10.02.2021
10.02.2021

Прас, парасон і… Хатнік-Дамавік. Не ешце ўначы на кухні! :)

logo
Думкі ўслых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Насамрэч гэта розныя святы зноўку ў адным дні сабраліся. Вам цікава, якія?! Па-а-а-а-аехалі! Яфрэмаў дзень, калі імяніны спраўляе Дамавік, ці Хатнік па-іншаму. Як каму падабаецца называць. Уласны дзень народзінаў таксама ў… праса. А ў некаторых краінах ладзяць Дзень парасона. Не зусім, вядома ж, зразумела, чаму ўзімку… Але… Не ва ўсіх жа і зімы снежнымі бываюць. Хтосьці снег той і ў вочы не бачыў…

Дзень дамавіка. Дзень парасона.

Вы, вядома ж, чакаеце найперш адказу на пытанне, чаму не варта есці ўначы на кухні?! Па-першае, ноччу трэба спаць, а не есці! 🙂 Па-другое, паколькі вы зноўку збіраецеся класціся спаць, а не займацца фізкультурай і спортам, значыць, усё, з такой асалодай спажытае, пойдзе… куды? Правільна, у тлушчавыя адкладанні на сцёгнах, жываце і г.д.

Па-трэцяе, у кожнага ёсць сіла волі, каб адвучыць сябе ад прывычкі штосьці жаваць уначы… Нават калі вы да дзвюх гадзін ночы рэжацеся за кампом у «танчыкі»… 🙂 Ды і ўласную сістэму стрававання варта пашкадаваць. Яна ж таксама хоча спаць. І да раніцы ўсё роўна працаваць не будзе. А ўсё з’етае асядзе цяжарам у страўніку. Кваа-а-а-а…

Гэта што тычыцца здароўя. А цяпер – што тычыцца павер’яў нашых продкаў. Яны лічылі, што кухняю якраз-такі валодае Дамавік. Гэта яго законнае месца. Таму як нельга было мыцца ў лазні пасля апоўначы, каб не ўгнявіць Лазенніка, бо гэта яго час для мыцця і гаспадарання, так і нельга было есці пасля апоўначы на кухні. Бо там уночы ўсё ў пэўным сэнсе надлежыць Дамавіку. І ежа таксама! 🙂

Дзень дамавіка. Чаму ўначы нельга есці на кухні.

А то раптам напалохаеце свайго нябачнага памочніка і ахоўніка ад усяго злога, раззлуеце… І будзе ён ужо не дапамагаць а наадварот, шкодзіць. Дарэчы, калі ў жытле знікаюць якія дробныя рэчы, нашыя продкі лічылі, што гэта таксама Дамавік пастараўся. Тут ужо варта самім не раззлавацца, а сказаць: «Дамавік, Дамавік, пагуляў ды аддай». Кажуць, згубленае насамрэч адшукваецца хутка.

Ну, а сёння Дамавіка і ўвогуле трэба ўлагоджваць. І гэта, бадай, асноўная дзея ў Яфрэмаў дзень. Бо 10-га лютага яшчэ і Дзень дамавіка. Спяваць ды танчыць умееце і любіце?! Выдатна! Сёння робім гэта для яго. Ды шчыра так, з душой! Калі яму спадабаецца, дык увесь год будзе рахманым, паслухмяным ды паслужлівым…

Гатавалі ў гэты дзень не толькі ежу для Дамавіка, але і падарункі. І прыслухоўваліся, як ён адрэагуе. Калі за печкай (а мы ж зараз кажам пра трыдыцыі нашых продкаў і звычайную вясковую хату) чуўся смех, значыць, усё добра будзе ў сям’і. А вось калі плач… Тады ўжо стараліся-завіхаліся з пачастункам, які пакідалі для нябачнага гаспадара хаты ўвечары, сказаўшы: «Еш пірагі ды наш дом сцерагі».

Дзень дамавіка. Частуем!

А дзе жыве Дамавік у гарадской кватэры? Ну, выдзеліце для яго які ўтульны куточак… І абавязкова запрасіце яго туды. Гульня ў дзяцінства, скажаце? Ды хто яго ведае… Адкажу сваімі любімымі словамі: «Штосьці ў гэтым ёсць…»

Ну што ж, засталося яшчэ нагадаць, чаго, паводле ўяўленняў нашых продкаў, не любіць Дамавік. Найперш ён цярпець не можа непарадку. Таму варта рэгулярна прыбірацца ў жытле яшчэ і з гэтай нагоды. Усялякія сваркі ў сям’і таксама могуць яго раззлаваць. Затое калі ў доме ёсць кот ці котка, дык гэта для Дамавіка вашага – найлепшыя сябры!

Хочаце – верце, хочаце – не… Але як з дрэннымі намерамі, дык лепей і не правяраць, ці існуе насамрэч Дамавік…

Прыгадваючы Дамавіка, старажытнасць, вясковы побыт, многія, відаць, прыгадаюць і своеасаблівы вясковы прас – рубель з качалкаю. Зараз іх можна пабачыць у музеях. А я памятаю гэтыя прылады з дзяцінства. Іх прывезла з сабою бабуля Ксенія, мама маёй мамачкі, якая пераехала да нас у Беларусь са Смаленшчыны, калі мне было тры гады.

Дзень дамавіка. Дзень нараджэння праса. Качалка і рубель.

Памятаю, як яна прасавала з іх дапамогай саматканыя абрусы ды вышытыя ручнікі. І я таксама спрабавала… Але для мяне ж гэта была толькі гульня… Хаця мне здаецца, што я памятаю тое адчуванне ў руках, калі трымала гэтыя прылады.

Зрэшты, вядома ж, гэта не самая (даруйце за таўталогію!) старажытная старажытнасць. Самымі першымі «прасавалі» вопратку нагрэтыя камяні. А першыя пісьмовыя ўзгадкі аб продках нашага праса адносяцца да 10 лютага 1636 года. І калі ім верыць, дык сёння нашаму імянінніку – 385 гадоў! 🙂

А патэнт на першы электрычны прас атрымаў амерыканец Генры Сілі – 6 чэрвеня 1882 года. Ну, а мы цяпер маем вельмі зручны і функцыянальны прас. Ад якога ўсё больш і больш людзей адмаўляецца на карысць таго ж парагенератара… Так што пры такім развіцці навукі і тэхнікі прас таксама мае шанцы зрабіцца забытым, як рубель з качалкаю…

Дзень дамавіка. Дзень нараджэння праса.

А вось наўрад ці гэтак хутка змогуць сысці ў нябыт парасоны! Усё ж вельмі зручная рэч. Вядомая, калі верыць спецыялістам, з 9 стагоддзя да н.э. Мянялася форма, вага, матэрыял, ручкі… Але нязменнай заставалася функцыя: абараняць нас ад дажджу альбо ад сонца.

Эх, як жа мне падабаюцца вытанчаныя карункавыя парасоны «для прыгажосці»! З адным такім колькі гадоў таму сфатаграфавалася ў Музеі беларускай архітэктуры і побыту ў Строчыцах…

А што тычыцца расфарбоўкі сучасных парасонаў, дык асабіста мне даспадобы тыя, на якія нанесеныя малюнкі замежных гарадоў. Вільнюс, Лондан, Парыж… Рамантыка! 🙂

Дзень дамавіка. Дзень парасона.

Значыць, што мы робім сёння? Улагоджваем Дамавіка, віншуем прас з днём народзінаў, а парасон – з Днём парасона. Хаця апошні ўзімку асабліва і не прагуляеш… 🙂

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".