31.07.2020
31.07.2020

Самамасаж твару Асахі (Зоган). Сакрэт маладосці скуры з Японіі

logo
Прыгажосць і догляд
0 40
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Пра маладжавасць японак, якая ўражвае, напісана нямала. У 50 гадоў яны нярэдка выглядаюць на 35. І пры гэтым захоўваюць фарфоравае адценне скуры. Сярод іншых сакрэтаў прывабнасці самамасаж твару займае адно з асноўных месцаў. Выконваць яго японскія дзяўчыны вучацца з самага юнага ўзросту. Масаж Асахі (Зоган, Цоган) ведалі ў Японіі на працягу некалькіх стагоддзяў. Але сапраўдны бум цікавасці да яго адрадзіла вядомая японская візажыст Юкука Танака. Сачыць за тварам па гэтай методыцы пачалі ва ўсім свеце. Напрыклад, знакамітая мадэль Наталля Вадзянава лічыць гэты самамасаж неабходным у сваім доглядзе. Аднак працэдура не такая ўжо і бяскрыўдная, мае шэраг супрацьпаказанняў. Мы даведаліся, што думае пра яе ўрач-касметолаг.

Самамасаж твару Асахі (Зоган).

Юкука Танака працавала візажыстам на тэлебачанні. Яе задачай было зрабіць знешні выгляд тых, хто працуе на камеру, максімальна свежым і маладым. Неўзабаве Юкука заўважыла, што скура на твары часцяком пачынае старэць раней, чым на іншых участках цела. І нават густы грым ці звычайны касметычны масаж не надта паляпшаюць сітуацыю. Тады напорыстая жанчына вырашыла больш уважліва вывучыць старажытныя японскія методыкі. Вынікам стался кніга «Масаж твару» і велізарная папулярнасць метаду ва ўсім свеце. А назва Зоган (Zogan) з японскага перакладаецца як «стварэнне твару».

Галоўныя практыкаванні масажу Асахі (Зоган)

Масаж выконваецца паэтапна, кожнае практыкаванне трэба паўтараць па 3 разы. Відэа, на якім тэхніку дэманструе сама Юкука Танака, лічыцца класічным.

  • Спачатку робіцца разагрэў лімфатычных шляхоў.
  • Затым умацоўваем лоб.
  • Разгладжваем маршчыны, здымаем ацёкі вакол вачэй.
  • Робім ліфтынг каляротавай вобласці.
  • Масажыруем нос.
  • Распраўляем насагубныя складкі.
  • Мадэлюем авал твару.
  • Падкрэсліваем скулы.
  • Вырашаем праблему абвіслых шчок.
  • Прыбіраем другі падбародак.
  • Прыводзім у тонус мышцы ўсяго твару.
  • Спраўляемся з маршчынамі на лбе.

Самамасаж твару Асахі (Зоган).

Чым японскі самамасаж твару адрозніваецца ад еўрапейскіх варыянтаў?

Пры класічным самамасажы твару дакранацца да скуры трэба максімальна мякка і плаўна. Такім чынам, уздзеянне ідзе толькі на верхнія слаі эпідэрмісу. Але масаж Асахі (Зоган) выконваецца з націсканнем. У працэс аказваюцца ўцягнутымі не толькі скура, але і мышцы твару, злучальная тканка. Мы быццам спрабуем узнавіць твар зноўку. Менавіта дзякуючы гэтаму моманту японскі самамасаж называюць яшчэ скульптурным, контурным. Некаторыя лічаць яго альтэрнатывай пластычнай хірургіі.

Каму рэкамендуюць рабіць самамасаж? 

  • Калі вы старэйшыя за 30 гадоў.
  • Калі ў вас з'явіліся маршчыны.
  • Калі ў вас няроўная скура.
  • Калі «паплыў» авал твару.
  • Калі скура страціла пругкасць і пачала правісаць.
  • Калі твар схільны да ацёкаў.

Масаж Асахі нярэдка выконваюць у Японіі і дзяўчаты, маладзейшыя за 30 гадоў. У такіх выпадках комплекс практыкаванняў можа быць спрошчаным, а ўздзеянне – больш мяккім.

Чаму дапаможа самамасаж?

  • Абменныя працэсы паскараюцца, скура выглядае больш маладой.
  • Паляпшаецца тургор скуры.
  • Мімічныя маршчыны разгладжваюцца.
  • Авал твару робіцца больш выразным, знікае двайны падбародак.
  • Знікаюць ацёкі.
  • Скура робіцца больш чыстай (без вугроў, прышчоў).
  • Паляпшаецца адток лімфы.
  • Твар выглядае больш худым.

Самамасаж твару Асахі (Зоган).

Правілы выканання масажу Асахі (Зоган)

  • На выкананне дадзенага масажу спатрэбіцца ўсяго толькі 10-15 хвілін у дзень. Калі рабіць усё правільна, дык вынік з'явіцца хутка. Асноўная складанасць – лімфавузлы. Там, дзе яны размешчаныя, рухі павінны быць не занадта інтэнсіўнымі і рабіцца строга па лініях (у кожным практыкаванні яны індывідуальныя).
  • Масаж рэкамендуюць праводзіць раніцай, яшчэ да нанясення касметыкі на скуру. Лічыцца, што ў гэты час мышцы твару максімальна расслабленыя, і эфект ад працэдуры будзе большым.
  • Спачатку трэба ачысціць скуру твару любым касметычным сродкам.
  • Перад правядзеннем практыкаванняў скуру трэба змазаць прыдатным крэмам (можна дзіцячым) альбо масажным алеем. Часам выкарыстоўваюць ваду, якая застаецца пасля прыгатавання аўсянкі.
  • Націск на скуру і мяккія тканкі больш інтэнсіўны, чым пры звычайным масажы, але ў раёне лімфавузлоў і сасудаў рухі мякчэюць. Болю пры масажы быць не павінна. Калі ён узнік, значыць, тэхніка выканання няправільная альбо не ўлічаныя магчымыя супрацьпаказанні.
  • Масаж робяць у становішчы седзячы альбо стоячы (не ляжаць).
  • Паколькі лічыцца, што такі масаж выводзіць таксіны, пасля яго трэба зноў ачысціць твар, памыцца цёплай вадой.
  • Пасля штодзённага выканання самамасажу на працягу 2-3 тыдняў дастаткова будзе рабіць практыкаванні 2-3 разы на тыдзень.

Самамасаж твару Асахі (Зоган).

У якіх выпадках масаж Асахі (Зоган) супрацьпаказаны?

  • Дрэннае самаадчуванне (нават невялікі насмарк), бо з лімфатокам любое запаленне разнясецца далей па арганізме.
  • Запаленне міндалінаў і любыя лор-паталогіі.
  • Павелічэнне лімфавузлоў.
  • Занадта тонкая скура твару.
  • Худы (з запалымі шчокамі) твар (у гэтым выпадку можна выконваць толькі некаторыя практыкаванні з комплексу ці рабіць масаж радзей).
  • Пры гемафіліі.
  • Праблемная скура твару (калі ёсць шмат прышчоў, акнэ, гнайнічкоў).
  • Пры наяўнасці буйных радзімак, бародавак (іх нельга масажыраваць).
  • Адкрытыя раны на скуры, абсцэсы.
  • Крытычныя дні (гэта не строгае супрацьпаказанне, але ў гэты перыяд агульнае самаадчуванне часта не надта, таму ад масажу лепей адмовіцца).
  • Купероз.

Можна, але асцярожна

 
Алена Квітун
Урач-касметолаг першай катэгорыі медыцынскага цэнтра «Кравіра»
Да масажу (самамасажу) твару я як урач адношуся станоўча. Яго можна выконваць дома, не выдаткоўваючы фінансавыя сродкі. Пры рэгулярным правядзенні ён дабратворна будзе ўплываць на стан скуры. У той жа час самастойна немагчыма прапрацаваць кожную мышцу. Калі мы робім курс масажу ў спецыяліста, дык для эфекту нам патрабуецца прыкладна 10-15 працэдур. А затым мы падтрымліваем вынік прыблізна раз у месяц. Калі выконваць самамасаж дома, важна выпрацаваць свой рэжым і рэгулярнасць. Масаж сапраўды глыбока ўздзейнічае на тканкі, у тым ліку мышцы. Мы чакаем пасля яго правядзення танізавальны і лімфадрэнажны эфекты. Менавіта таму я рэкамендую рабіць масаж у добрага спецыяліста альбо прайсці навучальныя курсы па самамасажу, каб разумець, што вы выконваеце. Не варта займацца самамасажам тым, у каго нядаўна ўстаноўленыя філеры. Актыўнымі масажнымі рухамі іх можна зрушыць. Да таго ж, ёсць верагоднасць, што яны пачнуць хутчэй «рассмоктвацца». Ёсць і класічныя супрацьпаказанні: герпетычныя высыпанні ў меркаванай зоне ўздзеяння, пашкоджанні скурнага покрыва, актыўныя праявы вугравой хваробы.

Японскі масаж Асахі (Зоган) робіць даступным сакрэты маладосці японак для ўсіх жанчынаў свету. Для дасягнення станоўчага эфекту спатрэбяцца рэгулярнасць і ўважлівасць: практыкаванні варта выконваць строга па масажных лініях і ўлічваць супрацьпаказанні.

Падпісвайцеся на наш канал у Telegram, групы ў Facebook, «УКантакце», у «Аднакласніках» – і будзьце ў курсе свежых навінаў! Толькі цікавыя відэа на нашым канале YouTube, далучайцеся!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 40

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.