01.02.2019
01.02.2019

Пытаецца люты…

logo
Думкі ўслых
0 68
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ну вось і неўпрыкмет, здаецца, надышоў апошні каляндарны месяц зімы. Самы кароткі, але па меркаванні нашых продкаў – самы злосны, марозны, непрадказальны, завейны, а то і плаксівы, кусачы нават… Словам, рана расслабляцца, нават калі на небе раптам сонейка з’явіцца! Як казалі нашы продкі – «Пытаецца люты, ці добра абуты». Таму апранаемся і абуваемся цяплей!

А гэты студзень з намі развітаўся вялізнымі проста снегападамі! Прынамсі, у нас у Чэрвені ў два апошнія яго дні та-а-а-акая прыгажосць утварылася! Пазаўчора ўвечары так і хацелася стаць на ганку і нікуды не сыходзіць, назіраючы за тым пушыстым цудам, які шчыльнаю заслонай падаў з неба. А ўчора з раніцы снег так ухутаў дрэвы, што наваколле заварожвала сабой не горш, чым тады, калі ўсё прыбіраецца ў шэрань.

 

Таму калі хтосьці не паспеў яшчэ ўдосталь захапіцца зімовымі забавамі, спяшайцеся! Час яшчэ ёсць! Гайда на лыжню, на каткі, на прыроду! Для здароўя, для настрою, для бадзёрасці духу! Тым больш – выхадныя наперадзе! І яны зусім не для таго, каб адлежваць бакі на канапе альбо цалкам закапацца ў хатнія турботы.

Бо трэба ж ужо зганяць наетыя падчас студзеньскіх святаў бакі! Дарэчы, нават сам арганізм ужо выказвае жаданне заняцца фізкультурай і спортам! Вось прама адчуваю гэта, досыць выразна, асабліва па вечарах. А вы?! Хочацца якогасьці руху… А не толькі 10 тысяч крокаў за дзень, якія старанна фіксуе мой фітнэс-бранзалет… Нават дзіўна, што столькі атрымліваецца, улічваючы, што праца-то – сядзячая, у асноўным.

Таму пры наяўнасці вольнага часу ў абед – прагулкі па наваколлю. Ад метро і да метро – толькі пехатою. Рухаемся, шаноўнае спадарства, рухаемся! І актыўней, актыўней! Бо хутка вясна… І нашы пухавікі больш не будуць хаваць тыя наетыя бакі і не толькі… А там ужо не паспееш і прэс падкачаць, як лета завітае…

Між іншым, нашы продкі таксама ў лютым не сядзелі рукі склаўшы, як у тым жа студзені. Бо ў народзе пра люты казалі і вось што: «Гэты месяц не дае доўга спаць: трэба плугі ладзіць і калёсы папраўляць». Таму сяляне аглядалі і рамантавалі тое, што спатрэбіцца ім увесну на палетках. Дакладна гэтак жа зараз робяць у майстэрнях сельскагаспадарчых арганізацый краіны.

А ўвогуле, прыемна, што ўжо значна раней надыходзяць світанкі і пазней – захады, праўда?! Бо ў цемры не дужа-то і рухацца хочацца. А вось калі светла, шмат чаго можна зрабіць. У тым ліку і ранішнюю гімнастыку, да прыкладу.

Так што сустракаем, сябры, наш люты як след! Цудоўным настроем, надзеяй на хуткую вясну, бадзёрасцю і аптымізмам, добрым самаадчуваннем, трывалым імунітэтам! І, вядома ж, духмянай гарбатай, румянцам пасля прагулак і заняткаў зімовымі відамі спорту, цеплынёй ад стасункаў з блізкімі!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 68

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".