15.10.2021
15.10.2021

Прафесія: фокуснік. Глядач нібы закладнік гіпнозу

logo
Адукацыя і выхаванне
64 048
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці часта ў паўсядзённым жыцці мы становімся сведкамі магіі? Калі мастацтва часам называюць магіяй, ці можна магію лічыць мастацтвам? На тыдні ў Мінску прайшоў IV Міжнародны ілюзійны фестываль «Minsk-Magic–2021», дзе карэспандэнт «СЛУШНА» знайшла адказ.

Фестываль на некалькі дзён паяднаў фокуснікаў ды ілюзіяністаў з усяго свету. Артысты пазнаёмілі гледачоў з камічнай, сцэнічнай і ментальнай магіяй, правялі майстар-класы і прадэманстравалі навінкі рэквізіту.

Фокусы

Знакамітыя імёны

Паказваць фокусы — незвычайнае майстэрства: у аснове яго — спрытнасць рук, эмацыйны фактар і сіла інтэлекту. Глядач тут — нібыта закладнік гіпнозу. Але калі прозвішчы мастакоў, рэжысёраў, музыкантаў звычайна на слыху, дык пра айчынных ілюзіяністаў так не скажаш.

 
Юрый Мазуркевіч
Старшыня Мінскага клуба фокуснікаў, арганізатар фестывалю:
У Беларусі фокуснікаў не так шмат. Пад фокуснікамі я маю на ўвазе сапраўдных артыстаў, якія атрымалі прафесію, скончылі вышэйшыя і сярэднія спецыялізаваныя ўстановы і пастаянна знаходзяцца ў працэсе працы. Памылковае меркаванне, што фокуснік — чалавек, які паказвае фокусы. На мой погляд, гэта артыст, які з дапамогай фокусаў забаўляе гледача.Прафесійных фокуснікаў у нашай рэспубліцы можна пералічыць па пальцах дзвюх рук, хаця практыкуючых, якія выступаюць за грошы, нашмат больш. Гэта самавукі. Так, часам самавук дасягае ўзроўню прафесійнага артыста, але патрэбны час. Адзін з такіх — Арсен Мелканян — беларускі фокуснік, які працуе з галубамі. Гэта яго фішка: шмат птушак у праграме. Ён за апошнія 15 гадоў стаў адным з самых высокааплатных і запатрабаваных фокуснікаў Беларусі — пры гэтым не заканчваў ніякіх устаноў.

Што да прафесійных фокуснікаў, дык самыя знакамітыя ў краіне — Пётр Стасевіч, Аляксандр Бурачэўскі, Канстанцін Лоск. Гэта дыпламаваныя прафесіяналы. У шэрагу найвядомейшых — імя Юрыя Мазуркевіча. Артыст скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў. З’яўляецца адзіным фокуснікам у Беларусі, які атрымаў вышэйшую адукацыю ў сваёй краіне. Усе астатнія беларускія артысты вучыліся ў Эстрадна-цыркавым вучылішчы ў Кіеве. Зараз у нашай краіне фокуснікаў не рыхтуюць наогул.

Мастацтва фокуса

 
Юрый Мазуркевіч
Старшыня Мінскага клуба фокуснікаў, арганізатар фестывалю
Калі малады чалавек альбо дзяўчына жадаюць звязаць сваё жыццё з фокусамі, ім няма куды пайсці. Пры цырку няма падрыхтоўкі, там працуюць прадстаўнікі цыркавых дынастый. Таму адзінай аддушынай і спосабам павысіць прафесійны ўзровень з'яўляецца камунікацыя з іншымі фокуснікамі. А пагутарыць з імі асабіста можна толькі на фестывалях. Менавіта таму ўжо чацвёрты раз у Мінску мы арганізавалі фестываль, на які з'ехаліся фокуснікі краін СНД, а таксама далёкага і блізкага замежжа. На такім мерапрыемстве чалавек можа значна павысіць свой узровень і памножыць веды.

Фестывальны рух

Фэстывалі фокуснікаў праходзяць па ўсім свеце. Беларускія артысты наведваюць мерапрыемствы ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, удзельнічаюць у Новасібірскім форуме. Фестывальны рух фокуснікаў набірае абароты. Да прыкладу, Піцерскі форум за сем гадоў свайго існавання ўзляцеў настолькі, што ў 2024 годзе ў Санкт-Пецярбургу адбудзецца маштабны фестываль, які артысты-фокуснікі паміж сабой называюць Алімпійскімі гульнямі.

мастацтва фокуса

Па меркаванні Юрыя Мазуркевіча, славянская фокусная суполка адстае ад той жа карэйскай ці італьянскай школы. Няма базы, навучальных устаноў. Аднак, дзякуючы актыўнай камунікацыі, у артыстаў узмацняецца жаданне працягваць фокусны рух і прыцягваць да яго маладых фокуснікаў.

Тэндэнцыі ў мастацтве фокуса

Сёння практычна ўсе фокуснікі выкарыстоўваюць элементы ментальнай магіі. Што гэта такое? Гэта фокусы, пабудаваныя не на спрыце рук, не на спецыяльным рэквізіце, а на «звышздольнасцях» чалавечага арганізма: чытанні думак, угадванні, прадказаннях.

Святло, форма, колер і рух. Як выглядае сучасны авангард

 
Юрый Мазуркевіч
Старшыня Мінскага клуба фокуснікаў, арганізатар фестывалю
Калі звярнуць увагу, на фокусных сталах заўсёды ёсць спецыяльныя прыстасаванні, каб стварыць ілюзію звышздольнасцяў. Ні адзін фокуснік, які сябе паважае, не будзе казаць, што ён чараўнік. Аднак практычна любы зможа вас пераканаць, што ён загадзя ведае, якую карту вы вылучыце з яго калоды, або якую лічбу вы загадалі.

Сёння ментальная магія запатрабаваная. Калі ўвага гледача сфакусіраваная на спрыце рук, тут усё зразумела – артыст натрэніраваўся, а вось калі фокуснік  адгадвае задуманае гледачом – гэта незвычайна, патрабуе асэнсавання.

Мастацтва фокуса

Як правіла, для ментальнай магіі не патрабуецца спецыяльны рэквізіт.

Прафесіяналізм у масы

Крытыкі, гледачы ды і самі аўтары розных мастацкіх твораў часам дастаткова скептычна ставяцца да ўспрыняцца іх творчасці. Для фокуснікаў жа – гэта поспех і матывацыя. Таму што менавіта ад массавай зацікаўленасці залежыць іх далейшы прафесійны лёс.

 
Юрый Мазуркевіч
Старшыня Мінскага клуба фокуснікаў, арганізатар фестывалю
Цікавы фокуснік – не той, які лепш за ўсіх паказвае трукі, а той, які не падобны на іншых. Аўтарскія напрацоўкі, індывідуальнасць спрыяюць запатрабаванасці артыста. Напрыклад, Пеця Стасевіч неяк паставіў трук з бутэлькамі ад шампанскага і з ім выступаў на самых розных мерапрыемствах. Калі фокус паднадакучыў, Пётр пачаў ствараць новую праграму. А наогул артыст мае зрабіць так, каб заказчык быў зацікаўлены не яго праграмай, а ім самім.

Вельмі важна, што ў краіне ладзяцца такія мерапрыемствы, як «Minsk-Magiс–2021». Гэта дазваляе разглядаць фокусы і магічныя прадстаўленні як прафесійнае майстэрства.

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

64 0 48