09.03.2020
09.03.2020

Санаторыі Беларусі. Добра там, дзе мы ёсць

logo
Здаровы лад жыцця
0 38
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Для айчыннай сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення мінулы 2019 год стаўся сапраўды знакавым. Упершыню беларускім санаторыям, здраўніцам, загарадным базам адпачынку і лагерам перавагу аддала рэкордная колькасць людзей, якія жадаюць добра адпачыць і паправіць здароўе, – амаль 1,4 мільёна чалавек. Паводле ацэнак экспертаў, попыт на адпачынак па-беларуску будзе расці і далей. Так што найлепшы час, каб паклапаціцца пра пуцёўку ў санаторый, ужо надышоў.

Пра тое, якія санаторыі ўваходзяць у топ лепшых, якімі эксклюзіўнымі паслугамі гатовыя здзіўляць спрактыкаванага спажыўца нашы здраўніцы, пра кошт пуцёвак ды многае іншае журналіст Слушна даведалася ад дырэктара Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзя Балбатоўскага.

Лячэнне і адпачынак у Беларусі

Якія санаторыі найбольш запатрабаваныя

Традыцыйна найбольшым попытам карыстаюцца санаторыі вышэйшай і першай катэгорыі. Тут бездакорная матэрыяльна-тэхнічная база і шырокі спектр найноўшых аздараўленчых паслуг. Да іх, напрыклад, адносяцца санаторыі «Юнацтва», «Баравое», «Сосны», «Альфа Радон», «Пліса» ды іншыя.

 
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва
Тым не менш, сярэднегадавая запаўняльнасць санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацый летась перавысіла 84 працэнты. Гэта значыць, санаторыі класам і катэгорыяй ніжэйшыя таксама знаходзяць свайго спажыўца.

Існуючая градацыя коштаў дазваляе задаволіць запыты аздараўленчых паслуг, улічваючы фінансавыя магчымасці спажыўца. Так, у 2019 годзе сярэдні кошт пуцёўкі ў вольнай рэалізацыі на аднаго чалавека за стандартны двухмесны нумар склаў 57 рублёў 60 капеек у суткі.

 
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва
Сёння попыт дыктуе прапанову. За студзень-люты гэтага года сярэдняя цана вырасла на 1 рубель і яшчэ крыху павялічыцца да лета. Думаю, у межах 5% у параўнанні з мінулым годам – прыкладна 60 рублёў на аднаго чалавека ў стандартным двухмесным размяшчэнні. Але ёсць жа і нумары класа люкс у брэндавых санаторыях, кошт якіх у сезон можа дасягаць 100 у.а. у суткі на чалавека. А ёсць санаторыі, дзе мяжа – 30-40 рублёў у суткі. Гэта значыць, кожны займае свой сегмент. І даступнасць санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення не паменшыцца.

Усе краіны ў госці да нас

На працягу апошніх 5 гадоў прыкладна 40% пуцёвак, якія паступаюць у вольную рэалізацыю, набываюць замежныя грамадзяне. Напрыклад, з 495 тысяч «вольных» пуцёвак у мінулым годзе 242,5 тысячы выкупілі жыхары замежных краінаў (у 2018-м – на 10 тысяч менш). Па словах Генадзя Балбатоўскага, цяперашняя лічба – таксама свайго роду рэкорд з моманту рэформы сістэмы санаторна-курортнага лячэння і аздараўлення, якая адбылася ў 2006 годзе. Тады колькасць замежнікаў, якія адпачывалі ў санаторыях Беларусі, за ўвесь год не дацягвала нават да 20 тысяч...

Асаблівым попытам нашы санаторыі карыстаюцца ў расіянаў. Па выніках мінулага года, больш за 80% тых прыезжых, хто адпачыў і аздаравіўся ў нас, былі менавіта з Расійскай Федэрацыі. Пры гэтым штогод доля гасцей з Расіі памяншаецца, а доля жыхароў іншых краінаў блізкага і далёкага замежжа, наадварот, павялічваецца.

 
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва
Адзначу, што 10 нашых санаторыяў з нядаўняга часу працуюць у бязвізавай зоне (Гродзенскі і Брэсцкі рэгіёны). Выручка ад экспарту паслуг у гродзенскіх санаторыях ужо павялічылася ўдвая. З гэтага можна зрабіць выснову, што цікавасць у нашых заходніх суседзяў да адпачынку і аздараўлення ў Беларусі ёсць. Па брэсцкіх санаторыях чакаем таго ж выніку.

Стаўка на ўнікальнасць аздараўленчых працэдур

Каб заставацца паўнавартасным гульцом на рынку санаторна-курортных і аздараўленчых паслуг, нашы санаторыі пастаянна асвойваюць новыя напрамкі і пашыраюць спектр працэдур, падкрэсліў Генадзь Балбатоўскі. Пры гэтым усё больш стаўка робіцца на выкарыстанне лячэбных фактараў прыроднага патэнцыялу Беларусі: мінеральнай вады і лячэбных гразяў.

 
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва
Нашы санаторыі маюць самае сучаснае абсталяванне. Але, напрыклад, СПА-тэхналогіямі сёння наўрад ці кагосьці можна здзівіць. Затое СПА-працэдуры, праведзеныя з выкарыстаннем мінеральнай, а не звычайнай вады і лячэбнай гразі, аказваюць максімальны аздараўленчы эфект. На гэта і нацэленыя нашы санаторыі: прадастаўляць тыя ўнікальныя паслугі і працэдуры, якія нельга атрымаць больш нідзе. Напрыклад, тыя ж гразеразводныя ванны – гэтая методыка выкарыстоўваецца даволі рэдка. Між тым, яна спалучае лячэбны эфект гразяў і мінеральнай вады.

На тэрыторыі беларускіх здраўніц функцыянуе больш за 90 лячэбных свідравінаў з мінеральнай вадой. Яны адрозніваюцца па сваім хімічным складзе, адпаведна, у іх розны лячэбны эфект.

Як паказвае вопыт, вельмі запатрабаваны сёння сярод спажыўцоў накірунак нетрадыцыйнай медыцыны: гірудатэрапія, ігларэфлексатэрапія і інш. І нашы санаторыі з поспехам яго асвойваюць, а спецыялісты мэтанакіравана праходзяць навучанне на базе Беларускай акадэміі паслядыпломнай адукацыі.

Санаторна-курортны комплекс «Пліса» 

 
Генадзь Балбатоўскі
Дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва
Асобны наш гонар – два санаторыі, якія былі пабудаваныя з нуля: «Альфа Радон» і «Пліса». Гэта класічныя санаторыі, узведзеныя на крыніцах мінеральнай вады, як для пітнога, так і бальнеалячэння. Там таксама ёсць крыніцы сваіх сапрапелевых гразяў. Увесь гэты гаючы прыродны рэсурс санаторыі выкарыстоўваюць у поўнай меры. А дзякуючы найноўшаму абсталяванню і сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базе забяспечваецца высокая якасць паслуг.

Зрэшты, любы беларускі прадукт, няхай гэта будзе ежа, адзенне альбо адпачынак, – заўсёды сінонім высокай якасці. Спажыўца, які галасуе рублём, не падманеш.

У санаторыі «Юнацтва», напрыклад, на летні сезон ужо забраніраваныя ўсе нумары і даты. Каб трапіць улетку ў іншыя санаторыі, варта паспяшацца ўжо зараз.

Фота эксперта – Валянціна Мохар.

Куды паехаць у адпачынак восенню?

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 38

Журналіст. Вышэйшая адукацыя. Сябра Беларускага саюза журналістаў. Стаж працы ў прафесіі – 20 гадоў. Беларуска. Нарадзілася ў г.Ганцавічы Брэсцкай вобласці. У 2001 годзе скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Журналістыка». Працавала спецыяльным карэспандэнтам аддзела эканомікі газеты «Беларуская ніва», аглядальнікам аддзела пісьмаў, аглядальнікам аддзела сацыяльных праблемаў газеты «Савецкая Беларусь» (зараз – «Выдавецкі дом «Беларусь сёння»). З 2016 года – карэспандэнт уласны аддзела інтэрнэт-праектаў РУП «Рэдакцыя газеты «Медыцынскі веснік». З 2000 года з'яўляецца сябрам Беларускага саюза журналістаў (БСЖ). У 2002 годзе стала лаўрэатам прэміі БСЖ за лепшую журналісцкую працу. У 2017 годзе – лаўрэатам прэміі БСЖ «Залатое пяро».