30.11.2018
30.11.2018

Сабака бывае куслівым…

logo
Думкі ўслых
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Як спяваецца ў песні – толькі ад сабачага жыцця. Але насамрэч усё зусім не так аптымістычна. Вось паспрабуй улезь тому сабаку ў галаву і дазнайся, пра што ён думае ў гэты момант! І што зробіць у наступны… Нягледзячы на ўсё выхаванне і дрэсіроўку.

Думаю, практычна кожны з нас хаця б раз у жыцці сутыкаўся з сабачай агрэсіяй. Нават калі не баішся і твой страх не могуць улавіць чуйныя сабачыя насы. «Р-Р-Р-Р-Р-Р!» Пагрозліва. І да цябе. Мо, гэта сабакі-ахоўнікі? Мо, тыя, хто паняцця не мае пра самыя элементарныя каманды і дрэсіроўку ўвогуле? Бадзяжныя, галодныя не першы дзень? Якімі б ні былі прычыны, добра, калі ўсё заканчваецца добра.

Асабіста я да сабак стаўлюся нейтральна. Некаторыя пароды нават падабаюцца, магу пагладзіць. Чау-чау – такія забаўныя мядзведзікі, што рука сама да іх поўсці цягнецца! Папярэдне, вядома ж, цікаўлюся ў гаспадара, ці можна пагладзіць сабачку памерам з добрае цяля…  Майму брату падабаюцца колі. Французскія бульдожкі забаўныя, ёсць у нас такі ў пад’ездзе. Але калі на вуліцы проста бяжыць, каб цябе абнюхаць, дык на сваёй тэрыторыі і голас падае! Абаронца! А яшчэ вельмі цікаўны! Калі бачыць расчыненыя дзверы кватэры, імкнецца ў госці зайсці.

Едучы сёння ў маршрутцы, згледзела ў нашым горадзе сабачую зграю штук так у пяць-шэсць. Кучкуюцца ўжо. Звычайна калі на вуліцы сустракаю, стараюся перайсці на супрацьлеглы бок. Але ж па закону подласці яны кіруюць менавіта туды ж! Добра, што пакуль абыходзіцца.

Ведаю, што не трэба пазіраць сабаку ў вочы, каб ён не падумаў, што ты ставіш пад сумненне яго лідарскія якасці і сама хочаш стаць лідарам. Што калі да цябе нясецца сабака, трэба паспрабаваць збіць яго з панталыку шэрагам адрывістых камандаў з супрацьлеглым дзеяннем, якія трэба падаваць упэўнена-загадным тонам: «Стаяць!», «Фу!», «Ляжаць!», «Месца!». Вось апошняе мне і спатрэбілася сёлета.

… Вяртаюся з дачы на веласіпедзе. Каб скараціць шлях, кірую праз вёску, міма гаспадарчых пабудоў нейкай арганізацыі. Туды раніцай ехала па гэтай жа дарозе, ніякіх прыгод. А тут… Добра, што згледзела метраў за дваццаць! З адчыненай брамы выбеглі дзве аўчаркі. Здаровыя, кожная лапа – як дзве мае худзенькія ручкі. Спачатку накіраваліся ў адваротны бок, а тады разам павярнуліся да мяне.

З веласіпеда я саскочыла адразу ж. Стаяла і ліхаманкава пракручвала ў галаве свае дзеянні. Далей міма не праскочыш. Назад вяртацца і зварочваць у горад?! Дык палову шляху праехала ўжо. Можна яшчэ павярнуць налева і папраставаць па ледзь бачнай сцежцы па полі, якая ўсё ж выводзіць на шашу.

І ў гэты момант… «Р-р-р-р-р-р!» – пагрозліва завёў адзін сабака. «Р-р-р-р-р-р!» – падтрымаў яго другі. І старэйшы накіраваўся ў мой бок. Вось тады я гучна падала супрацьлеглыя каманды. Сабака спыніўся. Асцярожна, не паварочваючыся спіной, я пачала адступаць з веласіпедам налева, на сцежку. Страху і, адпаведна, яго паху не было – я проста не паспела спужацца.

На маё шчасце, сабакі сапраўды згубілі да мяне цікавасць. Павярнуліся і пабеглі ў двор. А я, не спяшаючыся, села на веласіпед і пакруціла праз поле. Разважаючы, што на маім месцы мог быць іншы чалавек, які разгубіўся б. Дарога ж – прахадная і праезная. Маглі быць дзеці, якія любяць гуляць у такіх месцах. І вось аб чым думаюць гаспадары аўчарак?!

Зразумела, нікому з нас не хочацца быць пакусаным і доўга лячыцца. Ды яшчэ атрымліваць балючыя ўколы ад шаленства, калі сабачка раптам аказаўся хворым … На жаль, усё часцей нападаць могуць сабакі якраз-такі хатнія. І нават – на сваіх гаспадароў. І калі ляціць да мяне такі конь, а гаспадар крычыць: «Не бойцеся, ён не кусаецца! Гэта ён павітацца хоча!» Прабачце!!! АДКУЛЬ ВЫ ВЕДАЕЦЕ, ПРА ШТО ЗАРАЗ ДУМАЕ ВАШ САБАКА??? А я не хачу, каб са мной віталіся такія коні і такім чынам! Бярыце свайго сабаку на павадок, калі выводзіце з хаты!

… Сёння падчас прагулкі па мікрараёну згледзела сабаку, прывязанага ў невялікім парку непадалёк ад крамы. Прывязанага да такога тонкага дрэўца, што я на ўсялякі выпадак абышла тое месца па дузе. Праз 15 хвілін сабака быў усё там жа! І ў мяне нават мільганула думка, што яго прывязалі спецыяльна і не забяруць… Адвяла позірк на хвіліну, а калі зірнула… Як жа той сабака радаваўся і махаў хвастом! Гаспадар прыйшоў з крамы! Адвязаў, павёў дахаты. А сабака так і працягваў круціцца ды аддана зазіраць яму ў вочы.

Ну, і каб скончыць «сабачую» тэму. Я ўвогуле-то чыстая кашатніца. Некалі нават дзве кошкі ў нас адначасова жылі, маці і дачка. Абедзве – Машы. А вам, сябры, якія жывёлы падабаюцца? І калі ў вас ёсць сабака, вы выгульваеце яго па правілах?!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".