21.06.2020
21.06.2020

Ружовы лішай. Прычыны, сімптомы і лячэнне

logo
Хваробы ад А да Я
0 39
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A
Ружовы лішай, лішай Жыбера і разеола, якая лушчыцца, – усё гэта назвы аднаго захворвання. Чаму яно з’яўляецца, да гэтага часу невядома. Часцяком ружовы лішай развіваецца на фоне зніжэння ахоўных сіл арганізма, напрыклад, пасля прастуды ці ВРВІ. Найбольш частыя выпадкі хваробы ў падлеткаў і маладых людзей, у той час як у дзіцячым і сталым узростах практычна не сустракаецца.
Ружовы лішай. Сімптомы і праявы..

Пра сімптомы, дыягностыку і лячэнне захворвання, а таксама што можа паслужыць прычынай таго, што на скуры «заквітнеюць» ружовыя плямы, якуя лушчацца, журналісту інфармацыйнага партала Здаровыя людзі распавяла ўрач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва» Юлія Баранава.

Што можа справакаваць развіццё ружовага лішая

Ружовы лішай Жыбера – гэта інфекцыйна-алергічная экзантэма, паходжанне якой застаецца да канца нявысветленым, як і няма адзінага меркавання пра верагодныя спосабы заражэння. Ёсць здагадка, што вінаватым у захворванні з’яўляецца вірус герпесу 6 і 7 тыпаў, які ў латэнтнай форме прысутнічае ў чалавека. Па дадзеных некаторых даследаванняў, прызначэнне высокіх дозаў ацыклавіру паскарае лячэнне захворвання. Спецыялісты кажуць пра тое, што да рызыкі захварэць схільныя перш за ўсё тыя, у каго паніжаны імунітэт. Напрыклад, хто нядаўна перанёс вірусныя інфекцыі або прастуды.

Зніжэнне ахоўных сіл арганізма можа быць таксама выкліканае:

  • у выпадку пераахаладжэння;
  • пасля траўмаў, аперацый або інфекцый;
  • у выніку ператамлення або стрэсу;
  • з-за злоўжывання алкагольнымі напоямі;
  • у выніку хранічных захворванняў (цукровага дыябету, сардэчнай недастатковасці);
  • у выніку гарманальных змяненняў, напрыклад, падчас цяжарнасці;
  • рэзкай зменай клімату;
  • курэннем;
  • няправільным харчаваннем.
Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Часцей за ўсё ружовы лішай актывуецца ў сезон ВРВІ і грыпу, хаця выразнай сезоннасці вучонымі не выяўлена. Спрыяць развіццю хваробы Жыбера можа гіпавітаміноз (недахоп вітамінаў), бескантрольны прыём лекавых сродкаў, у прыватнасці, антыбіётыкаў. У жанчын і дзяцей рызыка ўзнікнення нязначна вышэйшая, чым у мужчын. Суадносіны 1,5 да 1. Інфекцыяй практычна не заражаюцца людзі, старэйшыя за 65 гадоў, і немаўляты. Рэцыдывавальны лішай Жыбера таксама сустракаецца рэдка.
Ружовы лішай. Часцей у дарослых.

Ружовы лішай Жыбера – не заразнае захворванне. Як правіла, працякае яно на працягу ад 4 тыдняў да 2-3-х месяцаў.

Як вызначыць. Сімптомы

На скуры тулава ўтвараецца пляма дыяметрам больш за 2 см (часам да 5 см), так званая «матчына бляшка». Яна лушчыцца па перыферыі і афарбаваная ў бледна-ружовы колер. У цэнтры бляшкі пры лушчэнні фарміруецца пляма з ярка-чырвонай аблямоўкай (медальён).

Праз тры дні-тыдзень пасля з’яўлення першага ачага на целе з’яўляецца россып вялікай колькасці такіх жа элементаў сыпу, але меншых памераў (да 1 см у дыяметры). Часцей за ўсё яны размешчаныя на жываце, плячах і сцёгнах. На твары і шыі такія высыпанні сустракаюцца даволі рэдка.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Часам у пашкоджаных месцах скура свярбіць, могуць павялічыцца лімфатычныя вузлы на шыі і падбародку. Калі імунітэт моцна аслаблены, магчымае з'яўленне такіх сімптомаў, як моцная стомленасць, павышэнне тэмпературы ці агульная інтаксікацыя ўсяго арганізма. Гэта даказвае, што па сутнасці захворванне з'яўляецца віруснай экзантэмай. Бываюць выпадкі, калі знешняя праява нетыповая для захворвання: замест бляшак з'яўляюцца ўртыкарныя элементы, пустулёзныя, якія нагадваюць шматформную эксудатыўную эрытэму. Элементамі пашкоджваюцца далоні і ступні, як пры псарыязе.
Ружовы лішай. На далонях.

Дэрматолагі выдзяляюць некалькі відаў атыповай праявы хваробы Жыбера:

  • уртыкарная – на скуры з’яўляюцца пухіры;
  • везікулёзная – невялікія пузыркі, унутры напоўненыя празрыстай або каламутнай вадкасцю;
  • папулёзная – бесполасцевыя ўтварэнні, якія выступаюць над скурай.

Тым не менш, нягледзячы на наяўнасць атыповых элементаў, на целе часцяком прысутнічаюць класічныя бляшкі.

Чаму трэба звяртацца да ўрача?

Па-першае, патлумачыла Юлія Баранава, неабходна пераканацца, што гэта менавіта ружовы лішай, а не іншае, падобнае па клінічнай карціне, захворванне. Напрыклад, гэта можа быць псарыяз, грыбковае паражэнне скуры, пранцы альбо мікоз гладкай скуры, краснуха. Калі ва ўрача з’явяцца сумневы, ён можа прызначыць дадатковыя даследаванні: аналіз крыві і мачы, саскрэб, сералагічнае даследаванне.

Па-другое, рэдка, але ўскладненні магчымыя. Яны выяўляюцца ў выглядзе актыўнага распаўсюджвання высыпанняў, доўгага, парой нясцерпнага свербу, інфікавання бляшак. Пасля выздараўлення магчымае змяненне пігментацыі скуры ў месцах, дзе былі размешчаныя плямы.

Ружовы лішай.

Як лячыць лішай Жыбера

У большасці выпадкаў, лячэнне ружовага лішая не патрабуецца, але неабходна прытрымлівацца пэўнага рэжыму. У прыватнасці, нельга мыць і церці скуру мачалкай, неабходна абмежаваць фізічныя нагрузкі, не варта насіць вопратку з шарсцяных і сінтэтычных тканінаў.

Без лячэння сімптомы знікаюць праз 2-6 тыдняў. У рэдкіх выпадках – праз 4-6 месяцаў. Рэцыдывы для лішая Жыбера не характэрныя.

У выпадку, калі працэс выздараўлення зацягваецца альбо з’яўляюцца ўскладненні, урач-дэрматолаг можа прызначыць дадатковае лячэнне: прэпараты для ўмацавання імунітэту, антыгістамінныя лекавыя сродкі, картыкастэроідныя мазі.

Акрамя медыкаментознага лячэння ружовага лішая, прызначаюць гіпаалергенную дыету. Давядзецца выключыць прадукты, якія могуць выклікаць алергічную рэакцыю: цытрусавыя, яйкі, садавіну чырвонага колеру, шакалад, каву, алкагольныя напоі, мёд, арэхі.

Ружовы лішай. Цытрусавыя нельга.

Юлія Баранава
Урач-касметолаг, дэрматавенеролаг медыцынскага цэнтра санаторыя «Юнацтва»
Пажадана падчас лячэння пастарацца засцерагчы сябе ад стрэсаў, мыцца толькі пад душам мяккімі мыйнымі сродкамі. Не варта загараць. Існуе меркаванне, што падобныя захворванні добра лечацца ўльтрафіялетам. Гэта не дакладна, бо ўздзеянне сонечных промняў спрыяе актывізацыі працэсу лушчэння і, адпаведна, перашкаджае акрыянню, могуць узнікаць дысхроміі (пацямненне) скуры.

Як пазбегнуць захворвання

Рэцэпт тут толькі адзін. З-за таго, што прырода з’яўлення ружовага лішая невядомая, асноўная рэкамендацыя – сачыць за станам імуннай сістэмы. Моцны імунітэт і адсутнасць стрэсаў дапамогуць пазбегнуць узнікнення захворвання.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 39

Нарадзілася і жыву ў Мінску. У 1995 годзе скончыла сталічную сярэднюю школу №168, затым паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на факультэт журналістыкі. Пасля заканчэння вучобы ў 2000 годзе была размеркаваная ў Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БелТА), дзе 8 гадоў прапрацавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела палітычнай і сацыяльнай інфармацыі. У розныя гады асвятляла падзеі ў сферы навукі, культуры, адукацыі і аховы здароўя. У 2011 годзе перайшла ў прэс-службу Міністэрства аховы здароўя. Кола маіх абавязкаў уключала, у тым ліку арганізацыю сустрэчаў спецыялістаў са СМІ, складанне прэс-рэлізаў, забеспячэнне журналістаў інфармацыяй пра дзейнасць сферы аховы здароўя, а таксама падрыхтоўку аператыўных каментароў экспертаў і фарміраванне стужкі навінаў афіцыйнага сайта міністэрства. З 2017 года працую ўласным карэспандэнтам аддзела інтэрнэт-праектаў рэдакцыі газеты «Медыцынскі веснік». З'яўляюся аўтарам публікацый на інфармацыйным партале «Здаровыя людзі» і сайце для падлеткаў «Teenage.by».