28.08.2020
28.08.2020

Прапрацоўка псіхатраўмы з пацярпелым па методыцы ДПРВ (+відэа)

logo
Псіхічнае здароўе
0 0173
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Павел Яраш – праграміст. Яму 22 гады. Так склалася, што ён быў затрыманы на вуліцы і правёў двое сутак у Жодзінскім СІЗА. Павел распавёў нам сваю гісторыю і пагадзіўся прапрацаваць псіхалагічную траўму з псіхатэрапеўтам па цікавым метадзе – дэсэнсібілізацыі і перапрацоўцы рухам вачэй (ДПРВ). Гэта важна прачытаць тым, хто перажыў гвалт і шукае варыянты дапамогі.

Гісторыя затрымання

– 10 жніўня мы з сябрамі выйшлі на вуліцу каля 7-8 вечара ў раёне метро Грушаўка – паглядзець, што адбываецца ў горадзе, – распавядае Павел. – Інтэрнэту не было, не ведалі, што робіцца. Сімволікі, белых стужак у нас не мелася. Калі мы ішлі па праспекце Дзяржынскага, побач спыніўся жоўты аўтобус і адтуль выбеглі супрацоўнікі АМАП (чорная форма, балаклавы, шлемы). Я ўбачыў, што мае сябры пабеглі, таму таксама стаў уцякаць. Мяне злавілі, заламалі рукі і пацягнулі. Я не супраціўляўся. Толькі паспрабаваў затрымацца, калі ўпалі мае акуляры. У адказ супрацоўнікі міліцыі нецэнзурна адказалі, што ім усё роўна, і ўдарылі ў жывот, праўда, не моцна. У аўтобусе кінулі на падлогу. Пакуль мы ехалі ў Маскоўскае РУУС, амапаўцы пару разоў прайшліся нагамі па спінах ляжачых затрыманых.

У РУУС нас павялі наверх, у актавую залу. Я не мог трымаць тэмп канваіраў, спатыкаўся пару разоў – у гэтыя моманты яны білі дубінкамі.

У актавай зале нас пасадзілі на крэсла: галава ўніз, рукі наперадзе на спінцы крэсла. Калі хтосьці мяняў становішча, маглі ўдарыць. У пэўны момант мне зрабілася дрэнна – не магу доўга знаходзіцца ў адной позе. Гэта заўважыў адзін з супрацоўнікаў РУУС, адвёў мяне ў прыбіральню. Мне далі магчымасць папіць і памыцца.

У актавай зале мы прасядзелі да раніцы. Спаць было нельга. Таго, хто засынаў, адразу тармасілі.

Павел Яраш.

Потым нас павезлі ў Жодзіна. У аўтазаку людзей клалі адзін на аднаго і крычалі, каб мы прасоўваліся наперад. Выбарча білі, каб хутчэй рухаліся. Нам трапіўся «няўдалы» аўтазак – з амапаўцамі, якія любяць здзекавацца з людзей. Таму нас часта білі і казалі, што мы гэтую паездку запомнім на ўсё жыццё, што калі і заб'юць, дык ім за гэта нічога не будзе.

Білі серыямі удараў, напрыклад, 4 удары нагой і 2 – рукой альбо дубінкай. Я не з тых, каму дасталася больш за ўсё. У асноўным білі тых, хто стагнаў, са словамі: «Чаго ты ныеш, як баба?!», тых, у каго былі татуіроўкі, доўгія валасы. Прымушалі спяваць гімн і «Пераменаў», пасля чаго пыталіся: «Ну што, атрымалі пераменаў?»

Каб памяняць позу, трэба было звяртацца да іх, называючы цалкам свае прозвішча, імя, імя па бацьку, дату нараджэння, дзе затрыманы.

Напрыканцы паездкі хтосьці вылаяўся. Мне здаецца, гэта быў сам амапавец. Але яны выхапілі нейкага хлопца і пачалі яго моцна біць. Гэта было страшна.

У Жодзінскай турме нас ужо не білі. У маёй камеры было 25 чалавек (у самы пік – 37), хаця, мяркуючы па колькасці ложкаў, яна была 8-мясцовай. Там я сядзеў да вызвалення 2,5 сутак. Кармілі рэгулярна, прыносілі па просьбе хлеб.

Як спалі? Хтосьці клаўся «валетам» на ложках, хтосьці на лаўкі, на сталы, каля дзвярэй заслалі адзін матрац з ложка, і на ім маглі змясціцца 4 чалавекі. Потым нам прынеслі яшчэ адзін матрац. Так па чарзе і спалі. У камеры была атмасфера салідарнасці, абсалютна розным незнаёмым людзям удалося дамовіцца, не было канфліктаў, іерархіі. Сярод нас быў нейкі хлопец, які, відаць, раней сядзеў, ён пачаў груба звяртацца да турэмшчыкаў. Мы яго асудзілі за гэта.

Павел Яраш да гэтага часу не бачыў свайго пратаколу затрымання, позвы ў суд, не ведае, у чым абвінавачваўся. Па выніках агляду ў 19-й ЦРП Першамайскага раёна г.Мінска ў яго зафіксаваныя множныя гематомы.

Гематомы Паўла Яраша.

Таксама ён прайшоў судова-медыцынскую экспертызу. Павел раіць не баяцца:

– Менавіта адкрытае абурэнне грамадства дапамагло дамагчыся нашага вызвалення. Прадстаўнікі закона, якія здзекуюцца з людзей, – гэта недапушчальна. Я веру, што яны не застануцца беспакаранымі. У любым выпадку, трэба даводзіць справу да заканчэння. Калі баіцеся самі, звярніцеся да валанцёраў, юрыстаў – і ўбачыце, як вас падтрымаюць.

Метад ДПРВ: падзея застаецца ў памяці, але эмоцыі забываюцца

У турме ў Паўла здарыўся прыступ панікі.

– Гэта адбылося з-за невядомасці, што з намі будзе, як там бацькі. Я думаў, што пра нас усе забыліся.

Нягледзячы на перажыты гвалт, Павел лічыць, што асаблівых наступстваў для псіхікі ў яго не было:

– Салідарнасць у камеры і салідарнасць усёй краіны, якую я ўбачыў пасля вызвалення, пераважылі траўму. Я стараюся не ўзгадваць тыя дні.

Гештальт-тэрапеўт Васіліна Данілава ўдакладняе, што наступствы вострай псіхічнай траўмы могуць выяўляцца не адразу, а пазней, таму яе неабходна прапрацаваць, нават калі чалавеку здаецца, што яму не патрабуецца дапамога. Спецыяліст правяла з Паўлам сесію з выкарыстаннем метаду ДПРВ (распрацаваны ў 1998 годзе амерыканскім псіхолагам Фрэнсін Шапіра).

Васіліна Данілава. Прапрацоўка траўмы.

– Псіхатэрапеўт дапамагае пацыенту ўспомніць драматычныя падзеі, зноў выклікаючы негатыўныя перажыванні, і адначасова просіць сачыць за рухам яго рукі альбо прадмета. Тым самым ставіць перад мозгам задачу арыенціроўкі. А паколькі за захоўванне негатыўных успамінаў і арыенціроўку ў навакольным асяроддзі адказвае адзін і той жа ўчастак мозгу, дык нейронавыя сувязі, задзейнічаныя ў захоўванні цяжкіх успамінаў, вымушаныя вызваляцца для вырашэння актуальнай задачы – сачыць за перамяшчэннем прадмета альбо крыніцы гуку. Такім чынам, з кожным цыклам прапрацоўкі негатыўнага вопыту чалавеку робіцца ўсё складаней прайграваць карціну падзеі, што траўмуе, і першымі вызваляюцца эмоцыі. Візуальны складнік падзеі робіцца меней дакладным і аддаленым, а эмацыянальная сувязь з ёй руйнуецца. У выніку ўспамін робіцца як быццам кіно пра ўласнае мінулае, але з пачуццём «гэта было не са мной», – тлумачыць сутнасць метаду псіхолаг.

Для Паўла асабліва траўмуючымі былі ўспаміны, як яго схапілі людзі ў чорным і павялі ў аўтобус – «Жоўтых бусаў больш не люблю». А асабліва вострым момантам – знаходжанне ў аўтазаку па дарозе ў Жодзіна.

– У той момант я адчуваў лютасць на сітуацыю несправядлівасці, з-за таго, што не магу сябе абараніць, страціў кантроль над сітуацыяй, – тлумачыць свае пачуцці малады чалавек.

Пасля работы з псіхатэрапеўтам па названай методыцы Павел даў зваротную сувязь.

– Інтэнсіўнасць перажыванняў знізілася, успамін больш падобны да карцінкі, лютасці ўжо няма, эпізод са знаходжаннем у аўтазаку ўжо так не турбуе. Агульны стан – ёсць натхненне і стомленасць.

– Па водгуках кліентаў, метад мае ўстойлівы доўгатэрміновы эфект. Такіх цыклаў можа быць некалькі, пакуль спецыяліст цалкам не прыбярэ з успамінаў балючы эмацыянальны зарад, – тлумачыць Васіліна Данілава. – Гэтая тэхніка дазваляе таксама перапісаць фінал гісторыі. Чалавека можна папрасіць у думках уявіць, як бы ён хацеў, каб развіваліся падзеі, як можна было б вярнуць пачуццё кантролю, выйсці пераможцам з той сітуацыі. Псіхатэрапеўт можа дапамагчы замацаваць гэты стан у памяці, тым самым вярнуўшы псіхіку ў рэсурсны стан.

Падрабязнасці – у відэа на пачатку матэрыялу.

ДАВЕДКА:

Метад ДПРВ з поспехам выкарыстоўваецца пры лячэнні: фобій, у тым ліку сацыяльных – страх публічных выступленняў альбо кіравання аўтамабілем, хімічных і эмацыянальных залежнасцяў, расстройства харчовых паводзінаў, трывожнага расстройства, парушэнняў сну, дэпрэсій, нізкай самаацэнкі, дысацыятыўнага расстройства асобы ў падлеткаў і самапашкоджанняў, праблемаў унутрысямейнай камунікацыі (крыўда, рэўнасць, недавер), посттраўматычнага стрэсавага расстройства, пры жыццёвых крызісах (звальненне, жаніцьба, нараджэнне дзяцей), пры немагчымасці пражывання адзіноты і іншых негатыўных станаў.

Узроставых абмежаванняў метад не мае – можна карэктаваць рэакцыі як немаўлятаў, так і сталых людзей. Супрацьпаказанні: прыём нарматымікаў і нейралептыкаў (абцяжараны доступ да эмоцый), эпілепсія, хвароба Альцгеймера, хвароба Паркінсона, рассеяны склероз, арганічныя паражэнні галаўнога мозгу, падагра, сістэмная чырвоная ваўчанка.

Відэа – Андрэй Васкрасенскі.

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 173

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).