7 Жніўня
07.08.2020

Прэзідэнт уручыў дзяржузнагароды работнікам аховы здароўя за ўклад у барацьбу з COVID-19

logo
Без катэгорыі
396 0 26
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У Палацы Незалежнасці ў гэты ўрачысты дзень сабраліся прадстаўнікі розных рэгіёнаў Беларусі розных спецыяльнасцяў, у тым ліку анестэзіёлагі-рэаніматолагі, інфекцыяністы, пульманолагі, а таксама сярэдні і малодшы медперсанал. Сярод узнагароджаных і кіраўнік партала «Здаровыя людзі», анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА Вольга Святліцкая.

ОИ Светлицкая

Выступаючы перад прысутнымі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што вельмі рады магчымасці асабіста падзякаваць ў іх асобе ўсім медыцынскім работнікам краіны за самаадданую, нават гераічную працу.

– Я вельмі рады, што паступова вы, нашы ўрачы, усе, хто быў датычны да гэтай барацьбы, вяртаецеся да звыклага жыцця. Можаце нарэшце абняць сваіх дзяцей, жонак, мужоў, бацькоў, якіх шмат хто з вас не бачыў тыднямі, а часам і месяцамі, бо многія з вас жылі ў бальніцах і лабараторыях. Перакананы, расстанне далося вам нялёгка. Але вы добраахвотна пайшлі на гэта дзеля адданасці прафесійнаму абавязку, – адзначыў беларускі лідар.

Ён таксама звярнуў увагу, што медыкі ў гэты няпросты час рызыкавалі сабой. Прычым гаворка не толькі пра небяспеку заразіцца COVID-19, але і пра фізічныя і эмацыянальныя нагрузкі, пра бяссонныя ночы ля ложкаў самых складаных пацыентаў.

Прэзідэнт падкрэсліў, што эканоміць на выдатках на медыцынскія мэты нельга. Як ён адзначаў раней, на барацьбу з каранавірусам дзяржава выдаткавала больш за паўмільярда рублёў.

– Мы небагатая краіна, але добра разумеем, што кожная новая тэхналогія, абсталяванне альбо лекі – гэта сотні і тысячы выратаваных жыццяў. І эканоміць на гэтым нельга, – упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

На думку кіраўніка дзяржавы, прэміяльныя выплаты ўрачам, якія працуюць суткамі, – заслужанае заахвочванне. А ў будучай пяцігодцы, дадаў беларускі лідар, ураду даручана давесці сярэднюю заработную плату медыкаў да 150% ад сярэдняй па краіне.

Награждение врачей 2020

У размове з журналістамі Вольга Святліцкая адзначыла: пандэмія паказала, наколькі нашае грамадства сталае і кансалідаванае.

– Звярніце ўвагу, што людзі самых розных спецыяльнасцяў, веравызнанняў, узростаў аб'ядналіся для вырашэння гэтай цяжкай праблемы: сродкі індывідуальнай абароны, маскі шылі і валанцёры, і дзяржаўныя прадпрыемствы. Прыватныя і дзяржаўныя кампаніі аб'ядналіся ў намаганні сабраць грошы і дапамагчы, бюджэтныя арганізацыі і сілавыя структуры рабілі ўсё магчымае, каб падтрымаць сістэму аховы здароўя. Гэта сведчыць пра тое, што мы можам і ўмеем аб'ядноўвацца. І таму мы перамагаем, – патлумачыла Вольга Іванаўна.

Спецыяліст прызналася: спачатку пачуццё страху было. Хаця рэанімацыйная служба, якую яна прадстаўляе, і раней сутыкалася са складанасцямі.

– Па сутнасці, мы медыцынскі спецназ. Рэаніматолагі заўсёды прымаюць цяжкія выпадкі, змагаюцца да канца. Было страшна, цяжка, але мы падтрымлівалі адзін аднаго. Ніколі раней не бачыла, каб урачы такіх розных накірункаў аб'ядноўваліся ў пошуку рашэнняў, – адзначыла Вольга Святліцкая.

Гаворачы пра атрыманую ўзнагароду, Вольга Іванаўна падкрэсліла, што за гэтым стаяць многія месяцы знемагальнай працы. Безумоўна, было цяжка маральна і фізічна, але ўрачы змагаліся. Прычым аб'ядналіся розныя спецыялісты: інфекцыяністы, рэаніматолагі, клінічныя фармаколагі, патолагаанатамы... Калектыўна супастаўлялі дадзеныя, шукалі варыянты лячэння. Вынікам сумесных намаганняў стала распрацоўка і ўкараненне беларускіх рэкамендацый па лячэнні пацыентаў з COVID-19.

– З гонарам хачу сказаць, што мы аднымі з першых у Еўропе пачалі выкарыстоўваць гарманальныя прэпараты для лячэння каранавіруснай інфекцыі. Нашы калегі прыйшлі да гэтага на пачатку чэрвеня, калі ўвесь свет абляцеў артыкул пра тое, што дэксаметазон дапамагае, а ў айчынных пратаколах дадзены прэпарат пачаў фігураваць ужо з красавіка, – удакладніла спецыяліст. І дадала, што падобныя выпадкі пацвярджаюць факт – у Беларусі дастаткова выбітных розумаў, здольных самастойна, без аглядкі на іншых, дасягаць выдатных вынікаў.

Вольга Іванаўна выказала падзяку за тое, што ў краіне абышлося без панікі. Што была наладжаная дакладная праца іншых галінаў, якая дазволіла сістэме аховы здароўя дзейнічаць рытмічна і без збояў.

Выпадкі, калі дапамога прыходзіла з боку звычайных грамадзян, урач асабліва адзначыла. У якасці прыкладу яна распавяла, як бальніца замовіла спецыяльную плёнку, каб закрыць празрыстыя дзверы памяшкання рэанімацыі, дзе медыкі апраналі ахоўныя касцюмы. Прыбылі прадстаўнікі кампаніі-пастаўшчыка. Даведаўшыся, для чаго гэта трэба, адмовіліся ад аплаты і выказалі гатоўнасць паставіць яшчэ некалькі адзінак тавару бясплатна. Каб хаця б чымсьці дапамагчы медустанове. Гэта вельмі кранала сэрцы людзей у белых халатах і натхняла іх.

Важна, звярнула ўвагу Вольга Святліцкая, што праца медработнікаў была ацэненая на дзяржаўным узроўні, за што асабіста яна вельмі ўдзячная.

– Ёсць упэўненасць, што за мной стаіць увесь народ Беларусі, які аб'яднаецца, калі спатрэбіцца, і мы ўсё зробім разам. Я ўдзячная нашым людзям. Дзякуй вам за тое, што былі побач, падтрымлівалі нас, выконвалі нашыя рэкамендацыі, – сказала на заканчэнне Вольга Іванаўна.

На фота: Вольга Святліцкая, анестэзіёлаг-рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт кафедры анестэзіялогіі і рэаніматалогіі БелМАПА, Юрый Горбіч, інфекцыяніст, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, загадчык кафедры інфекцыйных хваробаў і дзіцячых інфекцый БелМАПА

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

396 0 26

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»
Наверх