08.06.2017
08.06.2017

«Праграмуем» здароўе і поспех з казкатэрапіяй

logo
Здароўе дарослых
0 106
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Аднойчы ты станеш дарослым настолькі, што зноў пачнеш чытаць казкі».


Знакаміты брытанскі і ірландскі пісьменнік Клайв Стэйплз Люіс меў рацыю. Казка можа не толькі забаўляць або развіваць уяўленне, а яшчэ і змяняць наша жыццё, лячыць. Унікальны метад казкатэрапіі падыходзіць і дзецям, і дарослым.

Пра тое, для чаго патрэбна казкатэрапія, Слушна пагутарылі з практыкуючым псіхолагам, псіхадраматэрапеўтам, вядучай трэнінгавых і навучальных груп Вольгай Гаранінай.

Казкатэрапія

казкатэрапія для дзяцей

Для чаго патрэбна і якія праблемы вырашае казкатэрапія?

  • Карэкцыя эмацыйна-валявой сферы ў дзяцей і дарослых (страхі, трывожнасць, агрэсія і т. д.);
  • унутрыасобасныя і міжасобасныя канфлікты;
  • адхіленні ў паводзінах;
  • пытанні ўзаемаадносін у сям'і (як паміж мужам і жонкай, так і паміж бацькамі ды дзецьмі);
  • псіхасаматыка;
  • пытанні бізнесу;
  • стасункі ў калектыве;
  • экзістэнцыяльныя пытанні (хто я, для чаго жыву) ды інш.

Казку як сродак псіхалагічнай дапамогі можна эфектыўна выкарыстоўваць ужо з 2–2,5 гадоў. Узроставай мяжы ў казкатэрапіі нават для дарослых няма.

Як менавіта ідзе праца з казкамі?

— Дыяпазон метадаў вельмі вялікі. Казкі можна аналізаваць, распавядаць, дапісваць, перапісваць, маляваць, складаць, пражываць...

Эфектыўнасць казкатэрапіі для дзяцей і дарослых у першую чаргу звязана з тым, што яна вельмі мякка і асцярожна абыходзіць псіхалагічныя абароны чалавека. Казка працуе наўпрост з падсвядомым, перакладаючы яго на мову метафар.

– Я асабіста вельмі люблю казкатэрапію за яе далікатнасць, шматслаёвасць і шматзадачнасць, за яе мудрасць і бясконцую веру ў лепшае. І дзякуючы гэтым яе якасцям мы можам апусціцца менавіта на тую глыбіню сэнсаў і значэнняў, якая найбольш камфортная і магчымая для чалавека на дадзены момант. Казка не цісне і не траўміруе, яна стварае атмасферу чарадзейства і цуду, што само па сабе здорава. Варта нам толькі пачаць ткаць палатно аповеду, як у нашай псіхіцы пачынаюцца пазітыўныя пераўтварэнні.

У чым адрозненне працы з дзецьмі і дарослымі?

— Казкатэрапія дзіцячых праблем — бяспройгрышны варыянт. З дарослымі справы ідуць крыху больш складана, хіба таму, што не кожнаму да душы «займацца гэтым глупствам».

Істотных адрозненняў у працы з дзецьмі і дарослымі ў казкатэрапіі няма. Мы выкарыстоўваем адны і тыя ж прыёмы, але з улікам узроставых характарыстык і запатрабаванняў кліента. Напрыклад, мы са спакойнай душой можам абмяркоўваць казку «Калабок» як з дзеткамі, так і з іх бацькамі. І кожны з іх знойдзе свой сэнс і ўрок. З дзецьмі мы можам раскрыць праблему бяспечных паводзінаў, а з дарослымі тое, што нават калі здаецца, рэсурсаў ужо няма, не варта здавацца.

Колькі сеансаў казкатэрапіі патрэбна для вырашэння праблемы?

— Залежыць ад яе складанасці і глыбіні. Некаторыя пытанні можна і за адну сустрэчу вырашыць, у іншых выпадках і дзесяці мала.

Ці можаце прывесці канкрэтны выпадак, калі казкатэрапія спрацавала літаральна «на вачах»?

— Водгукаў кліентаў па працы з казкатэрапіяй заўсёды шмат. Гэты метад вельмі ўдзячны.

Напрыклад, 8-гадовага Сашу мама прывяла на прыём па рэкамендацыі ўрачоў: «Звярніцеся да псіхолага, бо арганічных парушэнняў няма, хутчэй за ўсё гэта псіхасаматыка». Дыягназ — «астэахандроз пятак». Праявы — кульгавасць (цалкам здаровы хлопчык раптам стаў кульгаць), частыя галавакружэнні, млоснасць.

Пасля першага знаёмства мы выявілі шмат гневу, страху, крыўды, якія лакалізаваныя на цялеснай карце менавіта ў нагах.

Для таго, каб даведацца, што ж хаваецца за гэтымі пачуццямі (якая іх прырода, на каго ці на што яны скіраваныя і г. д.), я звярнулася да свайго любімага ў такіх выпадках метаду — казкатэрапіі.

Чытанне казак з дачкой

На наступнай нашай сустрэчы папрасіла Сашу напісаць казку, пра што яму самому захочацца. І ён зрабіў гэта.

Праз змест казкі мы пазнаёміліся з выцесненай часткай Сашы: нямым чалавекам, які «быў звольнены» і пабудаваў сабе велізарную каменную пячору, у якой і хаваўся ўжо тысячы гадоў. Гэты маўклівы чалавек увасабляў усё тое, што Саша хацеў сказаць і зрабіць, але не мог са страху быць адрынутым. Бо на думку дзіцяці, добрыя і паслухмяныя дзеці не могуць гневацца і крыўдзіцца на сваіх бацькоў, вінаваціць іх у нечым. І Саша «затаптаў» у сабе гэтага чалавека, што і прывяло да апісаных вышэй сімптомаў.

Маёй задачай было дапамагчы Сашы сустрэцца твар да твару са сваёй ценявой часткай і прыняць яе. З гэтай мэтай мы працягнулі працу з казкамі. На гэтым і наступных сеансах мы працавалі з напісанымі Сашам казкамі: абмяркоўвалі, рабілі пастаноўкі метадам монадрамы, малявалі да іх ілюстрацыі, ляпілі герояў, гутарылі. Увогуле, весела і разнастайна праводзілі час, а на ўзроўні псіхічнай рэальнасці упэўненымі крокамі ішлі на сустрэчу з Ценем Сашы. Паралельна я шмат часу надала зносінам з мамай хлопчыка, бо карані выяўленых праблем ішлі ў сістэму сям’і.

Мама атрымала рэкамендацыі, якія прыняла да ведама і выканала. На поўнае вырашэнне пастаўленай задачы спатрэбілася 10 сеансаў казкатэрапіі, цялесныя ж сімптомы зніклі ўжо да 5–6 сустрэчы.

Каштоўнасць казкі ў тым, што яна раскрывае тыя пачуцці і эмоцыі, якія мы самі можам хаваць ад сябе. Казка можа дапамагчы мякка і асцярожна звязацца з нашым падсвядомым і прыбраць тыя блокі, якія перашкаджаюць пачувацца шчаслівым. Ваша жыццё даўно ідзе па нейкім няправільным сцэнары? Добрая навіна ў тым, што ў любым узросце яго можна перапісаць. Казкатэрапія актуальная і эфектыўная і для дзяцей, і для дарослых.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 106

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама