22.03.2023
22.03.2023

Прадукты для ачышчэння скуры. Што трэба ведаць пра касметычныя сродкі?

logo
Прыгажосць і догляд
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Правільны догляд за скурай вельмі важны для падтрымання яе здароўя і выгляду. І адзін з самых значных у гэтай справе аспектаў — ачышчэнне скуры.

Аднак, на рынку маецца шмат розных тыпаў ачышчальных сродкаў для скуры, таму выбар падыходзячыга можа апынуцца складанным заданнем. У гэтым артыкуле мы дэталёва разгледзім, што трэба ведаць пра ачышчальныя сродкі для скуры, каб прыняць узважанае рашэнне падчас куплі касметычных прадуктаў.

Касметычныя сродкі для твара

Што пашкоджвае скуру пры ачышчэнне

Што псуе скуру пры ачышчэнні?

Калі эпідэрмальны бар'ер пашкоджаны, з высокай доляй імавернасці скура будзе абязводжанай, больш пранікальнай для розных хімічных рэчываў і мікраарганізмаў, схільнай да запаленняў і ранняга старэння.

Эпідэрмальны бар'ер можа быць парушаны генетычна, як, напрыклад, у выпадку з атапічным дэрматытам і іхтыёзам, калі нармальны сінтэз кампанентаў ліпіднага бар'ера немагчымы.

Эпідэрмальны бар'ер можа быць парушаны ў сілу ўзросту, калі па фізіялагічных прычынах запавольваецца клеткавы сінтэз і актыўнасць ферментаў.

Але галоўнай прычынай парушэння эпідэрмальнага бар'ера з'яўляецца няслушны догляд за скурай і, у тым ліку, няправільнае ачышчэнне скуры.

Нармальная структура эпідэрмальных ліпідаў вельмі патрэбна для захавання цэласнасці эпідэрмальнага бар'ера, але звычайна па няведанні пашкоджваюцца якраз ліпідныя эпідэрмальныя структуры. Найчасцей яны пашкоджваюцца двума відамі рэчываў: павярхоўна-актыўнымі і арганічнымі растваральнікамі. Абодва гэтыя класы часта выкарыстоўваюцца ў сродках для ачышчэння скуры.

Што такое павярхоўна-актыўныя рэчывы?

Догляд за скурай

Павярхоўна-актыўныя рэчывы ці ПАРы ў сродках для ачышчэння скуры найчасцей пададзены ў якасці пенаўтваральнікаў.

Спрошчаны механізм дзеяння ПАРаў заснаваны на тым, што малекула ПАРаў мае дваістую структуру, адзін яе канец гідрафільны, то бок любіць ваду, а іншы – гідрафобны, то бок любіць тлушч. ПАВ зніжае паверхневае нацягненне вады, таму забруджанні лепш адыходзяць ад паверхні скуры. ПАРы бываюць: катыёнавыя, аніённыя, амфатэрныя.

Катыёнавыя ПАРы ў ачышчальных сродках для скуры твару не маюць адметнага значэння. Бо яны больш ужываюцца ў сродках для валасоў у якасці дадаткаў-кандыцыянераў.

Найчасцей у касметычных сродках сустракаюцца SLS і SLES.

Аніённыя ПАРы адказваюць за мыйную здольнасць любога шчолачнага мыла: дзіцячага, ручнога вырабу, лазневага, туалетнага і т.п.

У мыйных сродках тлушчарастваральная частка малекулы аніённага ПАР злучае і ахінае часцінкі гразі, якія потым вымываюцца вадой. Галоўная прэтэнзія да SLS і SLES – гэта раздражняльнае дзеянне. Хоць у тых жа катыёнавых ПАРаў раздражняльнае дзеянне больш выяўленае.

З пункту гледжання навукоўцаў-хімікаў ужываць аніённыя ПАРы у касметыцы можна. Існуюць даследаванні, у якіх паказана, што добрыя формулы з SLS і SLES слушнай канцэнтрацыі, практычна не аказваюць раздражняльнага эфекту.

Але апроч таго, што SLS і SLES з'яўляюцца выдатнымі пенаўтваральнікамі, яны здольныя ўбудоўвацца ў ліпідныя пласты і павялічваць пранікальнасць эпідэрмісу, яны таксічныя для жывых цэляў і здольныя бурыць біялагічную мембрану.

Між іншым, гэта ўласцівасць SLS і SLES шырока ўжываецца ў навуцы. Калі ў эксперыменце трэба зруйнаваць клеткавую абалонку, выкарыстоўваюць SLS і SLES.

Імгненнае ўбудаванне ў ліпідныя пласты не выяўляецца ў раздражненні скуры. Але пры сталым працяглым ужыванні гэта прывядзе да парушэння структуры і функцыі эпідэрмальнага бар'ера.

Вядома, ачышчальны сродак з SLS і SLES вытворцы імкнуцца памякчыць за кошт зніжэння канцэнтрацыі аніённых ПАВаў у прадуктах, а таксама з дапамогай спалучэння SLS і SLES з іншымі ПАРамі.

Пры гэтым, пры выбары прыдатнага касметычнага сродку ўзнікаюць пытанні: адкуль спажыўцу ведаць, наколькі добрая формула сродку? Якая канцэнтрацыя SLS ці SLES у ёй утрымваецца? І наколькі моцна пашкоджаны эпідэрмальны бар'ер у выпадку пэўнага чалавека?

Паколькі самастойна вызначыць стан эпідэрмальнага бар'ера практычна немагчыма, а колькасць SLS ці SLES на касметычных сродках не пішуць, то вучоныя не рэкамендуюць купляць сродкі з аніённымі ПАР для ачышчэння скуры.

Але што рабіць, калі практычна ўсе сродкі ў сваім складзе маюць SLS і SLES?

У гэтым выпадку рэкамендуюць абіраць касметыку з дапушчальнымі ПАР, якія створаны на аснове амінакіслот, бялкоў аўса ці пшаніцы. Таксама можна ўжываць ачышчальныя сродкі на аснове амфатэрных і неіянагенных ПАРаў. Такія ПАР з'яўляюцца асабліва важнымі для ліпіднага бар'ера, яны не ўплываюць на пранікальнасць рагавога пласта, таксічнага эфекту на клеткі не аказваюць.

Дапушчальныя ПАР:

  • алкіляваныя амінакіслоты;
  • алкіламіны;
  • какамідапрапілбетаін;
  • лаураамфаацэтат натрыю;
  • какамфапрапіанат натрыю;
  • лаурааманапрапіанат натрыю;
  • поліаксіэтылараваныя тлустыя кіслоты;
  • поліаксіэтылараваныя сарбітолавыя эфіры;
  • алканаламіды;
  • полаксамеры;
  • алкілгліказіды.

Як арганічныя растваральнікі ўплываюць на скуру?

Ачышчэнне скуры 4

Арганічныя растваральнікі найболей часта выкарыстоўваюцца у сродках для дэмакіяжу. Яны сапраўды могуць раствараць і знішчаць эпідэрмальныя ліпіды, што прыводзіць да раздражнення і пашкоджання бар'ернай функцыі скуры. Гэта робіць скуру больш прыступнай да стрэсавых фактараў навакольнага асяроддзя, такім як УФ-выпрамяненне, забруджанне і бактэрыі, што, у сваю чаргу, спрыяе пашкоджванню скуры і, яе запаленню.

Што трэба ведаць пра ўвільгатненне скуры?

Негатыўна на скуру ўплываюць агрэсіўныя арганічныя растваральнікі. Таксама парушэнне ліпіднага бар'ера адбываецца пры выкарыстанні арганічных растваральнікаў у высокіх канцэнтрацыях. З іншага боку, арганічныя растваральнікі, якія ўжываюцца ў нізкіх канцэнтрацыях і ў спалучэнні з літасцівымі інгрэдыентамі, не аказваюць згубнага дзеяння

Таму важна абіраць мяккія сродкі для ачышчэнні, якія не раздражняюць скуры.

Арганічныя растваральнікі выкарыстоўваюцца ў ачышчальных сродках для растварэння і выдалення бруду, сальных адкладаў і макіяжу са скуры. У касметычных сродках часта сустракаюцца такія арганічныя растваральнікі, як гліцэрына, спірт, капрылавы трыгліцэрыд, поліэтыленгліколь (ПЭГ), этанол.

Арганічныя растваральнікі ў касметычных сродках могуць быць небяспечнымі, у тым ліку, з-за іх таксічнасці і здольнасці пракрадацца ў арганізм праз скуру і дыхальныя шляхі. У вялікай колькасцях яны могуць выклікаць раздражненне скуры і вачэй, апёкі, алергічныя рэакцыі і іншыя праблемы са здароўем.

Напрыклад, ацэтон можа выклікаць раздражненне скуры, сухасць, лушчэнне і пачырваненне, а пры ўдыханні можа выклікаць галавакружэнне, млоснасць і боль галавы. Этылавы спірт і метылавы спірт могуць таксама выклікаць раздражненне скуры і вачэй, а таксама аказваць таксічны ўплыў на цэнтральную нярвовую сістэму пры ўдыханні.

Талуол можа выклікаць боль галавы, галавакружэнне і млоснасць, а таксама раздражненне скуры і вачэй. А таксама можа аказваць адмоўны ўплыў на печань і ныркі, а ў некаторых выпадках аказвае канцэрагеннае ўздзеянне.

Да адносна бяспечных растваральнікаў адмыслоўцы адносяць гліцэрыну ці прапандыёл.

Гліцэрына часта выкарыстоўваецца ў вытворчасці касметычных прадуктаў, у тым ліку, з-за таго, што яна з'яўляецца гіграскапічнай, то бок здольнай ўтрымваць вільгаць. Апроч таго яна не выклікае алергічных рэакцый і валодае нізкай глейкасцю, што робіць яе бяспечнай для скуры і лёгкай ва ўжыванні на вытворчасці.

Дадатныя паказнікі гліцэрыны ў касметыцы:

  • прыцягвае вільгаць да скуры, што дапамагае захоўваць яе звільгатнелай і мяккай;
  • можа дапамагаць іншым актыўным інгрэдыентам у касметычных прадуктах пракрадацца глыбей у скуру;
  • бароніць скуру ад шкодных уплываў навакольнага асяроддзя: забруджання і сонечных праменняў.

Адмоўнае дзеянне гліцэрыны можа выявіцца, калі яе канцэнтрацыя моцна перавышана. Гэта выкліча сухасць скуры.

Гліцэрына добра ўзаемадзейнічае з звільгатняючымі інгрэдыентамі, напрыклад, гіялуронавай кіслатой і мачавінай, і ўзмацняе іх дзеянне. Яна таксама дапамагае вітаміну С і рэтынолу пракрадацца глыбей у скуру.

Аднак гліцэрына несумяшчальная з альфа-гідраксікіслотамі (AHA) і бэта-гідраксікіслотамі (BHA), якія зніжаюць яе эфектыўнасць.

Ачышчэнне скуры

Прапандыёл не мае колеру і паху, і ён цалкам растваральны ў вадзе. Прапандыёл лічыцца бяспечным для чалавека, бо ён хутка метабалізуецца ў арганізме і вылучаецца праз мачу. Ён таксама мае нізкі ўзровень таксічнасці і не выклікае канцэрагенных эфектаў. Аднак, як і з кожным іншым хімічным рэчывам, канцэнтрацыю прапандыла не рэкамендуюць перавышаць.

Прапандыёл выкарыстоўваецца ў якасці заменніка прапіленгліколю, бо ён больш бяспечны. Ён ухвалены для выкарыстання ў касметыку Кіраваннем па кантролі за прадуктамі і лекамі ЗША (FDA) і Навуковым камітэтам па бяспецы спажыўцоў Еўрапейскага Звязу (SCCS).

Прапандыёл валодае мяккім дзеяннем, таму не з'яўляецца актыўным раздражняльнікам. Апроч ачышчальных уласцівасцяў, ён таксама дапамагае дыспергаваць (эмульгаваць, размякчаць) іншыя інгрэдыенты, што дазваляе зрабіць больш далікатнай і аднароднай тэкстуру касметычных сродкаў. Таму прадукт лягчэй наносіць раўнамерна і размяркоўваць, што павялічвае яго агульную эфектыўнасць.

Прапандыёл добра ўзаемадзейнічае з ПАРамі, дапамагае ім лепш растварацца і размяркоўвацца па скуры. Таксама яго магчыма камбінаваць з гліцэрынай і мачавінай для павелічэння эфекту звільгатнення. Для паляпшэння ачышчальнай уласцівасці прапандыёл у касметычных сродках спалучаюць з расліннымі экстрактамі.

Яшчэ адна перавага прапандыёла – яго магчыма сінтэзаваць не толькі з нафтахімічных прадуктаў, але і больш экалагічнымі спосабамі: з дапамогай біялагічнай ферментацыі і прыроднай экстракцыі.

Біялагічная ферментацыя дапускае выкарыстанне штамаў бактэрый для атрымання прапандыёла. Натуральная экстракцыя – гэта атрыманне прапандыёла з прыродных крыніц, такіх як кукуруза, цукровы трыснёг.

Важна адзначыць, што ў некаторых людзей можа быць адчувальнасць ці алергія на пэўныя арганічныя растваральнікі, таму заўсёды карысна правяраць спіс інгрэдыентаў і праводзіць тэставанне новых прадуктаў перад іх выкарыстаннем на твары.

Чаму патрэбна ўлічваць Ph пры куплі сродкаў для ачышчэння скуры?

Ачышчэнне скуры

Важнай умовай нармальнага функцыявання эпідэрмальнага бар'ера з'яўляецца слабакіслы Ph паверхні скуры, які падтрымваецца гідраліпіднай мантыяй.

Нейтральнай з'яўляецца асяроддзе, дзе кіслотны паказчык набліжаны да 7. Усё, што ніжэй за 7, гэта кіслае асяроддзе. Усё, што вышэй, – шчолачная.

Ph скуры твару ў норме – каля 5,5 Ph. Рэкамендуюць падтрымваць гэты паказнік стабільным, у тым ліку, у час ачышчэння.

Гэта важна, таму што пры Ph 5,5 падтрымваецца здаровы склад мікрафлоры скуры. У межах стабільнага Ph нармальна функцыюе ферменты клетак эпідэрмісу. Слабакіслы Ph на паверхні скуры таксама важны для таго, каб скура хутка аднаўлялася.  Слабакіслы Ph бароніць скуру ад вострых дэрматозаў і істотна палягчае стан пры хранічных.

Гідраліпідная мантыя аморфная, і пры мыцці змываецца з паверхні скуры. Калі скура здаровая, яна аднаўляецца цягам 2 гадзін. У выпадку якіх-небудзь праблем гэтыя тэрміны могуць значна павялічвацца. Таму важна, каб ачышчальны сродак меў стабільны слабакіслы Ph 5,5. Каб кіслотная мантыя аднаўлялася хутчэй ачышчальны сродак не павінна змяняць Ph паверхні скуры.

Патрэбна, каб Ph быў паказаны на пакаванні касметычнага сродку. Калі такой інфармацыі на пакаванні няма, можна скарыстацца прымітыўным спосабам вызначэння Ph з дапамогай лакмусавай паперкі.

Для гэтага трэба купіць лакмусавую паперу. Згатаваць раствор з вады і ачышчальнага сродку, які патрэбна праверыць. Акунаем паперу ў раствор. Параўноўваем колер паперкі з колерамі, якія ёсць на шкале. Гэта прыблізны метад, але ён недарагі і яго можна паспрабаваць у хатніх умовах.

Атрымваецца, што лепш абіраць пенкі, гелі і іншыя касметычныя формы для ачышчэння скуры, якія ўтрымваюць у сваім складзе неагрэсіўныя ПАР і арганічныя растваральнікі і маюць Ph 5,5. Скуры такі падыход павінен спадабацца.

https://bel.24health.by/vyasnovae-abnaulenne-yak-dapamagchy-skury-adnavicca-paslya-zimy/

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Журналіст. У 2015 годзе скончыла Інстытут журналістыкі БДУ. Працавала ў часопісе "Маладосць" з 2015 па 2017 год. Была галоўным рэдактарам часопіса "Горад жанчын" 5 гадоў. Цікавіцца тэмамі культурна-асветніцкай тэматыкі, здароўя, харчавання.