29.05.2019
29.05.2019

Сабе дазволіць быць такім…

logo
Думкі ўслых
0 47
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Усе мы баімся невылечна захварэць. Хто – дужа відавочна і адкрыта, а хто – падсвядома. І калі гэта здараецца, здаецца, усё б аддалі, каб адкруціць час назад. Але такое, на жаль, немагчыма… І мы пакутуем, усё думаем: «За што?!», «Чаму менавіта са мной такое здарылася?!» Толькі ж хвароба сапраўды не выбірае… Любая. У тым ліку і рассеяны склероз.

Прызнаюся: пачуўшы назву гэтага захворвання, як і многія, уяўляла пераважна людзей сталага веку, у якіх вялікія праблемы з памяццю. І гэта бяда. Аказалася, што рассеяны склероз – зусім іншае захворванне. Яно праяўляецца парушэннем каардынацыі рухаў, расстройствам маўлення, дваеннем у вачах ды іншым. І церпяць ад яго якраз-такі маладыя людзі. Церпяць настолькі, што становяцца інвалідамі…

А даведалася я пра рассеяны склероз, прачытаўшы матэрыял журналіста нашага партала Святланы Стахоўскай і паглядзеўшы відэа (аператар – Генадзь Сукач). Рэальная гісторыя 32-гадовага хлопца, які апынуўся ў інваліднай калясцы,  уразіла да глыбіні душы!

Рэальная гісторыя 32-гадовага хлопца, які апынуўся ў інваліднай калясцы,  уразіла да глыбіні душы!

Вось так сапраўды жывеш-жывеш і не ведаеш, што з табой можа здарыцца ў наступны момант. Страшна?! Вядома ж. Але мы заганяем гэты страх глыбока ў сябе, бо інакш немагчыма жыць звычайным жыццём.

А колькі сіл, маральных і фізічных, патрэбна тым, з кім гэта ўжо здарылася! І наколькі цярплівымі павінны быць іх сваякі, знаёмыя, каб не проста шкадаваць, а падтрымліваць, дапамагаць жыць далей, прымірыўшыся з тым, што здарылася, прыняўшы гэта. І наколькі велікадушнымі, а ў нечым і самаахвярнымі павінны быць людзі, якія дазваляюць сабе закахацца насуперак усім і ўсяму, вырашаюць стварыць сям’ю з тым, хто захварэў… І жывуць шчасліва!

Сярод маіх знаёмых ёсць некалькі людзей, якія перасоўваюцца толькі ў інвалідных калясках. Асабліва ўражвае – завочна і пры кожнай сустрэчы – наша зямлячка, ураджэнка Чэрвеньшчыны, неаднаразовая чэмпіёнка Паралімпійскіх гульняў Людміла Валчок.

Яе ў інваліднае крэсла прывяла не хвароба – няшчасны выпадак. Але тое, як яна змагла і ў такой сітуацыі, такім стане вярнуцца да паўнавартаснага жыцця, стаць знакамітай спартсменкай, мамай (!), заслугоўвае самай вялікай павагі. Вось пра Людмілу сапраўды можна сказаць – «чалавек-свята»! Заўсёды кантактная, усмешлівая, заўсёды гатовая да стасункаў, у тым ліку і з журналістамі…

Памятаю, калі ўпершыню збіралася напісаць пра сямейную пару калясачнікаў з нашай Чэрвеньшчыны – Дзмітрыя і Надзею Паўловічаў, напачатку шукала інфармацыю, як правільна стасавацца з людзьмі ў інвалідных калясках. Каб нічым не пакрыўдзіць, каб не адчуваць няёмкасці. Нас жа гэтаму не вучылі… Нас сапраўды гэтаму не вучылі – ні ў школе, ні ва ўніверсітэце! Таму і не ведаем. Таму і няёмка… Гэта зараз на прасторах сеціва можна сустрэць самыя разнастайныя парады псіхолагаў і не толькі. А тады… Інтуітыўна здагадваліся самі. І… не заўсёды правільна.

Да гэтага часу памятаю, як уразіла мяне вось гэтае: «Пачаць каціць інвалідную каляску без дазволу – гэта ўсё роўна што схапіць любога чалавека і панесці, без яго дазволу». І гэтае: «Заўсёды пытайцеся, перш чым аказаць дапамогу. Калі на яе пагадзіліся, удакладняйце, што і як трэба рабіць, дакладна выконвайце інструкцыі».

…Калі на вуліцы вы бачыце чалавека, які хістаецца, дрэнна ідзе, асабліва маладога ці сярэдняга ўзросту, не спяшайцеся думаць, што гэта п’яны. Магчыма, ён хварэе на рассеяны склероз. І калі раптам вас папросяць аб дапамозе, не імкніцеся, пагардліва скрывіўшыся, прайсці міма. Сітуацыі бываюць вельмі розныя. Міласэрнасць, спачуванне, суперажыванне, імкненне дапамагчы – вось тое, чаго так бракуе зараз многім з нас. І сёння, у Сусветны дзень барацьбы з рассеяным склерозам, самы час пра гэта задумацца…

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 47

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".