09.12.2020
09.12.2020

Прывітанне, Максім! Прывітанне, Марыля! Памятаем і ганарымся…

logo
Асобы i лёсы
0 091
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У гэты дзень стае лёгкіх святаў. Але сёння – не пра іх, а пра цалкам сур’ёзнае і важнае для кожнага беларуса. 9 снежня 1891 года ў Мінску нарадзіўся наш слынны паэт Максім Багдановіч. Яго вершы асабіста мне настолькі да сэрца і да душы… Як і сама асоба Максіма. Маю для гэтага і асабістыя прычыны. Калі хто яшчэ не ведае, з нашага Ігуменя (сучаснага Чэрвеня) паходзіць яго маці, Марыля Мякота. Таксама вельмі загадкавы і даволі трагічны, але ў той жа час і светлы летуценны вобраз…

У свой час, адпрацаваўшы некалькі месяцаў навуковым супрацоўнікам Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея (о, як баліць сэрца, што няма ўжо таго старажытнага будынка, дзе ён месціўся!), я настолькі прасякнулася даследчай дзейнасцю… Асабліва ў плане пошукаў звестак пра шматдзетную сям’ю Мякотаў.

На жаль, не захавалася звестак пра тое канкрэтнае месца, дзе стаяла хатка сямейства. Толькі прыкладна. І вуліца там названая ў гонар Максіма Багдановіча. Але нават на пачатку 2000-х ужо было не адшукаць і самых далёкіх сваякоў. Ужо, здавалася, вось-вось нітачка ад клубочка ў руках – толькі пацягні… І… Жанчына сталага веку ўжо нічога не памятае.

Магчыма, маім калегам-музейшчыкам і атрымалася штосьці такое адшукаць за апошнія гады… Цалкам заняўшыся журналістыкай, з музеем сувязь страціла… Эх, як жа шкада, што няма машыны часу, якая б імгненна перанесла нас на вуліцы старажытнага Ігуменя!

Што ж мы маем зараз? Мемарыяльную драўляную дошку, створаную ў свой час сябрам Саюза мастакоў Беларусі Генадзем Матусевічам. Размешчаная яна ў цэнтры горада, на адным з апошніх старажытных будынкаў, дзе месціцца стаматалагічнае аддзяленне Чэрвеньскай ЦРБ. У 1999-м я яшчэ пісала сцэнар да яе адкрыцця. Вось толькі ці скарысталіся ім, не памятаю. На той час (так атрымалася) у горадзе адсутнічала…

Дзесьці (я спадзяюся) таксама захаваўся мой сцэнар музейнага літаратурна-краязнаўчага ўрока для школьнікаў, прысвечанага Марылі, Максіму, сем’ям Мякотаў і Багдановічаў.  У ім выкарыстаныя матэрыялы, а галоўнае – унікальныя фотаздымкі, дасланыя нам з літаратурнага музея Максіма Багдановіча.

Мая памяць захоўвае і нюансы паходу ў сам музей з маімі новымі сяброўкамі, Варварай Чаркоўскай з Салігорска і Ірынай Каваленкай са Случчыны, з якімі пазнаёмілася падчас журналісцкіх курсаў у сярэдзіне 2000-х. Тады ж па маёй прапанове ўсе разам зладзілі культпаход у музей. І там, дзе справа тычылася Марылі, я была экскурсаводам-аматарам! 🙂

Неверагодную знаходку атрымалася зрабіць у 2006 годзе нашаму вядомаму на Чэрвеньшчыне і не толькі краязнаўцу, колішняму настаўніку Уладзіміру Дарагужу (светлая яму памяць!). Ён наведваў магілу жонкі і звярнуў увагу на стары надмагільны камень, увесь пакрыты мохам. Пачаў ачышчаць надпіс – і літаральна аслупянеў, калі атрымалася прачытаць: «Здесь покоится прахъ раба Божіего Афанасія Ивановича Мякото ум. 1878 12 января». Так, гэта месца пахавання дзядулі Максіма Багдановіча, бацькі Марылі!

Колькі яшчэ сюрпрызаў, відаць, утойвае старая частка Чэрвеньскіх могілак! Як і габрэйскіх, дзе яшчэ колькі гадоў таму была сцежка напрасткі, проста паміж старымі, урослымі ў зямлю камянямі – надмагільнымі плітамі. Што ж мы зрабілі з нашай гісторыяй…  І з памяццю нашых продкаў… 🙁

Вяртаючыся да напісанага, якое застаецца… У тыя ж гады, калі захопленасць уласным даследаваннем каранёў Максіма Багдановіча і Марылі Мякоты дасягнула сваёй вяршыні, у мяне напісаўся верш-песня. Да вашай увагі!

МАРЫЛЯ

(песня)

Маёй зямлячцы

Марылі Мякоце, маці

Максіма Багдановіча,

прысвячаецца

I

Жыцця з’яўленне прывітала свечка,

А на ігуменскай зямлі

У беднай хаце за імклівай рэчкай

Дачку Марыляй нараклі.

Прыпеў:

Святло надзей, святло чаканняў…

Вачэй дзіцячых цеплыня…

Марыля, на шляху спатканняў

Свяціцца хай тваё імя.

II

Твой ясны позірк паланіў Адама,

Пазбавіў сну яго зусім…

І вось ужо пяшчотным словам «мама»

Цябе паклікаў сын Максім.

Прыпеў:

Святло надзей, святло чаканняў…

Вачэй дзявочых цеплыня…

Марыля, на шляху спатканняў

Свяціцца хай тваё імя.

III

У небе зоркі шлях свой пракладаюць,

А свечкі гаснуць на зямлі…

У сэрцах памяць людзі захаваюць

Аб Багдановічаў сям’і.

Прыпеў:

Святло надзей, святло чаканняў…

Вачэй жаночых цеплыня…

Марыля, на шляху расстанняў

Свяціцца хай тваё імя.

І яшчэ не магу не ўзгадаць пра адно мерапрыемства, на якім прысутнічала як журналіст абласной газеты (на той час). У нашым Чэрвені, старажытным Ігумені, у 2016 годзе. Тады Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі, абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі зладзілі на базе нашай гімназіі №1 імя У.Караля канферэнцыю, прысвечаную 125-годдзю з дня нараджэння Максіма Багдановіча. І колькі ж новага пачулі яе ўдзельнікі!

А самае цікавае – гэта, вядома ж, зробленая ў рамках мерапрыемства вандроўка па памятных мясцінах Ігуменя, падчас якой мы пабылі і ля дошкі ў гонар Марылі Мякоты, і на могілках – ля пахавання яе бацькі, дзеда Максіма Багдановіча.

Вось каб яшчэ прыдумаць  якое традыцыйнае мерапрыемства і ладзіць яго штогод. У памяць пра Марылю, пра Максіма… Праходзіў ж колькі гадоў з поспехам фестываль-конкурс маладых выканаўцаў імя Станіслава Манюшкі «Убельская ластаўка» – у гонар яшчэ аднаго нашага знакамітага земляка-кампазітара… Калісьці – з наведваннем таго месца, дзе знаходзіўся фальварак Убель.

Нам нельга забывацца на сваю гісторыю. Мы ўжо столькі страцілі беззваротна…

… Калі б на той час ужо ўмелі лячыць сухоты… Хто ведае, якім быў бы лёс Марылі… І ці стаў бы Максім Багдановіч такім слынным самабытным беларускім паэтам у рускім асяроддзі. З то пранізлівымі да болю, сумотнымі, то пяшчотна-лірычнымі радкамі…

У мяне іх шмат, любімых. І цытуюцца яны быццам самі па сабе… Калі ўзгадваю пра лесуна на Агафона, у Мартынаў дзень, калі па імёнах клічам зоркі… І нават проста ўзгадваючы лета як маленькае жыццё…

Пра зоркі і ўвогуле, бадай, самае любімае. Памятаеце?! «Хто мы такія? Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс. Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?»

У кожнага, вядома ж, свой Багдановіч. Здаецца, цалкам вывучаны. Але штораз атрымліваецца ўбачыць і расчытаць штосьці новае. І гэта здорава! Прывітанне, Максім! З Днём народзінаў! Прывітанне, Марыля! З імяніннікам! Мы памятаем вас і ганарымся…

Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by

0 0 91

Рэдактар сайта, журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя.Нарадзілася ў вёсцы Клінок Чэрвеньскага раёна Мінскай вобласці. З 1980 года жыву ў г.Чэрвень.У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка».У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. Шмат гадоў актыўна супрацоўнічала з газетамі «Звязда», «Голас Радзімы», «Народная газета», «Беларуская ніва», «Беларуская лясная газета», часопісам «Гаспадыня». З 2018 года – рэдактар беларускай версіі сайта «Здаровыя людзі», журналіст, аўтар блога «Думкі ўслых».З’яўляюся адным з аўтараў-укладальнікаў кнігі «Памяць. Чэрвеньскі раён», кніг «Матери Минщины» (абласны праект), «С любовью к детям» (рэспубліканскі праект). Аўтар першага ў Беларусі касмічнага інтэрв’ю (Міжнародная касмічная станцыя-Зямля) з касманаўтам Раскосмасу, ураджэнцам г.Чэрвеня Алегам Навіцкім (газета «Звязда», 2013 г.).Аўтар блогу на платформе bloger.by. У 2018 годзе прызнаная пераможцай першага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі і сацыяльных сетках лясной тэматыкі і дзейнасці органа дзяржаўнага кіравання ў намінацыі «За прасоўванне лясной тэматыкі ў сацыяльных сетках». Узнагароджана Дыпломам Міністэрства лясной гаспадаркі.
Глядзіце таксама