13.02.2024
13.02.2024

Рыжае шчасце (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0 87
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Жыла-была адна сям’я і была ў іх кошка Дуся. Дзеці за ёй даглядалі: кармілі, спрабавалі навучыць самым простым камандам – «Нельга!», «Спаць!», «Места!». Як ні стараліся, нічога не атрымлівалася.

Тады яны з ёй як з цацкаю проста забаўляліся. Калі Дуся вырасла і стала сур’ёзнай кошкай, якая асабліва не давалася браць на рукі без зваблівай прапановы пачастунка,  як ўжо і не так імкліва кідалася за штучнай мышкаю. Пасталела. Стала больш разважлівай.

Прароцтвы лянівай Зязюлі (казка) + аўдыё

Аднаго разу, калі дзеці не зачынілі  балконнае акно, яна вылезла, саскочыўшы з першага паверха і вольна адчувала на волі. Толькі на трэція суткі Дусю дапамаглі знайці школьнікі Міхаська і Алеська. Яна супрацівілася, плішчылася ў вузкую агароджу, караскалася на дрэва, коўзалася па спінах слізкіх жабак у мясцовым стаўку, незадаволеная  паўторным абмежаваннем раптоўнай свабоды, шыпела на дзяцей, казала:

«Мяне зноў будуць цягаць як штучную цацку, а я па волі хачу гуляць, мурлы-ы- мурлы-ы»

Ніхто цябе не пакрыўдзіць! – запэўнівалі дзеці.

Дзеці і кошка

І яе злавілі. Адмылі, адчысцілі.  А праз каторы час ў Дусі з’явіліся маленькія кацяняткі. Але толькі-толькі малыя сталі на свае лапкі, гаспадары памянялі сваю трохпакаёвую кватэру на загарадны катэдж і з’ехалі. Вырашылі: кацінае сямейства на новае месца жыхарства не браць.  І кардонную скрыню з кацянятамі вынеслі пад балкон суседняга дома, дзе сталаваліся такія ж, толькі старэйшыя іх суродзічы.

Знёмства адбылося літаральна праз колькі хвілін. Напачатку скрынка іх абнюхвалася, а пасля і лапы старэшых стараліся «пачасаць», а катораму і па загрыўку заехаць. Нікому канкурэнты на ўвагу і смачны бясплатны харч не патрэбныя.

Неспадзяваны прыход бабулі Людмілы, якая падкормлівала ўсіх пакінутых чацвераногіх некалі хатніх любімцаў,  выратаваў малых ад немінуемай гібелі.

Як барсук з янотам пасябравалі (казка) + аўдыё

Што бабуля гаварыла сваім старэйшым падапечным невядома. Толькі ледзь-ледзь было чуваць, што ўсчувала, але пераканаўча, не павышаючы голасу, нават сарамаціла. І ўвесь каціны ўзвод тут жа сышоў, ніводзін нават не азірнуўся. Толькі адзін, напэўна старэйшы па званні, ад імя ўсіх папрасіў прабачэння і падзякаваў за шматгадовы клопат.

Маці Дуся таксама сышла і больш ля сваіх дзетак не паказвалася.

Кацяня

Людміла Іванаўна перанесла новых жыхароў пад свой балкон, паставіла скрынку за язмінавы куст. Нягледзячы на новае месца, малыя, падсілкаваўшыся, хутка сцішыліся і заснулі.

Колькі разоў за ноч яна ўставала, выходзіла на балкон і выглядала: як там яе «дзеткі», а ці не пакрыўдзіў хто?

Яшчэ ледзь-ледзь пачынала днець,  пралівалася чырвань на ўсходзе, і сноп праменняў сеяў бляск на ўсё наваколле, і на галінкі язміну, што зараз расце ля самага балкона бабулі Люды, і на спіны кацянятак,  нібы само неба ўсміхалася людзям і прыродзе, а самы рухавы з таго клубка, рыжанькі каток прачынаўся, будзіў брацікаў і сястрычку – чорненькага, рабенькіх, попельнага. І ўжо, хаця усе яны яшчэ сонныя і зусім вялыя, нехаця поўзаюць, перавальваюцца адзін праз аднаго, незадаволена шыпяць:

– Вой, не круціся, Рыжык, да-ай со-он цікавы дагледзець, – цадзіла праз сон пярэстая, як рабенькая маладая бяроста сястрычка Муся.

Толькі рупліваму шчасціць (казка) + аўдыё

– Пасунься, Попел, тоўкае пысай другі разбуджаны камочак. –Разваліўся, як кароль на імянінах!

– Дайце сон ружлвы дагледзець! Ну хто тут такі ранні?

– Я бабуля, самы шусты і самы ранні!

– Ах, ты маё рыжае шчасце! – казала гаспадыня. – Ты самы спрытны і шчыры, клапаціся пра слабешых і нямоглых. І перад табою ўсе дзверы расчыняцца.

І скрыня на пэўны час супакойвалася.

Як толькі чуліся крокі гаспадыні на балконе і яе вітальнае: «Ну, як вы там, усе жывыя?»

У адказ чуліся тоненькае: «Мяў-ў-ў, мяў- ў-ў». І ўсе, як адзін папрачыналіся

І з нецярпеннем і надзеяй пазіралі ўгору, адкуль даносіўся голас іх выратавальніцы.

– Добрай раніцы, мае харошыя! Прагаладаліся? Бягу, Бягу!..

Бабуля Люда, хаця і выйшла больш за дзесяць год на пенсію, пазней прачынацца не стала. Тольк-толькі зайграла радыё, а яна ўжо спускалася са сваёй кватэры, дзе была яшчэ адна каціная сям’я, і частавала малых смачным сняданкам.

– Ешце, ешце, мае сіроткі. Толькі не крыўдзіце адно аднаго, усім хопіць. – І я вось адна, – жалілася старая. Дзеці паразляцеліся па свеце, гады-наўрады наведваюцца.. Ешце, ешце…Хутчэй падрастайце і дружна жывіце, тады вам гора менш будзе.

Муся адышлася ад місачкі і паглядзела на Людмілу Іванаўну.

– Ну, чаго ты не ясі, Муся?

Кацянятка тройчы замяўкала, што азначала згоду з бабуляй пра сіроцтва, што рэдка бывае ў жывёл. А тут… Можа забіў хто?

Гэта сярод людзей адцурацца ад свайго дзіцяці вельмі проста, нібыта звычайная з’ява…

Тым часам кацяняты падраслі настолькі, што кожнаму хацелася на волю.

Першым пакінуў сямейнае гняздо Рыжык.

Так вырашылі на сямейным савеце, бо менавіта ён выратаваў сястрычку Мусю і брацікаў Вугалька, Попела і Рабчыка ад немінуемай гібелі, калі чарада варон накінулася на іх і пачала тараніць. Рабчыку болей за ўсіх дасталося ад дзюбкі злой вароны. І толькі аднаго спрынтарскага скачка Рыжыка аказалася дастаткова, каб параніць крыло крыўдзіцелькі і адвучыць ад захопніцкіх планаў. Параненая варона, адчуўшы непадступнай каціную крэпасць, толькі-толькі паспела ўзняцца на бліжэйшае дрэва, каркнула, просячы прабачэння за неабдуманы ўчынак, змоўкла.

спящие котята

– Табе, Рыжык, толькі камандзірам быць ці ў цырку працаваць, – казалі браты і сястычка Муся.

– Абяцаю ў цырку пабачыцца.

І ён пайшоў у свет.

Ішоў Рыжык з адной мэтаю: дапамагаць слабейшым, а там бачна будзе – цырк ці што іншае трапіцца.

Тым часам над лесам сонца нізка свяціла. Над кветкамі, разамлелыя ад гарачыні, ляніва матылькі ляталі.

Рыжае шчасце 2

Пагнаўся каток за матыльком, а той стаў дражніцца з ім. То да самай травы прыпадзе, здаецца, вось-вось на пыску Рыжыку сядзе, то зноў уверх сігане.

Надакучыла яму за матыльком ганяцца. І вырашыў ён да рэчкі пайсці.

Па дарозе выратаваў птушаняткаў жаваранка, што з гняздзечка акурат на лісінай сцежцы бацькі зрабілі. Схапіў гняздо разам з малымі і на лазовы куст, у самыя вілачкі сукоў, каб надзейна трымалася, падняў. А як толькі маці жоўтаротых немаўлятак спусцілася на зямлю, убачыўшы тое здарэнне, новае месца гняздзечка паказаў. У адказ пачуў шчыры дзякуй у пошчаку спеўным.

Калі падыходзіў да рэчкі бачыў рыбакоў з вудамі ў лодках. Над люстраной гладдзю вады слюдзянымі крылцамі стракозы трапечуць. Ля берагоў мошкі-букашкі плаваюць. Вырашыў кінуцца ў ваду.

Напачатку плыў па-сабачы, потым брасам, затым на кроль перайшоў. Рыба, што сустракалася на яго сцежцы збягала, шукаючы  паратунку нібыта ад вялікага звера, што ўтвараў цень Рыжыка, які адлюстроўваўся ад зыркага сонца. І рыбакі толькі паспявалі са сваіх вудаў рыбу здымаць. Усміхаліся, і ўдзячна памахвалі Рыжыку. Рыжыка спрытнае цела хвалі люлялі, а яму здавалася, што на воблаку плыве.

Рыбакі на возеры

А калі вечар наступіў і жар-птушкаю за лес сонца скацілася, спахапіўся Рыжык, што пара далейшы шлях вызначыць. Заспяшаўся на бераг.

Неўзабаве ўжо і сцямнела. Ажно бачыць мокрага вожычка, скачанага ў жоўты пясок.

– Прабачце, страшны звер, але не чапайце мяне! Я вас баюся.

– Не бойся, Калючка! Я – Рыжык. А ты чаго тут адзін поўзаеш?

– Заблудзіўся… Рыжык, дапамажы мне дадому дабрацца.

А тут, як на тое ліха вецер наляцеў, перуны, што з гарматы, заляскалі, сталі неба вогненнымі стрэламі маланкі свідраваць. Дождж як з вядра паліў. Спужаўся вожык, ажно калючкі на спіне ад страху задрыжэлі.

Пад глыбокім карнявішчам вывернутай буранам сухадровіны Рыжык яго схаваў. Ён прытаіўся за Рыжыкам і сціх. На душы паспакайнела, і ён заснуў. Доўга ці мала сядзелі яны ў той схованцы, бо калі выйшлі на паветра, над лесам стаяла цёплая чэрвенская ноч.

рыжае кацяня

– Рыжык, а можа давай тут заначуем? Баюся, каб зноўку не зблудзіць. Бо перуны мяне так напужалі сваімі гарматамі, што зараз наўрад ці дарогу знайду. Улетку кожны кусцік начаваць пусціць. А як развіднее, тады і сцяжынку дамоў знайду.

Рыжык пагадзіўся з Калючкай. Каток надзейна аберагаў сон вожычка. Спаў Калючка як забіты, толькі лапкаю сваёй трымаўся за хвост Рыжыка.

Калі з-за грывы сасонніку паказаліся першыя промні сонца і зашчабятала наваколле птушынымі галасамі, вожык працёр лапкай вочкі і бачыць: блакітна-белая раніца на Рыжыка весела паглядае. Празрыстыя расяныя кроплі вырашылі Калючку хутчэй разбудзіць. І колькі кропель з ляшчэвіны  яму прама на нос зваліліся.

Кот и ёж

Агледзеўся Калючка наўкола, падняў галаву, усміхнуўся і ляшчэвіне, і Рыжыку. Хуценька кароценькімі ножкамі затупацеў.

– Гайда за мной, Рыжык! Я табе не толькі нашу хату пакажу, а і з бацькамі пазнаёмлю. Яны ў мяне добрыя. Толькі, цур, ні слова пра мае здарэнні!

– Згода.

– Тады, наперад!

Маці Калючыка, калі ўбачыла, слязу пусціла. Кінулася сына абдымаць.

– Мама, не трэба макроты, я ўжо дарослы. – Вось знаёмцеся: мой сябра Рыжык. Гэта я ў яго гасцяваў, – зманіў Калючык. Прабачце, што не патэлефанаваў, батарэя села. А ў Рыжыка было цудоўна!

Бацькі Калючыка не толькі сакаўных яблыкаў ды пахучых трускавак для сына, але і малака ды кілбас для Рыжыка прынёс. І маці, і бацька Калючыка шчыра дзякавалі Рыжыку за сяброўства. Родавае стрэмка яго завярэдзіла, але не паказаў. Толькі ўспомніў словы выратавальніцы сваёй: «Рыжае шчасце» і заўсміхаўся, а ў слух вымавіў:  – Даражэйша не сняданне, а прывітанне.

Ён пасміхаўся ў свае доўгія і чуйныя вусы, і з удзячнасцю піў свежае малако.

Сям'я яжоў

Рыжык яшчэ раз пераканаўся, што рабіць дабро нашмат лягчэй і пачэсней. Але параду сваіх братоў і сястры цвёрда памятаў. Пра сябе паўтараў: «Будзь свайму слову гаспадар».

Выйшаў на бальшак і падаўся ў горад. Цырк здзіўляць. Але гэта ўжо іншая гісторыя. Якую мы прадоўжым наступным разам, мае адданыя чытачы.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 87

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».