12.06.2017
12.06.2017

Самы лепшы падарунак+аўдыё. Частка 1

logo
Адукацыя і выхаванне
0 513
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


Калі Танечка была дарослай

Калі Танечка была дарослай… Не-не, я не памылілася, менавіта «была»! Танечка так і кажа ўсім, хто пагаджаецца яе слухаць: «Калі я была дарослай...» І распавядае чарговую гісторыю…

Вы б не здзіўляліся, калі б ведалі, як моцна Танечка марыць вырасці. Бо ўсім вядома, што дарослым можна ўсё! Амаль усё... Бо і ў іх знаходзяцца тыя, хто загадвае ўставаць ранкам, ісці на працу, набываць розныя рэчы... Шкада, што гэты Галоўны Дарослы не загадае бацькам Танечкі купіць ёй, да прыкладу, цукеркі ці марожанае.

А можа, ён і загадваў, але ж бацькі ў Танечкі такія занятыя, што заўжды пра ўсё забываюцца. Забыліся ж вось, што Танечка прасіла на дзень народзінаў Вялікую Ляльку, а не гэтую Энцы... цыкла... Эн-цы-кла-пе-дыю! Для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту!

Вы толькі ўявіце: яе ж прачытаеш – і ўсё!

Падарунак. Танечка не хацела энцыклапедыю.

А з лялькай можна гуляць доўга-доўга...

А бацькі сказалі тады Танечцы: «Чытай, дачушка! Калі ўсё прачытаеш, будзеш разумная-разумная... Як мы!!!»

А самі яны гэтую кніжку і не раскрылі!

Вось таму Танечка і марыць стаць дарослай.

Ну і пра ляльку, канечне ж, таксама  не забываецца...

Перад тым, як заснуць, Танечка думае, што ж яна будзе рабіць, калі вырасце... І трапіць, напрыклад, у Лялечнае Каралеўства!..

Толькі пяць хвілін!

 Стаіць Танечка каля ўваходу ў самае чароўнае месца на свеце – у Цацачную краму!

«Кожны, хто сюды ўваходзіць, мусіць памятаць пра Галоўнае Правіла, –  паведамляе шыльда якраз насупраць яе вачэй. – Ніхто не можа выйсці з Цацачнай крамы без лялькі. Іначай сам стане лялькай!»

«Ну як можна не выбраць сабе хаця б адной лялькі?» – дзівіцца Танечка, паціскае плячыма і цягне на сябе цяжкія дзверы, якія з рыпеннем зачыняюцца за яе спінай...

Ой!.. Колькі тут цацак!!!

Падарунак. Крама цацак.

У Танечкі разбегліся вочы.

Ты нават не можаш сабе ўявіць, якія гэта былі лялькі! Драўляныя, парцалянавыя, пластмасавыя, з нітак і з гліны – усіх не пералічыць! Яны заплюшчвалі вочы, рухаліся, смяяліся, плакалі, расказвалі казкі і спявалі...

А Танечка хадзіла між паліцаў і кратала кожную, усміхалася, гаварыла з імі, дапамагала апранаць прыгожанькія сукенкі і наліваць гарбату ў малюсенькія кубачкі з такога ж невялічкага імбрыку.

– Да закрыцця Цацачнай крамы засталося 5 хвілін! Калі ласка, зрабіце ваш выбар! – раптам прамовіў аднекуль механічны голас.

Танечка замітусілася: трэба ўзяць гэтую, і вось гэтую, і яшчэ тую, і тую, а да той, на жаль, не дацягнуцца... Але і выбраных лялек атрымалася так шмат, што Танечка ледзь трымала іх у руках! А вазка, ці хаця б кошыка, у краме не было...

Па дарозе да дзвярэй Танечка амаль усё згубіла...

Толькі адну ляльку трымала моцна – блакітнавокую, доўгавалосую, у шыкоўнай белай сукенцы. Лялька-нявеста, пра якую Танечка так доўга марыла...

Падарунак. Лялька-нявеста.

– Вы выбралі сабе ляльку? – запытаў нябачны голас.

– Так! – радасна закрычала Танечка і паказала сваю прыгажуню.

– А чаму ж толькі адну? – з крыўдай запытаўся голас.

– Ой! Калі б вы далі мне яшчэ хаця б пяць хвілін... Ну, пяць хвіліначак, калі ласка...

– Ніякіх пяці хвілін! – раптам абурыўся голас з такімі знаёмымі мамінымі інтанацыямі. – Хопіць трымацца за падушку! Мы ў садок спознімся! Уставай хутчэй!..

Ну, чаму, чаму ўсе добрыя сны заканчваюцца аднолькава?!

Гэтак разважала Танечка, збіраючыся ў садок.

Але, ужо апранутая, яна ціхенька забегла на кухню і паклала ў кішэню скамячаны пакет, з якім тата прыйшоў учора з крамы.

«А раптам спатрэбіцца!» – думае Танечка.

Валя і залатая рыбка

У садку Танечцы і падабаецца, і не падабаецца. Не, бо і тут ёсць дарослыя, якія вымушаюць іх спаць днём і есці на сняданак кашу. А часам – і на абед, і на полудзень... Не, кашы, канечне, бываюць розныя... Грэчка ці рыс – гэта яшчэ нічога, а вось манная... Яе ніхто не любіць – ні Валя, ні Каця!

Падарунак. Нелюбимая манная каша.

Дарэчы, сябры – гэта тое, дзеля чаго варта хадзіць у садок, нават нягледзячы на кашу, упэўненая Танечка.

І галоўнае – у іх ёсць адзін сакрэт!..

Яго вельмі цяжка ўтрымліваць унутры – так і карціць падзяліцца. Таму сябры часцяком пераглядваюцца і з папярэджаннем супяць бровы адзін на аднаго...

Выхавацелька вечарам кажа іх бацькам: «Ведаеце, вашыя дзеці ніяк не могуць знайсці кантакт!» Пра нейкі «кантакт» Танечка дакладна не ведае, можа, і не знайшлі пакуль, але тое, што яны знайшлі... Значна лепей!

Пачалося ўсё з таго, што Валя прыйшоў у садок самотны-самотны... Каця нават абсыпала яго макаронай, што была на сняданак, але і гэта яго не развесяліла! Таму, калі Валю адчысцілі ад наліплых макаронінаў, а Кацю выпусцілі з кутка, Танечка ўзяла справу ў свае пальчыкі, схапіла Вальку за рукаў і пацягнула «за шторы» – у іх любімае патаемнае месца... Каця ішла следам...

Высветлілася, што ў Валькі ўчора быў дзень народзінаў, а бацькі падарылі яму... набор фламастараў і мячык!

– А ты што хацеў? – перабіла Каця.

– Сабаку! – Валька ледзь не плакаў.

Падарунак. Сумны Валька.

– Дык, можа, яшчэ падораць... – памятаючы пра энцыклапедыю, падарунак бацькоў на ейны мінулы дзень нараджэння, няўпэўнена паспрабавала суцешыць Танечка.

Валька толькі цяжка ўздыхнуў...

І тут позірк Танечкі ўпаў на падаконнік. Там стаяў слоік, у якім яшчэ ўчора былі жоўтыя хрызантэмы. Яны ўжо даўно стаялі і пачалі асыпацца, а зараз у вадзе плаваў толькі адзін пялёстак...

– А хочаш, Валька, залатую рыбку? – нечакана запыталася Танечка.

– Рыбку? – Валька нерашуча зірнуў на Кацю, пачухаўся... – Рыбка – гэта, канечне, горш за сабаку, але ж...

– Лепш, чым нічога! – падтрымала сябрука Каця.

– А дзе яна ў цябе? – Валя азірнуўся.

– Дык вось жа! – Танечка ткнула пальчыкам у слоік,  вада ў якім загойдалася і разам з ёй пачаў калыхацца жоўты пялёстак. – Ты не бачыш, які ў яе хвост?

– І плаўнікі... – захопленым шэптам падхапіла Каця.

Падарунак. Пялёстак як залатая рыбка.

– Ага! – Валя шчасліва ўзіраўся за шкло, дзе плавала залатая рыбка.

Увесь дзень яны крышылі ў слоік хлеб, а Валька нават прыхаваў у кішэню крыху бульбянага пюрэ ад абеду. Але Каця не дазволіла кінуць яго ў слоік.

– Ты што?! Хіба рыбкі ядуць пюрэ?! – шаптала яна, схаваўшыся за шторамі.

– А хіба не? – дзівіўся Валя. – Мы ж ямо.

– Трэба спытаць у бацькоў, – вырашыла Танечка.

І ўвечары спытала маму.

– Нашто табе? – здзівілася Мама. – У нас у кватэры рамонт зроблены, ніякіх «рыбак», «коцікаў» і «птушачак», Таня. Ты ж дарослая – павінна разумець...

Танечка разумела і таму запыталася ў Таты, калі той апусціўся з газетай у фатэлю.

– Залатыя рыбкі?.. Ну... Чарвячкоў спецыяльных... Сухі корм такі ёсць... Дачушка, мы каму энцыклапедыю куплялі?! Вось і пачытай! Там павінна пра гэта быць!

Танечка ведала: калі яе адпраўляюць «пачытаць», значыць, яна ўжо надакучыла сваімі пытаннямі. І яна пайшла да тэлефона.

– Каця, мае нічога не разумеюць у залатых рыбках! – выгукнула Танечка, толькі пачуўшы голас сяброўкі.

– І мае таксама... – уздыхнула Каця. – Я зараз Валю патэлефаную!

Бацька ў Валі быў дапытлівы і на наступны ранак, прыпыніўшы Выхавацельку, прамовіў:

– Вы рыбак для дзяцей завялі? Выдатна-выдатна!

Падарунак. Тата ў дзіцячым садзе.

– Рыбак? – Выхавацелька здзівілася. – А адкуль вы...

– Ну... – хітравата прыжмурыўся Вальчын тата і, падміргнуў:

– Работа такая!

Выхавацелька паспяшалася развітацца...

Танечка, прыйшоўшы ў садок, адразу ж кінулася «за шторы». Слоік быў на месцы, але вады ў ім больш не было...

– Дзе мая рыбка? – у вачах у Валі стаялі слёзы.

Ды і ў Танечкі з Кацяй у носе зашчыпала. Але раптам Выхавацелька гучна аб’явіла:

– Дзеці, з сённяшняга дня ў нас будзе свой акварыум. З рыбкамі!

– Залатымі? – не стрымаўшыся, выгукнуў Валя.

– І залатая там таксама будзе, – усміхнулася Выхавацелька і пачала распавядаць пра тое, як трэба сябе паводзіць побач з акварыумам.

Але Валя яе ўжо не слухаў. Ён шчасліва ўсміхаўся.

«Рыбка – гэта амаль як сабака, – думаў ён. – Толькі маленькая і маўчыць. А так – аніякай розніцы!»

А Танечка пільна ўгледзелася ў слоік на падваконні і раптам заўважыла, што ўнутры яго на шкле прыліп яшчэ адзін яркі пялёстак... Яна штурханула локцем Кацю і зашаптала ёй штосьці на вуха... Што? САКРЭТ!

Рыцар для Люстраной Паненкі

Падарунак. Таня і Валя з люстэркам.

Танечка вельмі любіць гуляць. Асабліва на вуліцы. Асабліва ў добрае надвор’е. Асабліва – з Валем і Кацяй. А гэтым разам было вельмі цёпла і сонечна, і Каця прынесла з сабою маленькае люстэрка.

– Глядзі, што ў мяне ёсць! – працягнула яна яго Вальку.

– Я што – дзяўчынка, каб у люстэрка глядзецца?! – абурыўся той.

– А варта было б часам! – упікнула яго Каця (так заўжды казала ейная мама тату).

– Вось самі і ўзірайцеся! – Валька злосна чмыхнуў і пабег гуляць у футбол з іншымі хлапчукамі.

– Ну, чаго ён заўжды?..  – з крыўдай працягнула Каця. – Хіба хлопчыкам не трэба прычэсвацца ці мыць твар?

– Мой тата заўжды глядзіцца ў люстэрка, калі голіць зранку шчокі, каб яны не былі калючымі, – прыгадала Танечка.

– А ў майго – вусы і барада, – задумалася Каця. – Але і ён глядзіцца ў люстэрка, калі хоча іх падстрыгчы… Чаму ж Валька не хоча?.. – Каця з недаўменнем зірнула ў бок, адкуль чуліся хлапечыя галасы.

– Можа, ён баіцца Люстраную Паненку? – прашаптала Танечка. – Яна ж можа зачараваць таго, хто пазірае ў люстэрка, калі ён ёй не спадабаецца!

– А ты яе бачыла? – спалохалася Каця.

– Канечне! – засмяялася Танечка. – Мы нават пасябравалі! Калі хочаш, я вас пазнаёмлю!

– Хачу… – трохі няўпэўнена адказала Каця і працягнула Танечцы сваё люстэрка. – А як яе паклікаць?

– Вельмі проста! Трэба вельмі доўга, не міргаючы, глядзець у люстэрка, пасля хуценька заплюшчыць вочы – моцна-моцна, – зноў расплюшчыць – і адразу яе ўбачыш! Вось паспрабуй!

Падарунак. Убачыць паненку ў Залюстрэччы.

Каця паслухмяна пачала ўглядацца ва ўласнае адлюстраванне, аж пакуль з вачэй яе не пакаціліся слёзы. Калі яна праз момант ізноў зірнула ў люстэрка, то зашаптала ў захапленні:

– Танечка, якая яна прыгожая, праўда? Але чаму такая самотная?

– Бо яна ніяк не можа вызваліцца са свайго Залюстрэчча…

– А як ёй дапамагчы? Разбіць люстэрка? – Каця са шкадаваннем зірнула на сваё прыгожанькае люстэрка.

Танечка задумалася:

– Не, разбіваць нельга! Тады Люстраная Паненка застанецца ў кожным аскепку…

– Што ж рабіць?.. – тое, што люстэрка не пацерпіць, вельмі ўзрадавала Кацю, хаця яна старалася гэтага не паказваць, і цяпер яна проста ззяла ад гатоўнасці дапамагчы няшчаснай Паненцы.

– Мне здаецца, што нам проста трэба знайсці Рыцара, які вызваліць яе… Яны пакахаюць адно аднаго… І будуць жыць доўга і шчасліва – так ва ўсіх казках пішуць! – Танечка ажно прытупнула нагой у пацверджанне сваім словам і радасна заўсміхалася – так спадабалася ёй ідэя…

Каця скептычна агледзела двор.

На лаўцы сядзеў нейкі дзядуля і чытаў газету.

Хлопцы гулялі ў футбол. Валька стаяў на варотах.

Больш прэтэндэнтаў на высокае званне «Рыцара» навокал не назіралася…

Дзяўчаты абмяняліся рашучымі позіркамі.

– Яна ж таксама не малая, праўда? – Каця пакіравала да дзядулі.

Танечка паспяшалася за ёй. Не дайшоўшы некалькі крокаў да лаўкі, дзяўчынкі прыпыніліся. Дзядуля заўважыў іх і адклаў газету.

– Вы штосьці хацелі, красуні? – з усмешкай запытаўся ён.

– Так…

– Не…

Адначасова прамовілі Каця і Танечка. Танечка вырашыла пачаць здалёк:

– Добры дзень, дзядуля! Скажыце, калі ласка, Вы даўно ў люстэрка глядзелі?

Твар у дзядулі крыху напружыўся:

– А што? Нешта не так?..

– Не! Што вы! – прыйшла на дапамогу сяброўцы Каця. – Вы цудоўна выглядаеце для свайго ўзросту!

– Мы проста хацелі, каб Вы жылі доўга і шчасліва з Люстраной Паненкай, – падхапіла Танечка. – Толькі яе спачатку трэба вызваліць з Залюстрэчча…

Дзядуля пераводзіў позірк з Каці на Танечку і нічога не адказваў…

Але тут з боку футбольнай пляцоўкі пачуўся ўдар па мячы і гучны крык.

Сяброўкі азірнуліся і ўбачылі Валю, які бег да іх, закрываючы рукою вока.

– Мяч… у твар патрапіў… – задыхана патлумачыў ён, падаючы на лаўку побач з дзядулем. – Давайце сюды вашае люстэрка – паглядзець трэба, ці вялікі «ліхтар» будзе…

Валя выхапіў люстэрка ў дзяўчынак і пачаў разглядаць свой твар…

– Вы, малады чалавек, – сапраўдны рыцар! Не кожны здолее годна трымацца ў такіх абставінах, – з усмешкай зазначыў дзядуля.

– Хто ён?! – броўкі Каці схаваліся ад здзіўлення пад самую яе грыўку. – Ён жа звычайны хлопчык, наш сябра! Хіба ён можа быць Ры-ца-рам!? – апошняе слова Каця вымавіла па складах, каб дзядуля зразумеў, што Рыцар – гэта…

Ну, гэта Рыцар! А Валька… Гэта проста Валька!

– Канечне, можа, дзяўчынка! – перапыніў дзядуля Кацю. – Гэтае паняцце ад узросту не залежыць… На шчасце… – ён, крэкчучы, падняўся з лаўкі і, падміргнуўшы Вальку, пакрочыў да свайго пад’езда.

Потым азірнуўся на дзяўчат і дадаў:

– А з люстэрка лепш сонечных зайцоў выпускаць – ім там сумна, далібог, сумна…

Падарунак. Сонечны зайчык.

Валя цяпер пазіраў на свой сіняк з гонарам…

А Каця зашаптала Танечцы на вуха:

– А калі яна закахалася ў нашага Валю?.. Ну, Паненка гэтая…

– Не… Наўрад! – падумала Танечка. – Можа, Валя і рыцар, але ж ён яшчэ малы… Яму, напэўна, яшчэ рана – «доўга і шчасліва»… А ўслых прапанавала Каці з Валем ісці «выпускаць» з люстэрка сонечных зайцоў.

Яны, у адрозненне ад Люстраной Паненкі, былі вельмі вясёлыя!

Самы лепшы падарунак. Частка 2

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 513

Галоўны рэдактар газеты «Медыцынскі веснік». Шэф-рэдактар беларускай версіі партала. Сябра Беларускага саюза журналістаў, Саюза пісьменнікаў Беларусі.