10.01.2021
10.01.2021

Прыгожыя, зялёныя, карысныя… Сёння – Дзень удзячнасці пакаёвым раслінам

logo
Думкі ўслых
0 8
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як часта мы забываемся падзякаваць за штосьці важнае нават самым блізкім людзям… Не кажучы ўжо пра такую «дробязь», як своечасова прытрыманыя дзверы ў метро ды іншыя элементарныя знакі ўвагі. А тут вунь які дзень адметны… Калі можна і трэба дзякаваць… пакаёвым раслінам!

Пакаёвыя расліны. За што ім варта дзякаваць.

За што?! А давайце падумаем. За тое, што лашчаць вока. Цвітуць для нас альбо радуюць яркай зелянінай. Ачышчаюць паветра, насычаюць яго кіслародам. Дапамагаюць падчас хваробы ці проста дрэннага настрою.

Пакаёвыя расліны, вядома ж, не каты ды коткі. Самі не прылашчацца – і іх не пагладзіш. Хаця ведаю гаспадынь, якія якраз-такі могуць пяшчотна гладзіць лісточкі сваіх зялёных гадаванцаў. Затое, як з хатнімі жывёламі, з раслінамі можна… пагаварыць. І хто ведае, магчыма, пасля гэтага яны пачнуць лепей цвісці ці хутка парадуюць новымі лісточкамі…

І калі добрае слова, як вядома, і котцы прыемнае, дык чаму б ні сказаць яго і сваім кветкам?!

У нашай гарадской кватэры яны заўсёды вяліся і вядуцца. Памятаю, як яшчэ мая мілая мамачка прынесла дахаты клубні гіпеаструмаў з сямейства амарылісавых. Але мы іх амарылісамі і прывыклі называць, хаця насамрэч яны крыху адрозніваюцца. Але ж каму ад гэтага дрэнна?!

Пакаёвыя расліны. Карысныя гіпеаструмы.

Абсалютна непатрабавальныя аказаліся расліны. І хаця калісьці, памятаецца, штосьці чытала пра тое, што трэба іх адпраўляць на пэўны час на пакой, практычна не паліваючы… Ніколі такімі мудрагелістасцямі не займалася. Яны заўсёды былі ў нас з лісточкамі. Ды і зараз – ёсць. Ужо фактычна палову майго жыцця…

І толькі нядаўна, пішучы тут, у блогу, пра лекавыя ўласцівасці пакаёвых раслінаў, даведалася, што гіпеаструмы дапамагаюць добраму сну, абуджаюць палёт фантазіі… А калі нюхаць кавалачкі лісточкаў, дык адчуеш антыбактэрыяльны і антывірусны эфекты! Ну, і як жа не быць ім за гэта ўдзячнымі?! Вось зараз якраз адзін – аранжавы – сабраўся зацвісці…

І як не быць удзячнымі тым жа цыкламенам?! Толькі за адну іх летуценную прыгажосць. Гэта ж сапраўдныя матылёчкі на сцяблінках! Зараз якраз спрыяльны час для іх цвіцення. Таксама на паўночным акне іх поўна. Праўда, усе… беленькія. Некаторыя – з ружовай плямкай. Бо ўсе вырашчаныя ўласнаручна з уласнага ж насення.

Пакаёвыя расліны. Цыкламены спрыяюць добраму сну.

Многія кажуць, што гэта вельмі патрабавальныя расліны, якія ніяк не хочуць жыць у пэўнай кватэры. Не ведаю. У мяне з маімі поўнае паразуменне! Тым больш, што яны, вырашчаныя са свайго насення (а для гэтага трэба кветачкі своечасова апыляць), нашмат мацнейшыя, чым куплёныя. Тыя ў глебе з вялікай дозай угнаення сапраўды звычайна знікаюць, не вытрымліваючы такой магутнай стымуляцыі… Назірала не раз.

І – так! Калі вы перайшлі па спасылцы, дык ведаеце, што я па-ранейшаму (і пакуль безнадзейна!) мару пра еўрапейскі цыкламен і жоўты гіпеаструм…

І я ўсё яшчэ, па праўдзе, пачуваюся ніякавата побач са сваімі цыкламенамі і гіпеаструмамі, бо даўным-даўно іх не перасаджвала. Ну, сёння хаця б слоўна ім падзякую! Ды папырскаю… «Экасілам» – дужа любяць! Фактычна адразу робяцца такімі свежымі-свежымі! Гэта я пра любыя пакаёвыя расліны – не толькі пра гэтыя.

Дрэнна спіце, чагосьці баіцеся, адчуваеце, як на мяккіх лапах драпежна падкрадаецца дэпрэсія?! Цыкламен вам павінен дапамагчы. Так сцвярджаюць даследчыкі…

Пакаёвыя расліны. Цыкламены варта трымаць у спальні.

А памятаеце, што многія пакаёвыя расліны выдатна ачышчаюць паветра?! Падзякуем ім сёння і за гэта. А таксама ачысцім лісточкі ад пылу, каб і ім лягчэй было дыхаць…

Ну, і памятаем пра самыя-самыя лекавыя расліны – такія, як вядомы, мабыць, з дзяцінства альяс ці індыйская цыбуля. Магчыма, час прыгатаваць лекавую настойку?

Ведаю, што ў многіх увогуле няма ніякіх пакаёвых кветак у жытле. Магчыма, натхніўшыся карыснай інфармацыяй, менавіта сёння вы ўсё ж рызыкнеце завесці сабе зялёнага сябра?! Далібог, не пашкадуеце…

Пакаёвыя расліны. Набываем кветкі.

А ўсім аматарам пакаёвых раслінаў сёння сапраўды варта ўдзяліць ім пільную ўвагу. Калі і не перасадзіць (усё ж зіма – не самы прыдатны час для гэтага), дык паліць, падрыхліць, падкарміць… Дзесьці штосьці – абрэзаць, працерці… І ціхенька падзякаваць услых. І адчуць, што вашыя зялёныя сябры да вас – цягнуцца… Як да сонейка…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 8

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".