29.04.2017
29.04.2017

Прычыны інтэрнэт-залежнасці. Гульні ўяўлення

logo
Адукацыя і выхаванне
0 84
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Вы ведалі, што да паталагічнай залежнасці ад інтэрнэту схільныя людзі з высокім інтэлектам і пераважна гуманітарным складам розуму? Багатая фантазія, уражлівасць і прага эмоцый і ўражанняў – добрыя «памочнікі» адыкцыі. У групе рызыкі таксама падлеткі.

Чаму такі прывабны віртуальны свет?

Адна з самых вядомых у свеце даследчыкаў інтэрнэт-залежнасці – амерыканскі прафесар Кімберлі Янг. Яе кніга «Злоўленыя ў сетку» перакладзеная на многія мовы свету. У сярэдзіне 90-х Янг стала заснавальніцай Цэнтра дапамогі людзям, якія пакутуюць ад інтэрнэт-залежнасці. Тут дапамагаюць не толькі адыктам, але і навучаюць спецыялістаў з усяго свету барацьбе з гэтай новай, але ўжо вельмі распаўсюджанай хваробай. Кімберлі Янг лічыць, што на фарміраванне інтэрнэт-залежнасці ўплываюць перш за ўсё 3 фактары: магчымасць атрымаць у сеціве сацыяльную падтрымку, стварыць уласны вобраз («персону») і атрымаць хуткую прыемнасць і сэксуальнае задавальненне.

Сацыяльная падтрымка

У сеціве людзі ў першую чаргу шукаюць зносіны. Тут лягчэй прад'явіць сябе свету, знайсці кантакт, падзяліцца сваім меркаваннем. У рэальнасці чалавек можа так ніколі і не адважыцца выказацца рэзка, баючыся асуджэння збоку акружэння. Анлайн-ананімнасць дае яму шанец зрабіць гэта досыць бяспечна. Ён лягчэй знаходзіць аднадумцаў, яго актыўнасць заахвочваецца. Акрамя таго, адчуванне сябе часткай якой-небудзь сацыяльнай групы павышае значнасць чалавека хоць бы ва ўласных вачах. «Старажылы» форумаў могуць атрымліваць за ўдзел бонусы, карыстаюцца аўтарытэтам, да іх меркавання прыслухоўваюцца.

Стварэнне ўласнага вобразу (персоны)

Віртуальная прастора дазваляе стварыць якую заўгодна выяву. А паколькі практычна любы чалавек у той ці іншай ступені хавае некаторыя ўласцівасці асобы, што могуць быць пад забаронай для выражэння наўпрост, сеціва становіцца досыць бяспечным месцам для рэалізацыі гэтай патрэбы. Чалавек пачынае асацыяваць сябе са сваёй «аватаркай», інтэрнэт-вобразам ці героем гульні. Можа адчуваць тыя эмоцыі, якія ніколі не ўзнікнуць пры рэальным кантакце. Акрамя таго, поспехі персанажа камп’ютарнай гульні ці пост і яго адабрэнне ў віртуальнай прасторы рэалізуюць патрэбу ў сіле і пахвале.

Існуе цэлая тэорыя аватарак. Згодна з ёй, малюнак, які мы выбіраем як ілюстрацыю свайго акаўнта, можа пра нас многае расказаць. Напрыклад, калі на аватарку жывёла, то чалавек хутчэй за ўсё асацыюе сябе з нейкай якасцю, якая на яго думку ўласцівая гэтаму зверу, і маецца ў яго. Кошка, напрыклад, можа абазначаць ласку, гуллівасць ці незалежнасць. Сабака – адданасць, леў – сілу і смеласць.

«Злыя» аватаркі размяшчаюць ранімыя людзі, якія пазбягаюць мітусні і празмерных зносін.

Рэальны твар – кажа пра адкрытасць, гатоўнасць да сапраўднай сустрэчы. Чалавеку няма чаго хаваць. Але калі фота выканана з вельмі далёкай адлегласці, твар схаваны пад вялікімі сонечнымі акулярамі, чалавек на ім размешчаны са спіны альбо збоку – гэта толькі бачнасць адкрытасці, жаданне здавацца адкрытым, але пры гэтым схавацца.

Шакіруючыя малюнкі – асоба хоча звярнуць увагу на свой унутраны свет, паказаць, наколькі яна незалежная і бунтуе (у большай ступені характэрна для падлеткаў)...

Сэксуальнае задавальненне

Ананімнасць дазваляе партнёрам цалкам разняволіцца і рэалізаваць у ліставанні такія фантазіі, на якія ў рэальным жыцці дакладна не хапіла б пораху. Хуткае задавальненне пры мінімуме высілкаў. Знайсці суразмоўцу ў любы час сутак, атрымаць адабрэнне, лайкі, хвалу, паслухаць любімую музыку. У Інтэрнэце ўсё адбываецца хутка і дзякуючы толькі пстрычцы мышы.

Што яшчэ правакуе інтэрнэт-залежнасць?

Пракрастынацыя

Гэты фактар ??вылучыла распрацоўшчыца камп'ютарных гульняў Эрын Хофман. Замест таго, каб прыступіць да нейкага задання, якое чалавеку не па сэрцы, ён адкладае яго, пасядзеўшы «хвілінку» за камп’ютарам. Хвіліначкі складваюцца ў гадзіны, гадзіны ў дні, дні ў тыдні, а посуд так і застаецца непамытым, рэчы не набытымі, а праект нерэалізаваным. Знаёма? Вядома, перадыхнуць не сорамна ні для каго, але пракрастынацыя, на жаль, ператвараецца ў лад жыцця. І асабліва яна актуальная для падлеткаў. Так вабіць замест вучобы пачаціцца. У адказ на пытанне, што ты там робіш, падлетак можа толькі паціснуць плячыма. Мозг пастаянна загружаны, цела напружанае, а на выхадзе карысці нуль.

Праблемы, што не хочацца вырашаць

На працы завал, не складваюцца адносіны з калегамі, у сям'і наспеў крызіс і непаразуменне. Віртуальная рэальнасць зусім іншая. Тут не трэба нічога вырашаць. А калі і патрабуецца змяніць героя ў гульні альбо адказаць на форуме, то гэта не ўплывае ні на што непасрэдна і не патрабуе выхаду з зоны суб'ектыўнага камфорту.

Шмат інфармацыі

Пачынаецца ўсё быццам бы з добрых намераў, пачытаць цікавы артыкул, даведацца нешта новае. Але інтэрнэт-сёрфінг зацягвае. Чалавек гадзінамі блукае ад адной спасылкі да іншай, гартае стужку спачатку ад цікавасці, а потым таму што не можа ўжо спыніцца. Уся інфармацыя ператвараецца ў адзін вялікі камяк, перамешваецца ў галаве.

Імкненне да лёгкай нажывы

Анлайн-казіно паставілі праблему залежнасці ад інтэрнэту на новы ўзровень. Апантанасць да гульні і камп’ютарная залежнасць змяшаліся ў адно. Што прыводзіць да сумных наступстваў не толькі ў віртуальным, але і ў рэальным жыцці. Імкненне выйграць прымушае загружаць праграму яшчэ і яшчэ. У выніку гульцы «спускаюць» не толькі ўласныя грошы, але і зберажэнні сваёй сям'і. На думку псіхолагаў, залежнасць ад анлайн-казіно бывае нашмат мацнейшая, чым ад звычайных «аднарукіх бандытаў». А іх даступнасць прыводзіць да таго, што на гэтую «іголку» падсаджваюцца зусім юныя карыстальнікі інтэрнэту (у ход ідуць любыя хітрыкі, ажно да таго, што каб зарэгістравацца на такіх сайтах, падлеткі выкарыстоўваюць пашпартныя даныя бацькоў).

Асноўныя прычыны інтэрнэт-залежнасці ў дзяцей і падлеткаў

  • Не хапае ўвагі ад бацькоў.
  • Цяжкасці ў зносінах з аднагодкамі, «цкаванне» дзіцяці ў школе.
  • Няўпэўненасць у сабе, комплексы, сарамлівасць у рэальных зносінах.
  • Імкненне да новага.
  • Жаданне не адставаць ад модных тэндэнцый.

Як бачым, у той ці іншай ступені залежны чалавек спрабуе збегчы з рэальнасці. Бо ў ёй ёсць нейкая сітуацыя, што траўміруе, праблема ці патрэбы, якія не задавальняюцца напрамую. Важна разумець, што віртуальны свет – сурагат. Жыццё толькі ў мроях збядняе сучаснасць. Замест маленькіх радасцей тут і цяпер залежныя песцяць толькі свае мары, якія так і не рэалізуюцца. Бо час і энергія сыходзяць у пустэчу.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 84

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.