23 Верасня
23.09.2020

Прычыны і сімптомы хранічнай сардэчнай недастатковасці

logo
Кантралюй здароўе
0 0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Сэрца чалавека можна параўнаць з помпай, якая забяспечвае пастаянны і бесперабойны рух крыві па сасудах. Калі сэрца здаровае, кроў з левага жалудачка накіроўваецца да органаў, дастаўляючы ім кісларод і пажыўныя рэчывы. Затым яна, але ўжо з нізкім утрыманнем кіслароду, вяртаецца ў правую частку сэрца і транспартуецца ў лёгкія. Тут кроў зноў насычаецца кіслародам і паступае ў левы жалудачак.

Хранічная сардэчная недастатковасць. Як сэрца пампуе кроў.

Калі галоўная функцыя сэрца аслабленая, гэта можа сведчыць пра тое, што развілася сардэчная недастатковасць. Яна бывае вострай і хранічнай, можа закранаць толькі адзін з жалудачкаў альбо абодва. Пры прагрэсаванні працэсу захворванне можа прывесці да смерці чалавека.

Пра прычыны і сімптомы хранічнай сардэчнай недастатковасці журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавёў загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар Андрэй Прыстром.

Чаму сэрцу робіцца цяжка

Па словах Андрэя Прыстрома, пра прычыны развіцця сардэчнай недастатковасці можна гаварыць практычна бясконца. Да гэтага прыводзяць як сардэчна-сасудзістыя захворванні, так і хваробы іншых органаў і сістэмаў чалавека. Напрыклад, захворванні нырак, дысфункцыя шчытападобнай залозы (гіпатэрыёз і гіпертэрыёз), цукровы дыябет, атлусценне, паталогіі бронхалёгачнай сістэмы і інш.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Можна пералічыць велізарную колькасць захворванняў, якія так ці інакш могуць прывесці да сардэчнай недастатковасці. Сёння сардэчная недастатковасць разглядаецца не як самастойная назалогія, а як ускладненне сардэчна-сасудзiстых, а таксама несардэчных хваробаў.

Хранічная сардэчная недастатковасць. Калі робіцца дрэнна...

Сардэчная недастатковасць вельмі рэдка сустракаецца ў маладых. Часцей за ўсё яна прагрэсуе ў сталым і старэчым узростах. Шмат у чым гэта звязана з тым, што з узростам у чалавека назапашваецца пэўны «багаж» розных захворванняў, у тым ліку адбываюцца дэгенератыўныя змены міякарда. Пачынаючы з 60 гадоў, крывая захваральнасці ідзе ўверх, а ва ўзросце 70-75 гадоў прыкладна 10% людзей па розных прычынах «выходзяць» на хранічную сардэчную недастатковасць. Прычым фактараў, якія справакавалі развіццё гэтага стану, можа быць не адзін-два, а значна больш.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Сардэчная недастатковасць – сітуацыя, калі сэрца не спраўляецца з той работай, якую яно павінна выконваць. Адна з частых прычынаў – патаўшчэнне сценак сэрца, гіпертрафія міякарда (бывае пры артэрыяльнай гіпертэнзіі). У выніку з-за вялікай масы сэрца не паспявае расслабіцца і за неабходны прамежак часу выкідвае меншы аб'ём крыві.

Прывесці да развіцця хранічнай сардэчнай недастатковасці можа і арытмія. Сэрца павінна расслабіцца, увабраць у сябе неабходны аб'ём крыві, затым выкінуць яго. Але паколькі сэрца пры арытміі скарачаецца часта, дык зрабіць гэта належным чынам яно папросту не паспявае. У выніку – меншы аб'ём крыві за хвіліну, чым павінна быць у норме.

Хранічная сардэчная недастатковасць. ЭКГ.

Яшчэ адна прычына хранічнай сардэчнай недастатковасці – ішэмічная хвароба сэрца. Пры гэтым захворванні адбываецца звужэнне каранарных артэрый (яны забяспечваюць сэрца кіслародам і пажыўнымі рэчывамі). Часцей за ўсё прасвет сасудаў звужаецца ў выніку атэрасклерозу. Калі сітуацыя пагаршаецца, памяншаецца цыркуляцыя крыві, а значыць і сілкаванне сэрца. Усё гэта можа прывесці да інфаркту міякарда. Пасля інфаркту ўтвараецца рубец, і частка міякарда не скарачаецца, а астатняя частка ўжо не ў стане ў поўным аб'ёме выштурхоўваць кроў.

Адрозніваюць вострую сардэчную недастатковасць і хранічную. Вострая развіваецца хутка, характарызуецца цяжкай сімптаматыкай. Яе можа справакаваць сардэчны прыступ, у выніку якога пашкоджваецца якая-небудзь вобласць сэрца. Як правіла, яна стартуе цяжка, але доўжыцца непрацяглы перыяд часу, паляпшэнне стану надыходзіць хутка. Зрэшты, усё ж часцей сустракаецца хранічная сардэчная недастатковасць, якая можа развівацца месяцамі ці нават гадамі, і для яе характэрнае паступовае нарастанне сімптаматыкі.

Тры бакі аднаго захворвання

Калі зніжаецца здольнасць перапампоўваць кроў у левай камеры сэрца, гаворка ідзе пра леважалудачкавую сардэчную недастатковасць.

Хранічная сардэчная недастатковасць.

Існуе два яе віды:

Сісталічная недастатковасць. У гэтым выпадку леваму жалудачку  сэрца не хапае сілы, каб укідваць дастатковы аб'ём крыві ў кроваток.

Дыясталічная недастатковасць. Левая камера не ў стане цалкам расслабіцца, і яе напаўненне крывёю не адбываецца належным чынам.

Праважалудачкавая сардэчная недастатковасць. У дадзеным выпадку парушэнні фіксуюцца ў рабоце правага жалудачка сэрца, які «адказвае» за вяртанне крыві ў лёгкія.

У выпадку паражэння і правага, і левага жалудачкаў сэрца размова ідзе пра бівентрыкулярную сардэчную недастатковасць.

Сімптомы сардэчнай недастатковасці

Асноўныя сімптомы, якія могуць сведчыць пра развіццё сардэчнай недастатковасці, – задышка і хуткая стамляльнасць. Складанасць заключаецца ў тым, што гэтыя ж сімптомы могуць быць прыкметамі іншых захворванняў. У любым выпадку, адзначае Андрэй Прыстром, калі яны з'явіліся, варта прыслухацца да свайго арганізму і паспрабаваць прааналізаваць прычыны, з-за якіх яны маглі ўзнікнуць.

Хранічная сардэчная недастатковасць. Задышка.

Напрыклад, чалавек доўга не займаўся фізічнымі практыкаваннямі. Аднавіўшы актыўныя рухі, ён таксама можа адчуць задышку і хутка стаміцца. Але пры аднаўленні фізічнай формы гэта праходзіць.

 
Андрэй Прыстром
Загадчык кафедры кардыялогіі і рэўматалогіі БелМАПА, д.м.н., прафесар
Калі ж чалавек бачыць, што задышка і стамляльнасць пачалі прагрэсаваць, не праходзяць і нарастаюць, пачалі турбаваць нават у стане спакою, дык самы час звярнуцца да ўрача. Просты прыклад. Раней чалавек мог без намаганняў прайсці хуткім крокам 5 км, а цяпер задыхаецца ўжо на адзнацы 1 км, і сітуацыя не мяняецца да лепшага.

Дарэчы, на раннім этапе развіцця сардэчнай недастатковасці прасочваецца выразная ўзаемасувязь захворвання і фізічнай актыўнасці. У самым пачатку ў стане спакою задышкі няма, яна будзе з'яўляцца толькі пры вялікіх нагрузках. Гэта абумоўлена тым, што пры актыўным руху неабходны большы аб'ём крыві, забяспечыць які сэрца ўжо не ў стане. Калі захворванне прагрэсуе, паступова зніжаецца нагрузка, але задышка ўсё роўна нарастае. У рэшце рэшт, чалавек адчувае цяжкасці пры дыханні нават у стане спакою.

Хранічная сардэчная недастатковасць. Задышка.

Задышка можа таксама сведчыць пра тое, што хвароба прагрэсуе, фарміруюцца застойныя з'явы ў лёгкіх (на рэнтгене лёгкіх будуць бачныя спецыфічныя змены).

Яшчэ адным яркім сімптомам хранічнай сардэчнай недастатковасці з'яўляюцца ацёкі ніжніх канечнасцяў. Як правіла, яны фарміруюцца паступова і найбольш ярка выражаныя да заканчэння дня. Пасля начнога адпачынку ацёкі могуць знікаць альбо памяншацца.

У некаторых выпадках пра хваробу сведчыць выгляд ярэмных венаў, якія размешчаныя на шыі. У такіх людзей яны набрынялыя і добра бачныя. Гэта сведчыць пра павышэнне вянознага ціску з-за парушэнняў у рабоце сэрца.

Пра тое, што хвароба прагрэсуе, можа казаць поза чалавека ў становішчы седзячы: ногі расстаўленыя, тулава трохі нахіленае наперад, а рукі ўпіраюцца ў калені. У такой позе чалавеку крыху лягчэй дыхаць.

З'яўляецца боль у правым падрабрынні з-за павялічанай у памерах печані, што таксама можа быць праявай сардэчнай недастатковасці.

Хранічная сардэчная недастатковасць. Боль у правым падрабрынні.

Своеасаблівым сігналам захворвання можа быць павелічэнне частаты сардэчных скарачэнняў. Нармальным лічыцца пульс ад 60 да 90 удараў у хвіліну. Калі ЧСС вышэй, гэта ўжо можа быць тахікардыя. А збой рытму сэрца, асабліва, калі ён не дыягнаставаны своечасова і чалавек не атрымліваў адэкватнага лячэння, у выніку можа справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці.

Пры цяжкіх запушчаных формах хранічнай сардэчнай недастатковасці магчымыя змяненне колеру скурнага покрыва (ссіненне), з'яўленне велізарных ацёкаў на нагах, а таксама ўтварэнне трафічных парушэнняў на ніжніх канечнасцях, ажно да фарміравання трафічных язваў.

Пра метады дыягностыкі і фактары рызыкі, якія могуць справакаваць развіццё хранічнай сардэчнай недастатковасці, чытайце ў нашым наступным матэрыяле.

Матэрыял прызначаны для распаўсюджвання ў рамках павышэння дасведчанасці пра захворванні. Выкарыстаныя выявы не з'яўляюцца выявамі рэальных пацыентаў. Артыкул створаны пры падтрымцы Novartis Pharma Services AG (Швейцарыя) Прадстаўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь.

BY/CARD/09.2020/pdf/ 74845

Матэрыялы на сайце 24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце 24health.by.

0 0 29

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама