22.01.2019
22.01.2019

Рак гартані: чаму трэба звяртаць увагу на асіпласць голасу і змяняць сэксуальныя звычкі

logo
Здароўе дарослых
0 58
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Калі чалавеку выдаляюць гартань, ён становіцца нямым, дыхае праз адтуліну ў трахеі, а тэрмін яго жыцця значна скарачаецца. Кожнага другога пацыента з ракам гартані чакае гэтая доля, бо яны трапляюць да нашых анколагаў толькі на трэцяй і чацвёртай стадыі захворвання.

Як не дапускаць запушчаных выпадкаў захворвання, якія даследаванні прайсці чалавеку для своечасовай дыягностыкі і што памяняць у сваіх паводзінах, журналісту «Слушна» распавяла загадчыца лабараторыі онкапаталогіі галавы і шыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі ім.М.М.Аляксандрава, доктар медыцынскіх навук Жанна Калядзіч.

Рак гартані займае першае месца сярод новаўтварэнняў галавы і шыі. Усяго на ўліку ў РНПЦ АМР знаходзіцца каля 4 тыс.чалавек з гэтай паталогіяй, а ў год выяўляецца прыкладна 600 новых выпадкаў, – прыводзіць лічбы спецыяліст. – На жаль і для ўрача, і для пацыента, толькі 49% тых, хто звярнуўся, – з першай і другой стадыяй захворвання, а больш за палову – у запушчаным стане, калі ўжо немагчыма захаваць орган. А чалавек без гартані – гэта інвалід з поўнай стратай голасу, выкінуты з соцыуму, з вельмі непрацяглым жыццём.

Па нашых дадзеных, у Беларусі пры першай і другой стадыі раку гартані 5-гадовая выжывальнасць складае 75%, пры трэцяй – 35%, пры чацвёртай – 17%. У 2017 годзе памерлі 273 пацыенты.

Чаму мы губляем кожнага другога?

З-за адсутнасці онканасцярожанасці пацыентаў і ўрачоў першаснага звяна ў паліклініках. Любыя змены тканкі гартані трэба трактаваць як перадракавы стан і выконваць біяпсію. Гэтая простая маніпуляцыя, якая робіцца на звычайным прыёме ў лор-урача, прадугледжаная пратаколамі аказання дапамогі насельніцтву, часцяком ігнаруецца. Замест гэтага праводзяцца працяглыя курсы кансерватыўнага лячэння.

Вывучаючы запушчаныя выпадкі раку гартані нашых пацыентаў, я зрабіла запыт у цэнтральныя раённыя бальніцы, каб высветліць, чаму пацыенты паступілі ў такіх позніх стадыях. Бо злаякасныя пухліны не ўзнікаюць раптам, ім папярэднічаюць працяглыя змены ў тканках, на якія людзі скардзяцца. Пацыент наведвае тэрапеўта, оталарынголага, стаматолага, якія не могуць не звярнуць увагу на змены голасу, наяўнасць вузлоў у вобласці шыі – у нашых пацыентаў пухліны візуальных лакалізацый, гэта значыць, іх можна выявіць пры першасным аглядзе.

Пры аналізе запушчанасці паказвалася, што не было ніводнага пацыента з перадракавым станам. А ў выпісках з амбулаторных карт гэтых людзей адзначаўся хранічны ларынгіт, скаргі на працяглую асіпласць голасу. Гэта і ёсць перадпухлінны стан, які прадугледжвае выкананне біяпсіі. А замест гэтага пацыенты проста назіраліся ўрачамі, некаторыя праходзілі безвыніковае лячэнне ў стацыянары. На жаль, не заўсёды ўрачы прызначаюць камп'ютарную тамаграфію (КТ), магнітарэзанансную тамаграфію (МРТ) гартані, калі для гэтага ёсць паказанні. Мы спрабуем гэта змяніць, праводзім і будзем праводзіць навучальныя канферэнцыі, паказваць лічбы – колькі людзей губляем з-за безадказнага стаўлення.

Пакуль медыкі спрабуюць удасканаліць сістэму аказання дапамогі, людзі таксама не павінны бяздзейнічаць.

Калі ў вас з'явілася ахрыпласць і асіпласць голасу, абцяжарана глытанне, ёсць прыпухласць у вобласці шыі, з'явіўся пастаянны кашаль – звяртайцеся да ўрача, – раіць урач. – Своечасова лячыце хранічныя захворванні гартані, выдаляйце любыя новаўтварэнні з абавязковым выкананнем біяпсіі.

Аральны сэкс – фактар рызыкі

Рак гартані – фактар рызыкі

Некалькі гадоў таму шэрагам краін былі апублікаваны даследаванні пра тое, што рак гартані можа быць выкліканы, у тым ліку, вірусам папіломы чалавека (ВПЧ), заражэнне якім адбываецца пры аральным сэксе. Ці пацвярджаюць даследаванні РНПЦ АМР гэтую ўзаемасувязь?

Сапраўды, раней асноўнай прычынай развіцця пухлін поласці роту, глоткі, гартані лічылі доўгае хімічнае ўздзеянне на слізістую – курэнне, злоўжыванне алкаголем, доўгае ўдыханне пыльнага гарачага паветра, розных газаў, кіслот. Але ў апошні час вучоныя ўсё часцей гавораць пра ролю ВПЧ, – пацвярджае Жанна Калядзіч. – Па замежных дадзеных, частата выяўлення ВПЧ пры новаўтварэннях вобласці галавы і шыі вар'іруецца ад 18,5% да 36%. Раней вірус дыягнаставаўся пры ўрагенітальнай паталогіі, цяпер жа – у верхніх дыхальных шляхах, што адназначна звязана з сэксуальнымі адносінамі.

У нашай краіне такія даследаванні пакуль не праводзіліся, і мы не ведаем, наколькі шырока распаўсюджаны ВПЧ пры перадпухлінных і пухлінных захворваннях гартані ў нацыянальным маштабе. Але хутка гэта будзе вядома. У РНПЦ АМР стартаваў праект, у рамках якога мы будзем абследаваць на вірус папіломы чалавека ўсіх сваіх пацыентаў. У выніку будзе распрацаваны дыферэнцыраваны падыход да выбару метадаў лячэння раку гартані з улікам наяўнасці ВПЧ, бо адчувальнасць да розных варыянтаў лячэння (хіміяпрамянёвага, хірургічнага) розная. Гэта дазволіць, па нашых разліках, павысіць эфектыўнасць лячэння і паменшыць частату рэцыдываў не менш чым на 30%, скараціць тэрміны шпіталізацыі пацыентаў.

Зараз у краінах Еўропы адначасова з хіміяпрамянёвай, таргетнай тэрапіяй праводзяць і супрацьвіруснае лячэнне, апрацоўваючы пашкоджаны орган супрацьвіруснымі прэпаратамі, прышчапляюць ад ВПЧ хлопчыкаў і дзяўчынак. Нам трэба ісці па гэтым шляху.

Што рабіць у бытавым плане людзям, ведаючы пра такі фактар рызыкі?

Мець аднаго пастаяннага праверанага сэксуальнага партнёра, – раіць спецыяліст.

Як лечаць

На якое лячэнне можа разлічваць сёння чалавек з ракам гартані?

Лячэнне можа быць кансерватыўным ці хірургічным, гэта залежыць ад лакалізацыі і распаўсюджвання пухліны ў гартані. Пры першай і другой стадыі захворвання мы выконваем эндаскапічныя ўнутрыгартанныя аперацыі з захаваннем функцыі органа. Нашы ўрачы сталі змагацца і за пацыентаў з запушчанымі выпадкамі. Калі раней пры трэцяй стадыі хваробы выдалялася ўся гартань, дык цяпер атрымліваецца захаваць орган, дзякуючы камбінаванаму хіміяпрамянёваму лячэнню і прымяненню таргетных прэпаратаў. З дапамогай гэтага пухліна змяншаецца да рэзектабельных памераў, яе можна выдаліць, захаваўшы гартань.

Сёння мы стараемся максімальна захаваць орган, дзякуючы новаму абсталяванню праводзім ашчаджальныя эндаскапічныя аперацыі без вонкавых разрэзаў.

Каму быць напагатове

Высокую канцэрагенную небяспеку ўяўляюць газы і пыл азбестацэментных і цэлюлозна-папяровых прадпрыемстваў, лакафарбавай, анілінавай і алюмініевай прамысловасці, выхлапныя газы аўтамашын, пары бензіну і рознага масла, газы пры зварачных работах і многія іншыя. Таму ў групе рызыкі людзі працоўных прафесій, якія занятыя на гэтых вытворчасцях.

Сярод хворых на рак гартані 94-97% – тыя, хто паліць. У тытунёвым дыме ўтрымліваецца мноства таксічных рэчываў, якія, раздражняючы і абпальваючы слізістую абалонку, выклікаюць і падтрымліваюць хранічнае запаленне. Курэнне цыгарэт з фільтрам не ратуе ад захворвання на рак гартані.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 58

Журналіст і медыятар. У журналістыцы каля 20 гадоў. Асноўная цікавасць – сацыяльныя праблемы. Скончыла журфак БДУ. Да партала «Здаровыя людзі» і газеты «Медыцынскі веснік» працавала ў рэдакцыі «Аргументы і факты» ў Беларусі, штотыднёвіках «СССР: постфактум», «Маскоўскі камсамолец ў Беларусі», нацыянальнай грамадска-асветніцкай газеце «Культура», інтэрнэт-выданні Оpen.by. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Матэрыялы Ганны выдзяляюцца выразнай структурай, глыбінёй раскрыцця тэмы і сваёй аналітычнасцю. Хобі: літаратура, напісанне дзіцячых кніг. Аўтар праектаў: ТэДДзі (Трыбуна для дзяцей) – нацыянальная пляцоўка для выказвання меркаванняў і пазіцый дзяцей па хвалюючых праблемах (сумесны праект штотыднёвіка «Аргументы і факты» ў Беларусі, РГА «Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА», Прадстаўніцтва Дзіцячага фонду ААН у Рэспубліцы Беларусь (ЮНІСЕФ) . «Урачы – таксама людзі» (24health.by), «Хатні догляд цяжкахворых» (сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа) (24health.by), «Урачэбныя анлайн-канферэнцыі» (24health.by сумесна з tut.by).