрэнна! Іх проста трэба правільна насіць!

Як абараніць вочы падчас пандэміі?

  • Правільна насіць маску.
  • Капаць слёзазаменнікі. Калі працуеце больш за 8-10 гадзін за камп'ютарам ці вымушаныя пастаянна і доўга насіць маску, выкарыстанне слёзазаменніка абавязковае!
  • Выконваць зрокавы рэжым (гэта не зусім адносіцца да пандэміі, але мае месца быць). Калі вы доўга працуеце, гледзячы на штосьці з блізкай адлегласці, дрэнна высыпаецеся, мала спіце, гэта ўсё прыводзіць да раздражнення вачэй, якое ў сваю чаргу можа правакаваць запаленне.
  • Захоўваць водны баланс (выпіваць не менш за 1,5 л вады ў суткі). Чай, сок, кава, суп – гэта не вада!
  • Прагулкі на свежым паветры – хаця б гадзіну ў дзень.

Ці абараняе штучная сляза ад інфекцыі?

І так, і не. Кроплі-слёзазаменнікі выконваюць арашальную функцыю. Яны змываюць з прыдатачнага апарата (павекаў, рагавіцы) парушынкі, мікраварсінкі і не даюць ім затрымлівацца ў воку. Такім чынам кроплі зніжаюць рызыку развіцця запаленчага працэсу. Акрамя гэтага, яны дапамагаюць прафілактаваць сухасць вока.Сіндром сухога вока. Навошта слёзазаменнікі.

Але непасрэдна супрацьвірусную абарону прэпараты штучнай слязы не аказваюць і абараніць у прамым сэнсе ад каранавіруснай ці іншай віруснай інфекцыі не могуць.

Якія слёзазаменнікі найбольш эфектыўныя ў посткавідным перыядзе?

Каб падтрымліваць здароўе вачэй у посткавідным перыядзе і калі няма ніякіх іншых парушэнняў працы органаў зроку, якія патрабуюць спецыфічнага лячэння, аптымальна выкарыстоўваць прэпараты штучнай слязы на аснове гіялуронавай кіслаты і без кансервантаў у саставе.

Па-першае, яны добра і на працяглы час увільгатняюць слізістую вока за кошт уласцівасцяў гіялуронавай кіслаты ўтрымліваць вільгаць.

Па-другое, кроплі без кансервантаў можна выкарыстаць на працягу дня так часта, як гэта неабходна (у посткавідным перыядзе гэта асабліва актуальна з-за высокай сухасці вачэй). Таксама адсутнасць кансервантаў практычна гарантуе абарону ад раздражнення, алергічнай рэакцыі і г.д.

Сіндром сухога вока. Роля слёзазаменнікаў.

Па-трэцяе, у слёзазаменнікаў на аснове гіялуронавай кіслаты працяглы перыяд захоўвання пасля адкрыцця флакона (да паўгода), у адрозненне ад аналагічных прэпаратаў на аснове натуральнай слязы альбо ліпіднай эмульсіі.

Ці можна насіць лінзы падчас пандэміі?

Калі вы хварэеце на кавід, дык кантактныя лінзы насіць нельга! Больш за тое, іх нельга насіць пры любой віруснай інфекцыі (прастудзе, грыпе і г.д.)! Па носаслёзным канале інфекцыя можа патрапіць у вока і выклікаць кератыт, кан'юктывіт і сіндром сухога вока, які ў абавязковым парадку суправаджае любое пашкоджанне эпітэлію слізістай вока.

Але калі вы здаровыя, дык выконваючы ўсе меры бяспекі, агульныя правілы выкарыстання лінзаў (правільнае захоўванне, ачыстка, замена і г.д.), карыстацца кантактнымі лінзамі можна.

Сіндром сухога вока. Кантактныя лінзы ў посткавідны перыяд.

Пасля COVID-19 пачалі свярбець вочы. Як ад гэтага пазбавіцца?

Сверб можа быць адной з праяў сіндрому сухога вока. У гэтым выпадку справіцца з непрыемным сімптомам досыць эфектыўна дапамагаюць прэпараты-слёзазаменнікі. Але я б раіла перш схадзіць да афтальмолага, бо сверб таксама можа быць сімптомам алергічнага кан'юктывіту, выкліканага прадуктамі інтаксікацыі арганізма падчас хваробы. А гэта ўжо зусім іншая гісторыя, якая запатрабуе прызначэння спецыфічных прэпаратаў.

Як правільна насіць ахоўную маску?

Мы падрабязна пісалі пра тое, як правільна карыстацца аднаразовымі і шматразовымі ахоўнымі маскамі. Аднак эксперт Аміна Хаддад паказала на адзін малюсенькі нюанс пры нашэнні аднаразовых медыцынскіх масак, які далёка не заўсёды выконваецца.

У прыватнасці, вы звярталі ўвагу пры надзяванні на кірунак складак у масках? А менавіта складкі забяспечваюць кірунак патоку паветра, якое выдыхаецца. Адпаведна, пры правільна надзетай масцы складкі на вонкавым боку павінны быць закладзеныя ўніз.

Сіндром сухога вока. Як правільна насіць медыцынскую маску.

Пры выдыху струмень паветра, адпаведна, будзе таксама накіраваны ўніз, а не ўверх да вачэй. Пры карыстанні самымі простымі аднаразовымі медыцынскімі маскамі без фіксуючага зажыму для носа гэты момант можа адыграць асноўную ролю.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 52

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама