27 Лютага
27.02.2019

Пруткі ды клубкі – нашы... лекары?!

logo
Думкі ўслых
120 0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці любіце вы вязаць так, як люблю гэта рабіць я?! Даўно, разнастайна, з задавальненнем і шмат. У выніку мы ў сям’і маем сапраўды адмысловыя рэчы. А той, у чыіх руках ходка рухаюцца пруткі, аказваецца, яшчэ і... лечыцца!

Толькі прыйшоўшы на гэты партал, пачала задумвацца аб тэрапеўтычным эфекце самых простых рэчаў. І шмат даведвацца пра прадукты, спосабы вылячэння ад хвароб і не толькі. І што таматны сок з дабаўкамі можа дапамагчы пры грыпе, і што хварэць за любімую каманду карысна для здароўя... А цяпер вось – пра вязанне.

Калісьці гэтай даволі мудрагелістай справе мяне, яшчэ малую, навучыла бабуля Ксенія, вечная ёй памяць. Далей, як было прынята напрыканцы мінулага ўжо стагоддзя, я вывучала ўзоры і спосабы іх вывязвання па кнігах, якія тады сапраўды цаніліся. У выніку ўжо ў гадоў 17 магла звязаць рэчы, што не сорамна было апранаць людзям дарослым.

Мне заўсёды падабалася адчуванне мяккасці нітак у пальцах, сам працэс вязання. Калі былі – проста ніткі, а атрымліваецца – рэч! І ніколі не задумвалася, што такім чынам... нармалізуецца ціск! Вучоныя сцвярджаюць, што менавіта вязанне яго паніжае плюс ратуе ад галаўнога болю. Ну, хіба не цуд?! І справа любімая, і лечыць!

Даказана, што вязанне здымае нервовасць, стрэс і паляпшае сон. Ёсць меркаванне, што у тых, хто прафесійна займаецца гэтай, так бы мовіць, нітачнай творчасцю, радзей бывае інсульт, атэрасклероз, інфаркт міякарда.

Прачытаўшы пра гэта ў адной крыніцы, так зацікавілася, што пачала шукаць пацверджання ў іншых. І – чарговае вялікае здзіўленне! Аказваецца, грунтоўным вывучэннем тэрапеўтычнага эфекту вязання занялася псіхатэрапеўт з Вялікабрытаніі Бэтсан Коркхіл. Яна апытала (толькі ўявіце сабе!!!) 3500 аматарак вязання з 31-й краіны свету! І напісала кнігу «Вязанне для здароўя і дабрабыту».

Дык вось пра адну з яе цікавых высноў. Поза вязальшчыцы, калі рукі размешчаны спераду прыкладна ў сярэдзіне тулава, псіхалагічна працуе на ўмацаванне ўласных межаў і пашырае асабістую прастору. У працэсе вязання задзейнічаны абедзве рукі і, адпаведна, абодва паўшар’і галаўнога мозгу. І ўсё гэта добра ўздзейнічае на псіхіку.

А вы ведаеце, што вязанне – гэта практычна тая ж медытацыя?! Яно і расслабляе, і сапраўды супакойвае нервовую сістэму. А якое непадробнае задавальненне адчуваеш, калі робіш апошні сцяжок пры сшыванні частак і атрымліваеш гатовую эксклюзіўную рэч!

Неяк летась я «падсела» на вывязванне кухонных прыхватак і іх разнастайнае аздабленне. Справа няхітрая і хуткая. Дык вось пры атрыманні кожнай пары радасці сапраўды было мора! А вязанне шкарпэтак па-французску – на двух прутках?! Пакуль там на пяці справішся... Няёмка, пруткі могуць выслізгіваць. А так і зручна, і вельмі хутка...

Самае цікавае, што даследаванні, апрача іншага, паказалі: той, хто бярэ ў рукі пруткі часцей за тры разы на тыдзень, больш шчаслівы і спакойны! Дык вось чаго нам, аказваецца, не хапае для шчасця! Мяккіх нітак для вязання, пары пруткоў... Ад сябе дадам: і гарэзлівага кацяняці, якое будзе з тымі клубкамі гуляцца! Ажно два пушыстыя цуды адразу! Недарэмна ж карцінкі і фотаздымкі з такім сюжэтам выклікаюць замілаванне пры адным толькі позірку.

Таму бяромся пакуль усё яшчэ доўгімі вечарамі за вязанне. І... Цудоўнага ўсім рэлаксу і выдатнага самаадчування!

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

120 0 33

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых». З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.). Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.