16.11.2020
16.11.2020

Развіццё маўлення ў дзіцяці. Агульныя пытанні

logo
Адукацыя і выхаванне
0 27
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Мы ўспрымаем чалавечае маўленне, як штосьці цалкам натуральнае, ва ўсіх сэнсах простае і зразумелае. Між тым, маўленне з'яўляецца інтэгральнай функцыяй для ўсёй псіхічнай дзейнасці чалавека, а яго станаўленне ўяўляе сабой складаны паэтапны працэс.

Развіццё маўлення ў дзіцяці пачынаецца фактычна з моманту яго з'яўлення на свет. Тое, наколькі гарманічна, эфектыўна і своечасова яно праходзіць, шмат у чым вызначае развіццё іншых, вербальна апасродкаваных псіхічных функцый: логікі, мыслення, увагі, памяці...

У чым яшчэ заключаецца важнасць маўлення для развіцця дзіцяці? Ці ёсць часавыя рамкі, калі малыш павінен вымавіць сваё першае слова? Якія моманты ў развіцці маўлення дзіцяці выклікаюць насцярожанасць і хто можа дапамагчы наладзіць працэс? Пра гэта і многае іншае запыталіся ў асістэнта кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА Алісы Кудлач.

Чаму правільнае развіццё маўлення – гэта важна?

Чаму правільнае развіццё маўлення – гэта важна?

Паводле тэорыі вядомага савецкага псіхолага Льва Выгоцкага, усе псіхічныя функцыі чалавека ўмоўна дзеляцца на элементарныя (ніжэйшыя) і вышэйшыя. Элементарныя псіхічныя функцыі – гэта базіс, з якім нараджаецца чалавек. Немаўля, якое толькі што нарадзілася, ужо здольнае да пэўнага прымітыўнага мыслення, элементарнай увагі, міжвольнага запамінання. Элементарныя псіхічныя функцыі захоўваюцца на працягу ўсяго жыцця і могуць выявіцца ў экстрэмальных жыццёвых сітуацыях, калі ўсё набытае адключаецца і пачынае працаваць прыроджанае.

А вышэйшыя псіхічныя функцыі – гэта якраз тое, што фарміруецца ў працэсе жыцця і з'яўляецца апасродкаваным. Да вышэйшых псіхічных функцый адносяцца:

  • гнозіс (здольнасць да пазнавання і распазнавання);
  • праксіс (здольнасць да складаных мэтанакіраваных дзеянняў);
  • увага;
  • памяць;
  • мысленне;
  • інтэлект.

І, безумоўна, маўленне – вуснае і пісьмовае.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Менавіта маўленне зрабіла чалавека вянцом эвалюцыі і адрознівае яго ад усяго жывёльнага свету. Дзякуючы сваёй унікальнасці, яно з'яўляецца інтэгральным для ўсёй псіхічнай дзейнасці. У гэтым сэнсе маўленне можна лічыць найвышэйшай псіхічнай функцыяй. Што гэта значыць? Дзіця нараджаецца з першай сігнальнай сістэмай – элементарнымі прыроджанымі псіхічнымі здольнасцямі.

— Аднак ужо з моманту першага кантакту з навакольным светам запускаецца працэс выбудоўвання і развіцця другой сігнальнай сістэмы, якая грунтуецца менавіта на маўленні. Немаўля на аснове элементарных псіхічных функцый пачынае ўспрымаць маўленне, развіваць, узнаўляць. Паступовае маўленчае развіццё ў дзіцяці ў сваю чаргу ўплывае на станаўленне іншых вышэйшых псіхічных функцый: логікі, мыслення, увагі, памяці. Яны з'яўляюцца вербальна апасродкаванымі. Некаторыя вучоныя кажуць, што назіраць за ростам і развіццём дзіцяці – усё роўна што назіраць за развіццём цэнтральнай нервовай сістэмы. І асабліва вышэйшай нервовай дзейнасці.

Нормы маўленчага развіцця дзяцей

Нормы маўленчага развіцця дзяцей

Нагадаем, што развіццё маўлення дзіцяці пачынаецца з моманту яго нараджэння. Першая гукавая прадукцыя, якую выдае немаўля: плач, незадавальненне, крактанне, нават гукі пры смактанні, глытанні, кашлі, пазяханні – гэта і ёсць зародкі маўлення, трэніроўка маўленчага апарата.

Існуюць пэўныя этапы развіцця маўлення ў дзяцей першых гадоў жыцця: гуканне (гартанныя гукі ў адказ на маўленне дарослага), гуленне (спантанныя працяжныя галосныя), лепет (складовае спалучэнне галосных і зычных). Па меры таго, як расце дзіця, «расце» і яго маўленне, узбагачаючыся рознымі інтанацыямі, радамі складоў, разуменнем звернутага да яго маўлення, з'яўленнем асэнсаваных слоў, а затым і сказаў.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Колькі б ні казалі пра індывідуальнасць развіцця, усё ж такі існуюць пэўныя часавыя рамкі, тэрміны, у якія дзіця павінна рабіць тыя ці іншыя дзеянні. Гэтыя межы не такія строгія, як раней. Напрыклад, калі яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя да ўзросту аднаго года дзіця не казала 10 слоў, яму ставілі затрымку маўленчага развіцця. Сёння «часавае акно» значна пашыранае, крытэрыі вызначэння парушэнняў маўленчага развіцця рухомыя і строга індывідуальныя. Перайначыўся і сам падыход да паняцця «слова», якое вымаўляе дзіця.

Што маецца на ўвазе пад першымі словамі? Не толькі самі словы, што і так зразумела. Гэта могуць быць пэўныя склада- альбо гукаспалучэнні, якімі дзіця пазначае канкрэтны прадмет, з'яву, чалавека, тлумачыць Аліса Кудлач. Калі дзіця кажа «ма» толькі на маму альбо «бі», але толькі на транспарт і ні на што больш – гэта словы. Калі да ўзросту ў паўтара года такіх гука- і складазлучэнняў няма, гэта падстава для пэўнага непакою. Для непакою, але не для панікі, падкрэслівае эксперт.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
У маўленчым развіцці дзіцяці важней не тэрміны, а дынаміка. Паспешлівых высноў рабіць не варта. Аптымальнае назіранне за дзіцем хаця б на працягу паўгода. Напрыклад, часам ва ўзросце паўтара года дзіця яшчэ не вымаўляе слоў ці пэўных спалучэнняў, альбо да двух гадоў толькі пачало, пры гэтым асаблівасці іншых яго псіхічных функцый (памяці, увагі, мыслення) паказваюць дынаміку развіцця. Тады да яго дастасавальнае адно стаўленне і спосаб назірання ды карэкцыі. Часам дастаткова проста даць час разгаварыцца. Але калі пры назіранні высвятляецца, што вышэйшыя псіхічныя функцыі не развіваюцца альбо назіраецца іх рэгрэс, тут ужо неабходная зусім іншая стратэгія і тактыка карэкцыі парушэнняў.

Калі і да якога ўрача звяртацца, калі дзіця маўчыць?

Калі і да якога ўрача звяртацца, калі дзіця маўчыць?

Калі трэба бацькам біць трывогу з нагоды маўленчага развіцця дзіцяці і да якога спецыяліста звяртацца?

Паколькі не існуе канкрэтных нормаў і тэрмінаў, калі і як дзіця павінна загаварыць, дык ісці на кансультацыю да спецыяліста можна і трэба, калі ў бацькоў ёсць хаця б нейкія сумневы адносна развіцця маўлення малыша альбо ім здаецца, што нешта пайшло не так, перакананая Аліса Кудлач.

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Маўленне – гэта функцыя псіхічная. Па існуючай класіфікацыі захворванняў МКБ-10 маўленчымі парушэннямі займаюцца псіхіятры. Але ва ўмовах нашай краіны і постсавецкай прасторы наогул спецыяліст, які працуе з псіхікай, на жаль, для большасці звычайных людзей – доктар з «чорнага спісу». Гэта значыць, звярнуцца да яго сорамна, страшна, няёмка і напэўна пацягне за сабой наступствы. Да псіхіятра ідуць тады, калі ўсе іншыя ўрачы пройдзеныя, а праблема не вырашаная.

Ёсць і іншы аспект праблемы. Развіццё вышэйшых псіхічных функцый, асабліва ў дзяцей малодшага ўзросту – гэта сфера інтарэсаў сумежных урачэбных спецыяльнасцяў. Па-добраму, парушэннямі развіцця маўлення дзяцей павінны займацца псіханеўралагі, паколькі размова ідзе пра нервова-псіхічнае развіццё дзіцяці, а псіхіка – частка цэнтральнай нервовай сістэмы. На жаль, такіх спецыялістаў у Беларусі не існуе. Ёсць псіхіятр і ёсць неўролаг. Адпаведна, калі перад бацькамі з'яўляецца падобны выбар, дык перш за ўсё яны ідуць да неўролага.

 

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Але бацькам важна разумець, што неўролаг – не адзіны спецыяліст, які павінен працаваць з дзіцем, калі сапраўды ёсць праблема маўленчага развіцця. Мультыдысцыплінарны падыход як сучасны трэнд у медыцыне цалкам сябе апраўдвае. Прычым, гэта павінны быць не разавыя кансультацыі вузкіх спецыялістаў, а сумеснае дынамічнае назіранне, у якім важнае значэнне маюць камплаенс (прыхільнасць да лячэння), сумленнасць і паслядоўнасць бацькоў.

У мультыдысцыплінарную каманду могуць (і нават павінны!) уваходзіць наступныя ўрачы і спецыялісты:

  • псіхіятр;
  • неўролаг;
  • рэабілітолаг;
  • атарыналарынголаг. Успрыманне – першы этап маўленчага развіцця. Слыхавое ўспрыманне можа быць парушанае пры наяўнасці паталогій лор-органаў, што ў сваю чаргу будзе тармазіць развіццё маўлення;
  • акуліст. Парушэнне зрокавага ўспрымання таксама негатыўна адбіваецца на псіхамаўленчым развіцці;
  • педыятр. Калі ў дзіцяці ёсць цяжкія парушэнні страўнікава-кішэчнага тракта, паталогіі сардэчна-сасудзістай сістэмы альбо іншае цяжкае саматычнае захворванне, гэта абавязкова акажа ўплыў на псіхамаўленчае развіццё дзіцяці нават пры цалкам захаваным галаўным і спінным мозгу;
  • спецыялісты псіхолага-педагагічнага профілю: педагогі, псіхолагі, лагапеды, дэфектолагі, паводніцкія тэрапеўты.

 

 
Аліса Кудлач
Асістэнт кафедры дзіцячай неўралогіі БелМАПА
Да якога б урача ні звярнуліся бацькі ў першую чаргу, толькі спецыяліст зможа правільна ацаніць, ці патрэбная дапамога, чыя і каму менавіта: дзіцяці з-за затрымкі маўленчага развіцця альбо бацькам – з-за залішняй трывожнасці і гіперапекі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 27

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».
Глядзіце таксама