26.04.2019
26.04.2019

Радыяцыйная медыцына: магчымасці і перспектывы

logo
Навiны
0 31
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Фраза «мірны атам» для нас не клішэ, а сапраўды праца, калі з дапамогай іянізуючага выпраменьвання мы дамагаемся паляпшэння вынікаў у лячэнні пацыентаў анкалагічнага профілю», – адзначыў на прэс-канферэнцыі галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра Уладзімір Каранік. Ён дадаў, што сучасная прамянёвая тэрапія дазваляе палепшыць лячэнне анкалагічных пацыентаў у цэлым на 10%. Улічваючы лічбы захворвання, гэта тысячы выратаваных жыццяў.

Паводле яго слоў, у 2017 годзе ў анкадыспансэры быў уведзены ў эксплуатацыю новы радыелагічны корпус, на базе якога сёння функцыянуе найбуйнейшае ў Еўропе аддзяленне ядзернай медыцыны. Пры яго праектаванні і будаўніцтве ўлічваліся асноўныя пастулаты бяспекі – бяспека навакольнага асяроддзя, персаналу і пацыента. На сёння ў гэтым корпусе дзейнічае самая сучасная сістэма бяспекі і жыццезабеспячэння, якая атрымала высокую ацэнку ў ходзе нядаўняга маніторынгу МАГАТЭ.

Уладзімір Каранік
Галоўны ўрач Мінскага гарадскога клінічнага анкалагічнага дыспансэра
Гэта адкрывае вялікія перспектывы для развіцця ядзернай медыцыны ў нашай краіне. У нас ужо ёсць вялікі вопыт лячэння раку шчытападобнай залозы радыеактыўным ёдам. Зараз мы ставім перад сабой некалькі задач: пашырэнне дыягнастычных і лячэбных магчымасцяў, павелічэнне спектру захворванняў, якія мы зможам лячыць з дапамогай адкрытых крыніц іянізуючага выпраменьвання.

Уладзімір Каранік распавёў таксама, што сёння ў дыспансэры вядзецца актыўная работа па ўводу ў эксплуатацыю новага корпуса, дзе будзе размешчаны вялікі парк дыягнастычнага і лячэбнага радыелагічнага абсталявання.

Гаворка ідзе пра тры камп'ютарныя тамографы, чатыры лінейныя паскаральнікі. Гэта дазволіць забяспечыць даступнасць дыягнастычнай і лячэбнай дапамогі не толькі для насельніцтва Мінска, але і бліжэйшых рэгіёнаў.

камп'ютарныя тамографы

Павел Дзямешка
Загадчык лабараторыі прамянёвай тэрапіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Летась у нашай краіне прамянёвую тэрапію атрымалі звыш 20 тыс.пацыентаў. Прамянёвая тэрапія – гэта той метад, які можа ўжывацца пры любой стадыі анкалагічнага захворвання, але для розных мэтаў. Яна можа выступаць як самастойны метад, што вылечвае, або ў спалучэнні з хіміятэрапіяй і хірургічным лячэннем. Можа выкарыстоўвацца для аператыўнай тэрапіі або прымяняцца як сімптаматычнае лячэнне. Аб запатрабаванасці гэтага метаду кажа той факт, што ва ўсім свеце ад 30 да 60% пацыентаў са злаякаснымі новаўтварэннямі так ці інакш на пэўным этапе атрымліваюць прамянёвую тэрапію.

Пра самы сучасны метад дыягностыкі захворванняў, у першую чаргу анкалагічных – пазітронна-эмісійнай тамаграфіі – распавёў загадчык Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава Валерый Сінайка.

Метад сумяшчае даследаванне анатамічнай структуры і функцыі органа або тканкі. Выкарыстанне ў дыягностыцы ПЭТ дазваляе выявіць змены пухліннага працэсу яшчэ на стадыі, калі адбываюцца толькі функцыянальныя змены непасрэдна ў самой пухліне. Дарэчы, на пачатку гэтага года такую дыягностыку прайшло больш за 18 тыс.пацыентаў.

Валерый Сінайка
Загадчык Рэспубліканскага цэнтра пазітронна-эмісійнай тамаграфіі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.М.Аляксандрава
Практычна ўсе пацыенты пачынаюць лячэнне з хіміятэрапіі. Курсаў у стандартным варыянце патрабуецца да 6. Пры дапамозе ПЭТ-даследаванняў мы можам ацаніць эфект лячэння ўжо праз 1-2 курсы хіміятэрапіі. Бо для змены памеру пухліны часам патрабуецца ад 1 да 1,5 месяца, у той час як функцыянальнае змяненне адбываецца значна раней, чым мяняюцца яе параметры.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 31

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».
Глядзіце таксама