27.01.2019
27.01.2019

Прайсці праз строй…

logo
Думкі ўслых
0 57
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Штораніцу і штовечар, спускаючыся ў метро і падымаючыся на паверхню, вымушана праходзіць праз строй. Не толькі я, вядома ж. І не толькі ў гэтых месцах. Але ж пішу пра свае адчуванні. Здаецца, у многіх кропках Мінска практычна адначасова матэрыялізуецца якісьці Змей Гарыныч (ці цэлы іх батальён!). І выдыхае з трох сваіх пашчаў клубы дыму. Дастаткова смярдзючага…

Так, я ўсё пра тое ж! І пра тых жа… Пра аматараў палення, якія літаральна атручваюць навакольных, прымушаючы да пасіўнага курэння. Вось толькі не трэба пераменшваць шкоду! Маўляў, нічога з табою не здарыцца, калі і ўдыхнеш штосьці. Не каралева, пацерпіш… НЕ ХАЧУ!!! Ні паліць, ні ўдыхаць! І гэта мой выбар. Таму, калі ласка, паважайце яго.

«Ой, тады напішы, каб забаранілі ў грамадскіх месцах дыхаць перагарам, а то раптам станеш пасіўным алкаголікам!» – тут жа спяшаюцца павыскаляцца знаёмыя курцы. НЕ СТАНУ!!! І гэта таксама мой выбар. А за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення, у выпадках,  калі абражаецца чалавечая годнасць і маральнасць, між іншым, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Зрэшты, чытаю ў сеціве, што за курэнне таксама прадугледжаны штраф. Калі яно – у забароненых месцах, у дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў альбо парушае правілы пажарнай бяспекі. А днямі прачытала яшчэ і аб падпісанні кіраўніком дзяржавы дэкрэта №2, які ставіць на мэце далейшае абмежаванне даступнасці тытунёвых вырабаў і прадухіленне негатыўнага ўздзеяння курэння на здароўе насельніцтва.

Вы таксама пазнаёміліся ўжо з гэтай інфой?! Змены датычаць і электронных цыгарэт, якія чамусьці лічацца быццам бы і не зусім шкоднымі. Ага, прыкладна гэтак жа, як поўная ўпэўненасць у тым, што піва – лё-ё-ё-ёгенькі такі напой, практычна бясшкодны… Хто знаёміцца з публікацыямі на нашым сайце «Здаровыя людзі», той ведае пра памылковасць гэтых меркаванняў з матэрыялаў журналістаў і тлумачэнняў спецыялістаў.

Мне вось цікава… Няўжо і бацькі падлеткаў таксама не бачаць шкоды ад электронных цыгарэт?! Зразумела, што дзеці не паляць дома. Але пацікавіцца, дзе і як бавяць вольны час?! А то і прагуляцца ў наш чэрвеньскі лесапарк, дзе часцяком ужо немагчыма прайсціся па сцежцы здароўя: паўсюль падлеткі, а над імі та-а-а-кія клубы дыму!!!

Дык вось пра новы дэкрэт. Дзе цалкам забаронена курэнне? У згаданых ужо дапаможных памяшканнях шматкватэрных жылых дамоў, ліфтах, аўтамабілях, якія перавозяць дзяцей да 14 гадоў, на працоўных месцах у памяшканнях, дзіцячых пляцоўках, у памяшканнях і на тэрыторыях дзіцячых аздараўленчых лагераў, ва ўстановах адукацыі, падземных пераходах і… Увага! На прыпыначных пунктах і пасадачных пляцоўках! А яны, уласна кажучы, і размешчаны найчасцей у непасрэднай блізкасці ад уваходаў-выхадаў метро. Дзе і ўтвараецца імправізаваны строй аматараў курэння…

Думаю, не толькі мне цікава, хто і якім чынам будзе кантраляваць выкананне гэтага дэкрэта. Асабліва ва ўказаных месцах на вольным паветры, а не ў памяшканнях. І ці не складзецца такая ж сітуацыя, як з тымі дапаможнымі памяшканнямі ў шматкватэрных дамах. Маўляў, кантраляваць гэта маюць права прадстаўнікі камунгаса. Яны ж развешвалі ў нас у пад’ездах папераджальныя аб’явы. Але вось парадокс! Самі ж не выпускаюць цыгарэт з зубоў, з імі ідуць у падвалы… Калі ў нас пад батарэямі спускаюць паветра і ваду ў ацяпляльны сезон, праз мікраскапічныя шчылінкі навязлівы дым лезе з падвала прама ў кватэру!

Так, вельмі хацелася б, каб аматараў курэння стала неяк паменш вакол (і я ўвогуле-то не толькі пра мужчын! На жаль, дзяўчат і жанчын з цыгарэтамі бачу ўсё часцей)… Каб не труцілі яны, у першую чаргу, свой арганізм. Але, на жаль, нават пагрозлівыя малюнкі аб наступствах курэння на пачках не прымушаюць іх задумацца, не становяцца перашкодай для набыцця атруты. А ў крамах найчасцей гучыць ад мужчын: «Не, не давайце мне рак лёгкіх! Дайце лепей неданошанасць». Ну, вы зразумелі, пра што яны?! І чаму такі выбар?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 57

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама