05.10.2021
05.10.2021

Пых і Пух (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 84
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Надышла зіма. Нізка над зямлёй паплылі хмары. Яны сыпалі снегам на палі, лясы – укрывалі іх белымі пярынамі. Кожная хмара ткала свой дыван. Адзін да аднаго клаліся яны на зямлю высокімі сумётамі: ратавалі ад маразоў карэньчыкі кветак і траў, якія заснулі пад зямлёй да наступнай вясны. Хмары шчыравалі, аздабляючы белыя палотны ўзорамі са сняжынак.

На адным дыване красавалі кветкі, на другім сняжынкі снаваліся ў стужку ракі, на трэцім ткаўся лес... Хмары нібы пераказвалі тое, што бачылі, вандруючы па свеце.

Казка пра хмарку

Сярод сталых хмар былі дзве маладзенькія. Адну з іх звалі Пух – за мяккія курчавыя валасы і лагодны характар. Другую – Пых, за тое, што яна не прамінала магчымасці пасварыцца і пабурчэць.

Яны ткалі зімовы дыван упершыню. І калі пачыналі ставіць кросны, Пух прапанавала:

— А давай працаваць разам!

Але Пых не згадзілася, ёй карцела самой саткаць такі дыван, пра які гаварыла б усё наваколле.

— Не, даражэнькая! Ты прыдумвай свой узор, а я – свой. – Пых адцягнула свае кросны ад сяброўчыных і пачала ткаць вясёлку.

Казка пра хмары

Да вечара завіхалася хмарка. А калі сонейка пайшло на спачын, рушыла паглядзець, чым займалася прыяцелька. Як жа здзівілася хмарка, убачыўшы вясёлку і на яе палатне!

— Ты,— закрычала Пых,— падгледзела мой узор!

— І не думала,— апраўдвалася Пух.— Проста мне ўспомніўся той дзень, калі мы гасцявалі ў вясёлкі...

— Ну, добра, калі так,— буркнула Пых. Але, прыйшоўшы дадому, кросны адцягнула яшчэ далей.

З таго часу страціла Пых спакой. Гляне на сяброўчыны кросны, а там якраз тое, што надумалася рабіць яна. Сварыцца хмарка, крыўдуе і не разумее, што летам яны разам вандравалі. І вось цяпер не могуць ніяк іх успаміны разбегчыся-размінуцца.

Гісторыя двух хмарак

Пачне Пых ткаць жураўліны клін, што ляціць у вырай, — і на дыване Пух птушкі крыламі махаюць. Пых злуецца, патрабуе, каб Пух зняла свае кросны. Нарэшце лагоднай Пух усё гэта абрыдла.

— Не хочаш працаваць,— сказала яна,— не замінай мне. А надумаеш вярнуцца — калі ласка, разам пачнём зоркі і маладзічок ткаць...

Пых не была гультайкай. Сяброўкі памірыліся і шчыра ўзяліся за работу. Крыштальнымі зоркамі ззялі на дыване сняжынкі. Суседкі-хмары заглядвалі да іх, дзівіліся і хвалілі: «Які цудоўны ўзор! Хто прыдумаў яго?»

Шчаслівая Пух усміхалася. А Пых дзьмулася крыўдліва: «Гэта ж Пух прыдумала малюнак. Я толькі дапамагала гэтай ганарліўцы. Цяпер усе будуць гаварыць, што я няўмека, ні на што не здатная... Вось вазьму і перацягну дыван на свае кросны...».

І Пых пачала хітрыць:

— Ой, нешта галава разбалелася! Пух, даражэнькая, папрасі ў доктаркі лекаў.

Занепакоеная Пух адразу ж выбралася ў дарогу. Толькі яна адплыла, як Пых пачала тузаць дыван, каб сцягнуць яго з кроснаў. А дыван выткаўся вялікі, цяжкі. Адной не пад сілу здужаць яго. Раз, другі тузанула хмарка за край — і малюнак парушыўся. Сняжынкі пасыпаліся долу, а маладзічок стаў абломкам.

— Што ж я нарабіла! — спалохалася Пых.

Яна лавіла сняжынкі, спяшалася прыладзіць іх на ранейшае месца, але дарма. Ззаплакала: «Як апраўдацца? Што сказаць?»

Пух тым часам вярнулася ад доктаркі. Убачыла заплаканую сяброўку і пачала суцяшаць:

— Я прынесла лекі. Зараз вылечым цябе!

Пых заплакала яшчэ мацней:

— Даруй мне, Пух! Я благая, зайздросная хмарка. Хацела перацягнуць дыван на свае кросны — і ўсё сапсавала!

— Не плач, Пых! Давай лепш справай займацца, а не тое засмяюць нас суседзі.

І хмаркі зноў селі за кросны. Спяшаліся, працавалі ўсю ноч, а раніцай на белым палатне зноў заззялі зоркі і маладзічок. Сяброўкі асцярожна знялі дыван з кроснаў і заслалі ім лясную палянку.

Казка пра хмары

Да самай вясны ляжаў дыван сярод елак і соснаў. А калі прыгрэла сонейка, ператварыўся ў ручаінку. Пабегла ручаінка па лесе, расказваючы пралескам, маладзенькай траўцы, дрэвам пра сябровак Пух і Пых.

Таксама чытайце:

Лепісін і Быляк. Вітамінныя чалавечкі (казка)
Цудадзейныя лекі (казка)
Казка пра бульбінку

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 84

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця