22.05.2020
22.05.2020

«Прыйшоў бы Мікола, а цеплыня будзе»… Ён – прыйшоў, сустракайма!

logo
Адметнасць беларусаў
316 053
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мікола вясновы (22 мая), як і Мікола зімовы (19 снежня), – адно з самых шануемых у народзе святаў. «Да Міколы няма дабра ніколі», казалі нашыя продкі. І спадзяваліся ад гэтага дня на цёплае надвор’е. Стаміўшыся сёлета мерзнуць у маі, і мы з надзеяй просім у святога, каб паспрыяў нам у пацяпленні. Хаця і лічылася, што ад Міколы Вясновага нас чакае яшчэ 12 халодных ранішнікаў. Праўда, калі не зараз, дык… у верасні.

Мікола Вясновы. Холад у маі 2020 года.

Чаму ж Міколу Цудатворцу ўшаноўваюць ажно 2 разы на год? А пра гэта я ўжо згадвала, калі распавядала пра Касьяна. Таго, што 1 раз у 4 гады бывае, на 29 лютага. Жыццёвая такая легенда…

Таму мы з задавальненнем сёння сустракаем Міколу Вясновага і радуемся, што ў нас ёсць такі абаронца. А ён лічыцца заступнікам пастухоў і конюхаў, сялянаў, земляробаў… Бо «Мікола вясновы коней накорміць…», «Вешні Мікола падножны корм коням нясе», «Юр’е пасе кароў, а Мікола – коней».

У некаторых мясцовасцях у гэты дзень пастухі абыходзілі ўсе хаты, дзе жылі гаспадары жывёлы, якую яны пасвілі. І ўсюды іх чакаў пачастунак. А для сям’і на Міколу Вясновага накрываўся стол, за які павінны былі садзіцца не меней за 4 разы! Улічваючы, што гэты Мікола лічыўся бедным, бо ўсе запасы былі пад’едзеныя… Трэба было пастарацца, каб накрыць такі багаты стол. Але для ўшанавання любімага святога што толькі не зробіш…

Ох, як трэба нам яго заўсёдны клопат пра пасевы, пра будучы ўраджай! А лічыцца ж у народзе, што 22 мая, у свой дзень, ён не толькі аглядае пасевы, але і «папраўляе» іх: «Святы Мікола па межах ходзіць, жыта раўнуець... дзе вымакла – там падсушыць, дзе высахла – там падмочыць…» Ну, і пра пшаніцу турбуецца ж таксама…

Мікола Всяновы. Турботы пра азімыя.

Да Міколы Вясновага звычайна трэба было ўжо пасеяць-пасадзіць бульбу, гарох, лён, проса… А вы паспелі ўжо гэта зрабіць?! Бульбу і гарох, а таксама спаржавую фасолю, цыбулю мы-то пасадзілі ўжо… Але па такім холадзе… Невядома, што і калі з’явіцца на паверхні. Так што пакуль сёлетні ўраджай – пад пытаннем…

А вось на Міколавым тыдні ўжо нават пачыналі даўней саджаць-сеяць (дарэчы, а як правільна?!) агуркі. Лічылася, што пры спрыяльным надвор’і ўвішныя гаспадыні будуць мець ураджай ужо на Купалле. Зрэшты, і ў нас даўней так атрымлівалася… Асабліва, калі пасеяць агуркі на Пахома, 28 мая, каб пасля цягаць мяхом… Мамачка наша ўсё ведала, усё ўмела і рабіла…

Звычайна ў гэты дзень некаторыя сяляне не выходзілі ў поле, каб не перашкаджаць Міколу вызначаць, дзе будзе сёлета ўраджай, а дзе – не. Іншыя ж пільна назіралі за… варонамі. Маўляў, калі птушка схаваецца ва ўсходах, дык ураджай мяркуецца добры. Бо «На вешняга Міколу і варона ў рунь схаваецца».

Ушаноўваюць гэтага святога і ў цэрквах. Асабліва – у названых у яго гонар. Напрыклад, у нашым Чэрвені царква – якраз Свята-Мікалаеўская.

Мікола Вясновы. Свята-Мікалаеўская царква ў Чэрвені.

Па народных традыцыях у гэты дзень трэба карміць галодных і раздаваць міласціну. Бо «Як не накорміш у Міколаў дзень галоднага, дык сам увесь год галодным будзеш».

Вядома ж, традыцыя больш адносіцца да мінулых часоў… Зрэшты, для тых, хто зараз займаецца дабрачыннасцю і валанцёрствам, яна таксама актуальная.

Для тых, хто трымае авечак, самы час стрыгчы іх на воўну. «Да Міколы не сей грэчкі, не стрыжы авечкі». Нашы продкі заўважалі: з гэтай справай марудзіць не варта, бо якраз у гэты час авечкі пачынаюць ліняць…

Як аматар вязання, зазначу: прыгожыя і цёплыя рэчы атрымліваюцца з воўны. Адзінае, што ніткі звычайна тонкія, таму пакуль звяжаш швэдар, шмат часу пройдзе. Затое яно таго вартае! Такія адмысловыя ўзоры вывязваюцца з тых нітак!

Мікола вясновы. Стрыжка авечак ад гэтага дня.

А яшчэ ў народзе існавала строгая забарона купацца да Міколы вясновага. Улічваючы наша сёлетняе надвор’е… Наўрад ці хто можа нават думаць у гэты бок!

Так што сёння сустракайма і шануйма Міколу! І ён абавязкова аддзячыць…

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

316 0 53

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.
Глядзіце таксама