14 Лістапада
14.11.2017

Папярэджаны – значыць узброены! У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі правялі акцыю па выяўленні рызыкі цукровага дыябету

logo
Навiны
62 0 24
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі 14 лістапада можна было ацаніць рызыку развіцця цукровага дыябету. Тут прайшла рэспубліканская прафілактычная акцыя, прымеркаваная да Сусветнага дня дыябету. Сёлета яго дэвіз – «Цукровы дыябет і жанчына – наша права на здаровую будучыню».

Падчас акцыі спецыялісты мерылі наведвальнікам артэрыяльны ціск, вызначалі ўзровень цукру ў крыві, тэсціравалі па Шкале FINDRISC. Пры неабходнасці, можна было атрымаць кансультацыю кардыёлага і эндакрынолага, а таксама зрабіць кардыяграму.

З 158 чалавек, якія прыйшлі на акцыю, рызыка развіцця цукровага дыябету выяўлена ў 36. З іх 20 чалавек – з умеранай рызыкай, а 16 – з высокай.

Безумоўна, адна з галоўных мэт падобнай акцыі – прыцягнуць увагу да праблемы цукровага дыябету. У нашай краіне каля 93% жыхароў пакутуюць ад гэтага захворвання, прычым 60% з іх – гэта жанчыны.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Дэвіз сёлетняга Сусветнага дня дыябету «Цукровы дыябет і жанчына – наша права на здаровую будучыню» – актуальны як ніколі. Ён яшчэ раз падкрэслівае значнасць праблемы.

У Беларусі створаны ўсе ўмовы для планавання і вядзення цяжарнасці пры цукровым дыябеце. Дзейнічае «Цэнтр эндакрыннай паталогіі пры цяжарнасці» на базе 1-ай гарадской клінічнай бальніцы Мінска. У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» дапамагаюць цяжарным з выкарыстаннем Помпавай інсулінатэрапіі.

 
Таццяна Мохарт
Загадчыца кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, прафесар, кандыдат медыцынскіх навук
Пры цукровым дыябеце любога тыпу выкарыстоўваецца інсулінатэрапія. Напрыклад, спецыяльны помпавы апарат ёсць у РНПЦ «Маці і дзіця». Пацыентка атрымлівае інсулін 24 гадзіны ў суткі. Доза карэктуецца ў залежнасці ад узроўню глікеміі (утрыманне глюкозы ў крыві). Прычым сучасныя помпы мераюць глюкозу 285 раз у суткі. Пры правільным планаванні, вядзенні цяжарнасці і адэкватным лячэнні жанчына з цукровым дыябетам можа нарадзіць абсалютна здаровых дзяцей.

На акцыі прысутных цікавілі пытанні, кшталту: ці можа прыём біялагічна актыўных дадаткаў і полівітамінных комплексаў знізіць цукар у крыві і дапамагчы пазбегнуць хваробы; у каго высокая рызыка развіцця цукровага дыябету, якія яго сімптомы; што рабіць, калі дыягназ ўжо пастаўлены?

Першае, на што звярталі ўвагу спецыялісты, адказваючы на пытанні, ці ёсць у чалавека лішняя вага альбо вісцэральнае атлусценне  (гэты фактар з'яўляецца адным з ключавых). Напрыклад, з 60% хворых на цукровы дыябет беларусак 80% маюць залішнюю масу цела.

Другі момант, - ці хворыя на цукровы дыябет бліжэйшыя сваякі. У выпадку, калі абодвум бацькам пастаўлены такі дыягназ, у дзіцяці рызыка захварэць роўная 75%.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Калі мы пералічваем прычыны, якія могуць прывесці да развіцця цукровага дыябету, заўсёды называем і стрэс, хранічны і востры. Уменне ім кіраваць – выдатная прафілактыка захворвання. Абавязкова трэба адпачываць душой. Гэта могуць быць розныя хобі, фізічная нагрузка, ёга, захапленні альбо адносіны.

Дарэчы, падрабязна даведацца пра фактары рызыкі развіцця цукровага дыябету, навучыцца жыць з гэтым захворваннем, спосабах пазбегнуць яго ўскладненняў, можна ў «Школах дыябету». У Беларусі іх 229.  

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

62 0 24

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама