10.07.2021
10.07.2021

Шчыткавіцкая Прошча: верым, просім… Абракаемся!

logo
Адметнасць беларусаў
0 94
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ёсць на зямлі такія месцы, мясціны святыя… Ці, лепей сказаць, месцы-мясціны сілы… Дзе нават чалавек, які не верыць у Бога, адчувае штосьці такое, невытлумачальнае... 4 гады таму мне пашчасціла пабываць у шчыткавіцкай Прошчы, што знаходзіцца на Старадарожчыне і з’яўляецца адным з сямі цудаў гэтага самабытнага краю.

У мясціне з таямнічымі легендамі-паданнямі, хаця і не такога далёкага ўжо часу, і не менш таямнічым знаходжаннем – глыбока ў лесе. Зрэшты, хто верыць, альбо каму дужа трэба – я ўпэўненая: Прошча да сябе пакліча і выведзе…

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча-2017.

Прошча – значыць… цуды

Калі я ўпершыню пачула слова «прошча», дык, прызнацца, нават не зразумела, пра што ідзе гаворка. Хаця пэўныя асацыяцыі ўзніклі з рускім словам «прощать».

А як тлумачыцца значэнне слова ў Вікіпедыі? Чытаем: «Прошча месца, якое, паводле ўяўленняў вернікаў, надзелена незвычайнымі надпрыроднымі (сакральнымі) сіламі i ўласцівасцямі. Характэрных, галоўным чынам, для паўночнага Палесся. Агульная рыса для ўсіх святых месцаў такога тыпу  устойлівы характар рытуальных дзеянняў (ахвяраванні, абраканні), арганізаванасць сакральнай прасторы (наяўнасць крыжоў, агароджаў, каплічак), а таксама прымеркаванасць іх калектыўнага ўшанавання да пэўных свят каляндарнага кола».

Якія ж цуды, па сведчанні вернікаў, здараліся на тым месцы, дзе пасля абуладкоўвалі пэўным чынам прошчу (ставілі капліцы, крыжы і г.д)? Найчасцей гэта – з’яўленне Маці Божай перад чалавекам альбо групай людзей і яе невытлумачальнае знікненне, а таксама хуткія (сапраўды цудадзейныя) пазбаўленні ад хваробаў.

Цікава, што многія прошчы адлюстроўваюць паганскія (язычніцкія) ўяўленні нашых продкаў. І, тым не менш, над імі здаўна апякуюцца царква, святары. Як і над шчыткавіцкай Прошчай, што на Старадарожчыне.

У якасці лірычнага адступлення…

Падчас маёй працы ўласным карэспандэнтам абласной газеты шмат разоў даводзілася бываць на гасціннай Старадарожчыне. І штораз, нягледзячы на складанасць паездак (каб дабрацца ад майго Чэрвеня да Старых Дарог, трэба задзейнічаць тры віды транспарту. І каб расклад супаў, а адменаў рэйсаў не было!), атрымлівалася назбіраць цікавага матэрыялу не на адзін аповед.

У многім – дзякуючы цудоўнай арганізацыі маіх вандровак па раёне (дамова на месцах з людзьмі, выдзяленне транспарту, суправаджэнне, абед) Дзмітрыем Давыдавым (на той час – намеснік старшыні Старадарожскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце, зараз – старшыня раённага Савета дэпутатаў) і Святланай Каролька (начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама).

Чаму ўзгадваю пра гэта тут? Бо і тая вандроўка ў Прошчу была таксама цудоўна арганізаваная. А гэта, на хвілінку, не блізкі свет – км 30 ад Старых Дарог толькі да населенага пункта, але не да самой Прошчы.

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча

А там я пазнаёмілася яшчэ з адной цудоўнай жанчынай – старшынёй Шчыткавіцкага сельвыканкама Людмілай Дражын (на здымку – справа, злева – Святлана Каролька). Аказваецца, на машыне трапіць да Прошчы няпроста: дзесьці там, у лесе, размешчаная… база інжынерных боепрыпасаў! Я тут ніякіх вайсковых сакрэтаў не выдаю?! Толькі ж назвала. А больш і сама нічога не ведаю…

Таксама заязджаем у вёску Вішнеўка (націск на першым складзе), дзе да нас далучаецца яе жыхарка Ганна Пышная. Бо можа штосьці распавесці мне аб Прошчы! Ну што, паехалі?!

Чым далей у лес, тым… бліжэй да Прошчы

… Наперадзе – шлагбаўм, які адчыняецца перад намі, дзякуючы папярэдняй дамове Людмілы Дражын з вайскоўцамі. Можна было б і адсюль пешкі… Але ж… Часу не так багата. А ножкамі – усё ж далекавата.

Пад’язджаем, колькі можна, і ідзем па прыгожым лесе. Зеляніна яркая, шышкі пад нагамі і такое свежае паветра… Проста цуд! Па дарозе фатаграфую адну з таблічак, якіх тут на дрэвах стае… Вось так, сябры мае! Асцярожна!

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча: асцярожна!

Кручу галавой па баках і раптам… Абсалютна нечакана, здаецца – проста з паветра саткалася… Паляна з крыжамі! Дык вось ты якая, шчыткавіцкая Прошча!

Зацікаўлена, але з пэўнай доляй якойсьці боязі, асцярогі абыходжу паляну. Я ж не вернік, памятаеце? Але тут… Штосьці такое адчуваецца. У пэўныя хвіліны – нават мароз па скуры!

Крыжы самыя розныя, з завязанымі на іх рушнікамі ды хусцінкамі. А адзін маленькі крыжык – ля неглыбокай ямкі.

Па тлумачэнні звяртаюся да Ганны Пышнай. Маўляў, што гэта?

– Адсюль здаўна людзі бяруць зямлю, пясочак, – тлумачыць Ганна Сяргееўна. – Настойваюць ваду на ім, вочы прамываюць… І прасвятляюцца…

– Дык а штосьці ж ямка малая, – дзіўлюся. – Да старажытнай не дужа падобная…

– Дык яна абтоптваецца, абсыпаецца, зарастае…

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча. Цудадзейная ямка.

Зрэшты, зразумела. Насамрэч, не з рыдлёўкамі ж сюды прыходзяць-прыязджаюць. І не ў прамысловых маштабах зямлю бяруць, каб яміна паглыбілася да памеру кар’ера… І ўсё ж…

Ці тое праўда, ці – прыгожыя легенды…

– Ганна Сяргееўна, а чаму менавіта ў гэтай ямцы пясок, па ўяўленнях людзей, лекавы?! – працягваю распытвацца.

– Я ад людзей рознае чула. Сама, праўда, не тутэйшая. Але ў дзяцінстве часта гасцявала ў бабы з дзедам, непадалёк. У той час, зразумела ж, нічым такім не цікавілася. Гэта пазней ужо, як замуж выйшла, дык шмат чаго ад мясцовых пачула.

Адны казалі, што аднойчы ў гэтым лесе заблукаў хлопчык. Яго шукалі і не маглі знайсці. Хадзілі, гукалі, плакалі, ажно пакуль ні натрапілі на жанчыну, якая ляжала тут распранутая. Яна папрасіла: «Вы мяне прыкрыйце, а я скажу, дзе ён. Не плачце, жывы. З ім усё добра. Ідзіце туды і туды…»

Людзі яе прыкрылі. А пакуль хадзілі па хлопчыка і вярталіся, жанчына знікла. Толькі во гэтая ямка засталася – на тым месцы, дзе яна ляжала…

– І хто гэта быў?! Што людзі падумалі?!

– Што гэта Маці Божая. А іншыя так распавядалі. Аднойчы пайшла дзяўчына ў лес, у грыбы ці ягады… І таксама заблукала. Доўга хадзіла, шукала сцежку, плакала…

І раптам перад ёю з’явілася добра апранутая жанчына. Яна сказала: «Ты мне пасцялі пад ногі хустачку з галавы, а я падкажу, куды ісці». Дзяўчына так і зрабіла. А незнаёмка быццам пачала ад яе аддаляцца. Хаця пры гэтым не ішла, а стаяла на месцы.

Сказала толькі: «Во табе дарога… Ідзі проста!» Дзяўчына спужалася і пабегла з лесу. А калі прыйшла туды на наступны дзень, дык нічога не знайшла. Толькі ямку на тым месцы, дзе жанчыну бачыла…

У нас дзве жанчыны хочуць адбудаваць каплічку на гэтым месцы. Яна ж тут даўней была. І сюды столькі людзей ішло і ехала на конях! На Узвіжанне службы правілі. І нават сам епіскап Слуцкі і Салігорскі Антоній быў, новы паклонны крыж асвячаў.

... Забягаючы наперад. Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, старшыня Шчыткавіцкага сельвыканкама Людміла Дражын паведаміла, што каплічку сапраўды атрымалася пабудаваць! Дзякуючы добрым і неабыякавым людзям. Яна таксама асвечаная. А значыць, шчыткавіцкая Прошча зараз зрабілася яшчэ больш падобнай  да сябе самой на самым пачатку з'яўлення...

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча. Ганна Пышная.

– А чаму столькі людзей тут было і бывае? Як вы думаеце?!

– Дык малітвы ж дапамагаюць! Ды і месца цудадзейнае, нават калі не браць зямлю з ямкі, а проста памаліцца ці крыж паставіць… Кажуць, што тут вылечваюцца не толькі ад хваробаў вачэй, але і ад іншых, самых сур’ёзных.

Даўней прыязджала сюды адна жанчына, яе няма ўжо. Распавядала, што брат яе пасля вайны такі хворы быў… Казалі – не ачуняе. А маці як пачала сюды хадзіць ды прасіць… Ён і вылечыўся.

– Ганна Сяргееўна, а вы самі ці прасілі тут калі? Ці дапамагала? І ці адчуваеце вы штосьці асаблівае ў гэтым месцы?

– Я і ў царкве бываю, і ў Прошчы. Як памолішся тут, неяк лягчэй робіцца на душы. І дапамагае. Калі шчыра просіш. Ды мне ўсё жыццё Бог дапамагае. А яно ў мяне складанае і дужа цяжкае…

Абракацца – значыць… абяцаць

Таксама не зусім зразумелым сталася для мяне слова «абракацца», калі пачула яго ўпершыню. Аказваецца, як мне патлумачылі, гэта значыць – даваць абяцанне Богу, Маці Божай, вышэйшым сілам прынесці дар альбо ахвяру. Ці не абяцаць, а адразу ж тое зрабіць. Паставіць крыж, узвесці каплічку, завязаць на крыжы ручнік, пакінуць грошы, прадукты…

Усё гэта робіцца разам са шчырай просьбай аб дапамозе, вылячэнні. І, вядома ж, з верай. Бо без яе – ніяк!

А як Прошча да сябе выводзіць, калі чалавеку трэба… Нават каб проста пабыць тут і памаўчаць. Магчыма, без аніякіх просьбаў. А каб зарадзіцца дзівоснай энергетыкай… Дык пра тое я пачула гісторыю ад старшыні Шчыткавіцкага сельвыканкама Людмілы Дражын.

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча. Старшыня Шчыткавіцкага сельвыканакама Людміла Дражын.

Аднойчы яна каталася па гэтым лесе на лыжах і захацела наведаць Прошчу. Дзень ужо хіліўся да змяркання. І Прошча павінна была б паказацца ўжо… А яе няма і няма.

Але Людміла Мікалаеўна паставіла сабе мэту: дайсці і знайсці. А зімовы лес – ён жа досыць аднастайны. Няма асаблівых арыенціраў. І толькі пра гэта яна падумала, як перад ёю… паляна з крыжамі адкрылася. Вось дакладна мае ўражанні: быццам з паветра саткалася! Відаць, адчула Прошча, што чалавек усёй душой да яе імкнецца. І вывела…

Што этнограф Сербаў напісаў…

А ці вядома штосьці пра час узнікнення шчыткавіцкай Прошчы з пісьмовых крыніц? Так! Дзякуючы таму, што да нашых дзён дайшлі ўнікальныя даследаванні вядомага этнографа Ісака Сербава. Частка з іх змешчаная ў буклеце аб шчыткавіцкай Прошчы, які з’явіўся на свет дзякуючы намаганням супрацоўнікаў мясцовай раённай газеты «Навіны Старадарожчыны».

Прыкладны год з’яўлення Прошчы – пачатак 1900-х. А вось якая легенда існавала ў народзе ў той час. Яе занатаваў Ісак Сербаў у кнізе «Беларусы-сакуны» 1915 года выдання (пераклад на бел.мову мой. – С.А.):

Прошча. Шчыткавіцкая Прошча з кнігі Ісака Сербава.

«Сакуны здаўна праваслаўныя. Нядаўна сакуны адкрылі ў лесе, паблізу Шчыткавічаў, месца для пакланення «Прошчу». 60-гадовы стары Барыс Барсук распавядаў пра адкрыццё Прошчы: «У нас у Шчыткавічах жыў добры чалавек Лявон Страмок, добры гаспадар і працаўнік.

Ён чытаў святыя кнігі. На трыццатым годзе свайго жыцця Лявон пакінуў сваю хату, жонку і маці і пайшоў у свет. Часта ён жыў у лесе ў ямцы і харчаваўся зямлёй ды вадой, а яму здавалася, што гэта хлеб ды масла.

Прыходзячы з пустэльні дахаты, Лявон расказваў, што перад ім з’яўляліся святыя і анёлы. Увесну (1912г.) у праводную нядзелю яго маці Алена была ў лесе. Раптам перад ёй з’явілася шмат людзей. Сярод іх з’явілася Божая Маці ў сіняй сукні і сказала: «Абкружыце мяне!» Пачуўся тут і голас Святога Мікалая.

Ад страху Алена адышлася крыху назад. Божая Маці ўкленчыла. І ўсё знікла. Толькі пад хвояй на пяску бачыўся вобраз Немаўляці са скрыжаванымі рукамі на грудзях. Алена ў той жа дзень зрабілася невідушчай.

У наступную нядзелю яна аднесла на тое ж месца бохан хлеба і зноўку пачала бачыць. На наступны год падчас Вялікага Посту Лявон зноўку пайшоў у пустэльню. Перад Аленай удзень з’явіўся святы і сказаў: «Алена! Адкрый Прошчу – вернецца сын твой!» – «Як жа мне яе адкрыць?» – «Ідзі да Прошчы і сустрэнеш па дарозе чалавека. Скажы яму, няхай паставіць крыж на тым месцы, дзе з’явілася табе Божая Маці!»

У суботу Алена пайшла да Прошчы. Па дарозе сустрэла Міхаіла Табельчука і сказала яму паставіць у Прошчы крыж. У нядзелю Лявон вярнуўся з пустэльні. Пазней Табельчук бачыў у сне самога Бога і паставіў у Прошчы другі крыж, і зрабіў капліцу.

Божая Маці з’явілася Пятру Кур’яновічу і Цімафею Пільшчыку. Яны таксама паставілі крыжы з капліцамі. Зараз (1912 г.) у кожную нядзелю, на якую выпадае маладзік, на Прошчу збіраюцца тысячы людзей, у асноўным жанчын, якія моляцца, поўзаюць на каленцах вакол капліцы і бяруць жменю зямлі з таго месца, дзе, па аповедах Алены, ляжала Немаўля».

На развітанне – пра Ганну…

І падчас чарговага лірычнага адступлення не магу не распавесці яшчэ крыху пра Ганну Пышную. Сама-то яна пра сябе распавядала неахвотна. Давялося Людміле Дражын умяшацца…

Аказваецца, Ганна Сяргееўна Пышная амаль 40 гадоў адпрацавала даяркай. Нарадзіла і выхавала разам з мужам 5 дзяцей. А за лепшыя паказчыкі ў працы аднойчы выйшла пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва і атрымала з Масквы, з ВДНГ… «Масквіч»!

– А хто ж на машыне ездзіў? – пытаюся ў Ганны Сяргееўны.

– Сын, зяць…

А вось дарэмна, дарэмна я не прызнала ў Ганне Пышнай… вадзіцеля! Аказваецца, яна ў сваім узросце (у 2017-м мела 72 гады. – С.А.) ездзіць… на скутары! У тым ліку і ў Прошчу…

Прошча. Да шчыткавіцкая Прошчы – на скутары.

Калі я падчас падрыхтоўкі гэтага матэрыялу запыталася ў старшыні Шчыткавіцкага сельвыканкама Людмілы Дражын, ці ездзіць Ганна Сяргееўна на скутары зараз, яна адказала станоўча! Так! У 76 гадоў! Толькі, хіба, крыху радзей, чым раней…

А яшчэ яна (як высветлілася з размовы ў 2017-м) выпякае свой вельмі смачны хлеб, вяжа, займаецца вялізным агародам, кветкамі… Вось такія людзі жывуць у беларускай глыбінцы!

… А тым часам шчыткавіцкая  Прошча ўжо другую сотню гадоў ціха стаіць сабе у прыгожым лесе. Яе закалыхвае пошум хвояў, а абуджаюць толькі людзі, якія ідуць сюды з верай і надзеяй: прасіць, маліцца, абракацца…

Фота – з архіва аўтара.

P.S. А калі хтосьці з вас, шаноўныя сябры, вырашыць наведаць шчыткавіцкую Прошчу, дык супрацоўнікі тамтэйшага сельвыканкама з радасцю пакажуць туды дарогу і распавядуць, што самі ведаюць.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 94

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".