02.05.2018
02.05.2018

Прарыў міжнароднага ўзроўню (+ відэа)

logo
Навiны
0 48
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Беларусь рыхтуе дакументы аб уступленні ў Міжнародную федэрацыю акушэраў-гінеколагаў (FIGO).

Дасягненні нашай краіны ў галіне аховы здароўя маці і дзіцяці не засталіся незаўважанымі міжнароднай прафесійнай супольнасцю. Беларусь атрымала запрашэнне аб уступленні ў федэрацыю ад ганаровага генеральнага сакратара FIGO Жана Карла дзі Рэнца (Італія).

Перспектывы такой важнай падзеі абмеркавалі міністр аховы здароўя Валерый Малашка, Жан Карла дзі Рэнца, а таксама замежныя госці - старшыня камітэта бяспечнага мацярынства Міжнароднай федэрацыі акушэраў-гінеколагаў Дыёга Айрэс-дэ-Кампас (Партугалія) і прэзідэнт Іспанскага грамадства жаночага здароўя Сант'яга Паласіяс.

Дзелавая сустрэча адбылася ў рамках II Міжнароднага міждысцыплінарнага кангрэса «Праблемы рэпрадукцыі: інавацыйныя тэхналогіі ў рэпрадуктыўнай медыцыне».

— Я на сто працэнтаў падтрымліваю ўступленне Беларусі ў FIGO, – адзначыў на сустрэчы прафесар Жан Карла дзі Рэнца. – Наша федэрацыя налічвае звыш сотні сертыфікаваных супольнасцей, а гэта больш за мільён урачоў акушэраў-гінеколагаў. З аднаго боку, СААЗ і ААН могуць дыктаваць нейкія нормы, кіраўніцтва, але менавіта мы з'яўляемся той арганізацыяй, якая ўводзіць рэкамендацыі ў дзеянне на карысць маці і іх дзяцей. Ужо ў кастрычніку Беларусь зможа стаць паўнавартасным удзельнікам. Я ўражаны ўзроўнем арганізацыі, а таксама высокай якасцю і падрыхтоўкай беларускіх урачоў. Вы зможаце падзяліцца назапашаным вопытам у дапамогу іншым краінам. Удзел у FIGO – гэта вельмі добрыя магчымасці для навучання. Думаю, што Беларусь магла б займаць цэнтральнае месца ў арганізацыі адукацыйных курсаў. Бо, акрамя добрай базы, у вас вельмі выгаднае геаграфічнае становішча.

Валерый Малашка са свайго боку адзначыў, што нашай краіне вельмі важна мець такога сябра. Міністр аховы здароўя запэўніў, што за Беларусь чырванець не прыйдзецца: нашы спецыялісты ўмеюць хутка вучыцца, чула рэагуюць на заўвагі і прапановы. Нягледзячы на тое, што ў краіне добрая сістэма арганізацыі дапамогі маці і дзецям, вучыцца ўсё ж ёсць чаму. У першую чаргу, новым тэхналогіям, якія Беларусь можа атрымаць у краінах, што ўваходзяць у FIGO. Валерый Малашка выказаў надзею, што нашыя спецыялісты могуць быць уключаны ў міжнародную праектную дзейнасць, прымаць удзел у распрацоўцы пратаколаў, алгарытмаў лячэння, а таксама стаць базай для правядзення навучальных мерапрыемстваў для розных краін.

Пакет дакументаў для ўступлення Беларусі ў Міжнародную федэрацыю акушэраў-гінеколагаў ўжо падрыхтаваны. Канчатковае рашэнне будзе агучана на кангрэсе FIGO у кастрычніку, які пройдзе ў Рыа-дэ-Жанейра.

Фота і відэа – Генадзь Сукач.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 48

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.