28.11.2019
28.11.2019

Рух без болю і аперацый. Навошта суставу «гіялуронка»?

logo
Здароўе дарослых
0 43
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Ці ведаеце вы, што прымяненне гіялуронавай кіслаты значнае не толькі ў касметалогіі? Напрыклад, з яе дапамогай можна пазбавіцца ад болю ў суставах і нават пачаць працэс іх аднаўлення пры артрозе. Праблема актуальная, бо каля 10% дарослага насельніцтва Беларусі пакутуе ад сустаўных хваробаў. Якія ўмовы для выздараўлення або спынення працэсу запалення патрабуецца выканаць? Ці можа прымяненне гіялуронавай кіслаты дапамагчы пазбегнуць аперацыі? Чаму гіялуронавая кіслата ў таблетках – марнаванне нашых грошай?

На актуальную тэму журналіст «Слушна» пагутарыла з траўматолагам-артапедам, дырэктарам кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы», якая спецыялізуецца на распрацоўцы і выпуску прэпаратаў гіялуронавай кіслаты, Андрэем Людчыкам.

Для чаго суставам патрэбная гіялуронавая кіслата?

Гіялуронавая кіслата натуральным чынам выпрацоўваецца клеткамі чалавека і ўсіх жывых арганізмаў. Але ў стане хваробы гэты працэс парушаецца. Якую ж функцыю можа выконваць гіялуронавая кіслата для суставаў?

  • Змазванне (у якасці лубрыканта – памяншае сілу трэння ў суставах).
  • Амартызацыя. Змякчае сілу ціску пры хадзе.
 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Для выканання гэтых функцый існуе кампенсацыя сілы трэння за кошт змазкі, функцыю якой выконвае сінавіяльная вадкасць (густая эластычная маса ў поласці суставаў). Адным з асноўных фактараў, які надае ёй глейкасць, і з'яўляецца гіялуронавая кіслата. Але, акрамя таго, гіялуронавая кіслата спрыяе аднаўленню сустаўных паверхняў і зніжэнню запаленчай рэакцыі.

Чаму «гіялуронкі» становіцца меней?

Лічыцца, што з узростам арганізм пачынае выпрацоўваць меней гіялуронавай кіслаты. І з-за гэтага могуць абвастрацца праблемы з суставамі. Ці так гэта насамрэч?

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Сапраўды, ёсць тэорыя, што па пэўных прычынах колькасць гіялуронавай кіслаты памяншаецца. Аднак ёсць і іншая версія: сінтэз яе не спыняецца (інакш у прынцыпе адбылася б дэгенерацыя суставаў і іх разбурэнне). Але хуткасць працэсаў разбурэння робіцца большай за рэгенерацыю. У выпадку парушэння балансу гэтых працэсаў развіваецца запаленчая рэакцыя. Так мы і атрымліваем артроз.

Чаму працэсы аднаўлення запавольваюцца?

  1. Узрост. З гадамі працэсы рэгенерацыі запавольваюцца натуральным чынам.
  2. Лад жыцця. Калі чалавек не сочыць за харчаваннем, мала рухаецца, рухаецца няправільна, гэтыя фактары ў рэшце рэшт прыводзяць да парушэння функцыі сустава.

 

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
За апошнія гады апублікавана дастаткова інфармацыі пра хімічныя кампаненты, якія правакуюць запаленчыя працэсы. Гэтыя кампаненты ўтрымліваюцца ў розных прадуктах: мучных вырабах, свежым малацэ, паслёнавых (напрыклад, костачках памідораў) і інш. У іх ёсць бялкі, якія правакуюць запаленчыя працэсы. З'явіліся і такія рэчывы, якія стагоддзямі былі для нас не характэрныя. Аднак цяпер яны ўбудоўваюцца ў нашы абменныя ланцугі. Гэта прыводзіць да парушэння абмену рэчываў у арганізме. Яшчэ адзін важны момант – нефізіялагічны рух. Чалавек можа насіць вельмі модны, але нязручны абутак. Тады арганізм пачынае прыстасоўвацца, спрацоўвае вымушаная адаптацыя. З цягам часу адбываецца структурная дэфармацыя. Змяняюцца вуглы ўзаемаадносінаў паміж сустаўнымі паверхнямі, узнікае павышаная сіла трэння ў пэўных зонах сустава, храсток вытанчаецца. Ён не паспявае аднавіцца (рэгенерыраваць) да патрэбнага ўзроўню. Мозг адразу вызначае гэтае месца праблемы для сябе як зону павышанай увагі, і пачынае развівацца сцэнарый – запаленне.

У якім узросце можа развіцца артроз?

У якім узросце можа развіцца артроз?

Артроз можа развіцца ў любым узросце. Але ў маладых людзей працэсы аднаўлення адбываюцца хутчэй: арганізм валодае яшчэ дастатковай сілай імунітэту. У сталым узросце працэсы аднаўлення значна больш расцягнутыя ў часе.

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Артроз, як правіла, узростазалежнае захворванне. Людзі часта трываюць і нікуды не звяртаюцца. Прыходзяць да ўрача толькі тады, калі ўжо грунтоўна дапякло. А ў гэты час працэс ужо ішоў на працягу многіх месяцаў. Мозг прапісаў для сябе сцэнарый запалення. І ў ім адсутнічае другое значнае звяно – рэгенерацыя тканкі.

Якім чынам можа дапамагчы ўвядзенне гіялуронавай кіслаты?

Укол гіялуронавай кіслаты ў каленны сустаў.

Прафілактыка хваробаў суставаў можа быць толькі комплекснай. Сюды ўваходзіць некалькі кампанентаў:

  • Індывідуальна падабранае харчаванне. Важную ролю тут таксама адыгрывае ўжыванне дастатковай колькасці вадкасці на працягу дня.
  • Умераная фізічная актыўнасць. Кроў павінна актыўна рухацца па сасудзістым рэчышчы, інакш могуць узнікнуць месцы застою. Лячэбная фізкультура, прагулкі павінны быць рэгулярнымі. Трэба рацыянальна размяркоўваць нагрузкі ў трэнажорнай зале.

Увядзенне гіялуронавай кіслаты здымае боль за кошт эфекту лубрыкацыі. Аднак калі лад жыцця чалавека застанецца ранейшым, праз даволі кароткі час сімптомы вернуцца. Асноўнае ўздзеянне гіялуронавай кіслаты пачынаецца пазней, праз некалькі дзён (у некаторых людзей – на працягу месяца).

 

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Адна з функцый гіялуронавай кіслаты – утрыманне вады. Гіялуронавая кіслата, спрыяючы ўтрыманню вады ў міжклеткавай прасторы (пазаклетачным матрыксе), паляпшае працэсы рэгенерацыі тканкі. Толькі гіялуронавая кіслата, уздзейнічаючы на мембранныя рэцэптары хандрацытаў (клетак храстка) стымулюе сінтэз усіх кампанентаў пазаклеткавага матрыксу. Калі гэтага не адбываецца, дык працэс запалення будзе захоўвацца. Уведзеная ў сустаў гіялуронавая кіслата запускае працэсы ўласнага сінтэзу міжклеткавага матрыксу і супрацьзапаленчых рэчываў.

Чаму менавіта ін'екцыі?

Па некаторых дадзеных, біяэфектыўнасць прэпаратаў, якія праходзяць праз страўнікава-кішэчны тракт, не перавышае 5-8%. А значыць, прыём гіялуронавай кіслаты ў выглядзе таблетак будзе пустым марнаваннем часу і грошай. Эфекту такі метад не прынясе. Крэмы таксама не спрацуюць. Тыя віды гіялуронавай кіслаты, якія выкарыстоўваюцца ў іх, застаюцца на паверхні скуры. Для суставаў гэта ніякага эфекту не прыносіць. Пры ін'екцыйным увядзенні эфект дасягае 100%, бо прэпарат трапляе менавіта ў тое месца, якое мае патрэбу ў «падтрымцы», і адразу засвойваецца тканкамі.

 

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Гіялуронавую кіслату нельга нічым замяніць. Яна не выклікае ніякіх алергічных рэакцый і разглядаецца як універсальная малекула для ўсіх жывых арганізмаў. Гэтая ўнікальнасць і дазваляе выкарыстоўваць толькі яе ў якасці эфектыўнага тэрапеўтычнага агента.

Ці можна пазбегнуць аперацыі?

Існуе меркаванне: маўляў, навошта так моцна хвалявацца?! Калі здарыцца штосьці з суставам, заўсёды ёсць магчымасць трапіць на аперацыю і яго замяніць.

 
Андрэй Людчык
Траўматолаг-артапед, дырэктар кампаніі «ГіялСін Тэхналоджы»
Для таго, каб пазбегнуць аперацыі, трэба самастойна ўвесь час сачыць за станам уласнага арганізма, змяніць лад жыцця. Вядома, вам могуць прапісаць абязбольвальныя прэпараты. Але прыроду не падманеш. Харчаванне не зменіцца, запаленчы працэс не знікне, вугал трэння суставаў зноў будзе няправільным. Уставіць «жалеза» – крайняя мера, калі зусім ужо нічога не дапамагае. Бо спрагназаваць, як прыжывецца іншароднае цела, немагчыма. Ды і аперацыйныя рызыкі ніхто не адмяняў. Калі чалавек гатовы прыкладаць намаганні, дык рэгулярныя ін'екцыі гіялуронавай кіслаты могуць істотна дапамагчы яму павысіць працэнт верагоднасці рэгенерацыі. Гіялуронавая кіслата дапамагае, але ступень выяўленасці лячэбнага эфекту можа залежаць ад індывідуальных асаблівасцяў і ладу жыцця пацыента.

Добрая навіна: пры адказным падыходзе да свайго ладу жыцця нават такое грознае захворванне, як артроз, можа здацца. Падтрымкай на шляху выздараўлення стане «звычайная» малекула гіялуронавай кіслаты. Дрэнная навіна: «чароўнай таблеткі» не існуе. Для дасягнення эфекту патрэбныя не толькі ін'екцыі, але і асабісты актыўны ўдзел. Але ж актыўнае жыццё з рухам без болю таго вартае!

 

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 43

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама