03.08.2021
03.08.2021

Ганарлівыя ружы (казка + аўдыё)

logo
Адукацыя і выхаванне
0 70
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Кароль аднаго паўночнага каралеўства вельмі любіў кветкі. Што толькі ні расло ў садзе ля яго палаца! Пералічваць – толькі час марнаваць. Тым больш, што назвы многіх раслінаў мы з вамі і не вымавім. Жартачкі! Пад адкрытым небам і ў аранжарэях каралеўства былі сабраныя расліны з усяго свету!

Ружы. Прыгажосць каралеўскага саду.

Але сярод разнастайнасці свайго кветніка кароль вылучаў усім вядомыя ружы. Як добра падумаць, то і нам з вамі ёсць чым ганарыцца. Калі да тваіх знаёмых прыхільна ставіцца  каранаваная асоба, адчуваеш прыемную еднасць з каралеўскім дваром...

Але гаворка не пра нас, і нават не пра караля. Ён сваю справу зрабіў – даў жыццё вялікаму саду, дзе кветкі былі гаспадынямі. А ружы сярод іх – каралевамі.

Пра іх наша апавяданне.

Прамыя сцябліны, ганарыста задраныя галоўкі з аксамітнымі пялёсткамі, тонкі водар і недатыкальныя шыпы – усё гаварыла пра высокае паходжанне ружаў.

Аглядаючы кветнікі, кароль нястомна паўтараў: «Гэта лепшыя ў свеце кветкі». Яго словы падхоплівалі прыдворныя, і кожная травінка ў садзе чула іх захопленае вохканне.

«Яны самыя-самыя...» – услед за людзьмі пачыналі шаптаць кветкі. Астры ўтрапёна круцілі сваімі зорнымі галоўкамі, гладыёлусы выцягваліся ў поўны рост, каб паслаць ружам гарачы пацалунак, вяргіні папраўлялі пышныя сукенкі – нягожа быць неахайнымі побач з суседкамі-прыгажунямі...

Ружы. Да іх цягнуліся і вяргіні.

І ружы заганарыліся.

Раніцай, калі сонечныя праменьчыкі збіралі з кветак расу, ружы шапталі ім: «Раса з нашых пялёсткаў самая каштоўная ў гэтым садзе!» – і былі ўпэўненыя, што гэта дзеля іх так беражліва нясуць праменьчыкі крыштальныя вядзерцы на неба.

Цёплымі днямі, калі пчолкі шчыравалі ў пошуках нектару, ружы паўтаралі: «Вам выпаў гонар кранаць нашыя пялёсткі». І здавалася ганарліўкам, што гэта ім пчолкі ўдзячна зумкалі, па крупінцы здабываючы мёд.

А ціхімі вечарамі ружы паблажліва ўсміхаліся салоўкам: «Не кожнаму выпадае шчасце спяваць для нас...» І калі салоўкі выводзілі такія каленцы, што зоркі, заслухаўшыся іх спеваў, пачыналі падаць з неба ў росную траву, ружы верылі, што гэта ім салютуе начное неба.

Ружы. Зоркі падалі з неба ад спеву салаўя.

Закаханым у сябе кветкам здавалася, што жыццё ў садзе круціцца вакол іх прыгажосці. Шмат хто з жыхароў саду таксама шчыра ў гэта верыў.

Акрамя кветак у садзе раслі дрэвы. Самым старым і мудрым сярод іх быў дуб.

Яго магутны ствол моцна абдымаў павой. Гэтая слабая расліна толькі так і магла жыць, моцна зачапіўшыся за што-небудзь трывалае. Але такое сваяцтва з дубам – няхай не крэўнае, а пажыццёвае – і яму давала права на ўласныя развагі.

І ён, абвіўшы дуб, шаптаў услед за ўсімі ружам: «Яны адзіныя!»

Але мудрае дрэва думала інакш. На замілаванае вохканне павою паднімала яго на верхнія свае галіны і казала:

– Глядзі, там, ля сялянскіх хатаў, ружы, нічым не горшыя за нашыя. Усяго розніцы, што растуць яны па-за межамі каралеўскага саду...

– Фі, вы чулі, паненкі, што кажа гэта грубае дрэва! – грэбліва крывіліся прыгажуні, да якіх вецер даносіў словы дуба. – Дадумацца параўноўваць нас з кветкамі ля сялянскіх хатаў! Нашым водарам дыхае сам кароль і яго прыбліжаныя. І таму мы, несумненна, уплываем на ход дзяржаўных спраў! Ці могуць пра такое марыць ружы з простых кветнікаў?

Ружы. Ганарліўкі з каралеўскага саду.

Па садзе лёталі матылькі. Яны былі такія прыгожыя, нібы паднятыя ў паветра кветкі. І таму кветкі вельмі любілі сваіх крылатых сяброў.

Але, у адрозненне ад кветак, матылькі глядзелі на жыццё шырэй, бо не былі прывязаныя карэньчыкамі да аднаго месца. І яны заўсёды пагаджаліся з дубам, калі гаворка тычылася адметнасці ружаў з каралеўскага саду.

– Знаёмы нам ружавы куст ля хаткі з чарапічным дахам там, за горкай, цешыць хворага хлопчыка. Ён не можа хадзіць, і ружы для яго – цэлы свет... – казалі матылькі, нямала злуючы ружы сваімі навінамі.

– Ах, ведаем мы гэтых няўдачнікаў, усе яны некага цешаць,– круцілі каралеўскімі галоўкамі ружы, – але ўсе мараць трапіць на нашае месца. За намі тут такі догляд – кожны пазайздросціць.

– Канешне, догляд належны, – спрабаваў прыструніць дуб задавакаў. – Уся ваколіца стараецца дзеля вас. Лепшых садоўнікаў адпраўляюць у каралеўскі сад, з самых чыстых ручаінаў ваду вам на паліў носяць. Варта б помніць вам пра гэта і не зазнавацца…

Ружы. Мудры дуб ушчувае.

– Абы-каму не насілі б, – не сунімаліся ганарліўкі.

А найпрыгажэйшая з іх напышліва зазначала:

– Так захацеў лёс, а ім, дарэчы, яшчэ і распарадзіцца трэба ўмець. Вось я – сапраўдная гаспадыня свайго лёсу. Яшчэ кволым парасткам у разарыі ведала многія ружавыя кусты. Адзін з іх нават сватаўся да мяне. Ці не той, што расце ля хаткі з чарапічным дахам – надта любіў пра самаахвярнасць паразважаць.

Колькі разоў казала яму я – усміхайся кожным пялёсткам, калі каралеўскі садоўнік выбірае саджанцы для саду. Не слухаў. Паўтараў, што радасць створаная для ўсіх – і вось трапіў невядома куды. Ну і няхай сабе гібее цяпер! Хаця – шкада, прыгожы быў, дурань. У мяне ж, дзякаваць Богу, хапіла розуму не адгукнуцца на яго заляцанкі, я ведала, каму пасміхацца, – і вось, я тут...

Згодныя са сваёй сяброўкай, ружы дружна ківалі галоўкамі.

Так міналі дні за днямі. Ружы надыхацца не маглі сваім уласным водарам, нахваліцца сваім веданнем жыцця. Між тым, яно рыхтавала ім неспадзяванкі. Пахіснулася здароўе старога караля. І, як ні шкада яму было пакідаць сваю дарагую радзіму, ён мусіў ехаць у цёплы край, бліжэй да мора. Палац з безліччу кветак кароль пакідаў маладому прынцу.

Ружы. Стары кароль занядужаў.

У прынца ж былі свае меркаванні пра тое, што добра і што дрэнна. Былі і ўлюбёныя кветкі – але не ружы. Захапленне імі ён лічыў старамодным.

І вось надышоў дзень ад’езду караля. З гэтай нагоды ў палацы ладзіўся баль. Аздобіць залы было вырашана жывымі ружамі. Іх зрэзалі позна ўвечары, перад пачаткам балю, каб да самай раніцы любімыя кветкі караля радавалі яго сваім водарам.

Калі ружы панеслі ў пакоі, сад спаў і не бачыў, як кветнікі апусцелі. Абудзіўшыся ж на досвітку наступнага дня, сад не пачуў звыклага шэпту каралеўскіх пястунак пра сваю прыгажосць.

– А куды падзеліся нашы ружы? – пыталіся адна ў адной кветкі.

Павой, які пакрысе дабраўся ўжо на вяршаліну дуба, выцягнуў свае лісточкі і напружыўся, аглядаючыся па баках.

– Вунь яны, у каралеўскіх пакоях! – захоплена выдыхнуў ён, пабачыўшы праз адчыненыя вокны букеты ў шыкоўных вазах. І не ў стане стрымаць замілавання, абмяк і споўз уніз.

Ружы. Упрыгожванне каралеўскага палаца.

– Які гонар, якое жыццё! – зашапталіся кветкі, дакорліва пазіраючы на дуб. – А некаторыя сумняваліся ў высокім прызначэнні ружаў. Кожнаму можна марыць пра такі лёс!

Але дуб моўчкі шапацеў лістотай. На чужы раток не накінеш платок, увесь свет не перайначыш. Ды і не варта займацца гэтым мудраму дрэву. Высокі дуб бачыў тое, што было недаступна погляду нізенькіх кветак: варта было каралю выправіцца ў дарогу, як ружы выкінулі, не зважаючы на колішнія заслугі ў аздобе саду, забыўшыся на нядаўняе захапленне іх водарам.

На галоўныя кветнікі саду пасадзілі белыя лілеі – любімыя прынцам кветкі. Яны, як і ружы, адразу ж пачалі хваліцца сваёй адметнасцю, а сад узяўся ім падпяваць, як некалі падпяваў і ганарліўкам-ружам.

Праведаць каралеўскія кветнікі прыляцелі матылькі. Радасна махаючы крылцамі, наперабой расказвалі яны, што ўстаў на свае ножкі хлопчык з хаткі пад чарапічным дахам! Ён сам ужо даглядае свой ружавы куст і даў слова стаць садоўнікам, як вырасце.

Той, хто ведаў цану жыццю, шчасліва ўсміхнуўся навіне.

Тыя, хто памятаў ружы ў раскошных вазах палаца, віталі фаварытак маладога прынца ў садзе.

Ружы. Белыя лілеі – фаварыткі прынца.

А сонца, як было спрадвеку, адпраўляла праменьчыкі збіраць расу.

Шчыравалі працаўніцы-пчолкі, напаўняючы вуллі мёдам.

І таксама, як было спрадвеку, у адказ на салаўіны пошчак падалі з неба зоркі.

Фота – з адкрытых інтэрнэт-крыніц.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 70

Журналіст, пісьменніца, прыхільніца здаровага ладу жыцця
Глядзіце таксама