29.01.2021
29.01.2021

Сапраўдны скарб узімку ў лядоўні. Гарбуз!

logo
Карысныя прадукты
0 81
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

А ці любіце вы гарбуз так, як люблю яго я?! 🙂 Гэта ж колькі страў з яго можна прыгатаваць, смачных і карысных. А можа, і не зусім карысных, улічваючы пэўныя інгрэдыенты стравы, але ўсё роўна смачных. І гэта пераважае ўсё!

Таму распавяду я пра гарбуз, падораны мне яшчэ ўвосень. І пра любімы рэцэпт аладак з гарбуза, знойдзены некалькі гадоў таму ў сеціве. Ну дужа ўдалы! 🙂

Гарбуз. Карысны падарунак.

Як не аднойчы распавядала ўжо, у мінулым дачным сезоне мы засталіся без ураджаю з-за страшэннага патопу даўжынёй у агульнай складанасці больш за месяц. А паколькі гэта быў год раптоўнай страты маёй горача любімай мамачкі… Дабіла, вядома ж…

На жаль, суседзі-дачнікі ўжо не тыя, не тыя… Раней, памятаю, калі ў кагосьці штосьці не ўзышло, не вырасла, мая мамачка адной з першых спяшалася на дапамогу. Падзеліцца расадай, гатовым ураджаем… А летась вакол нас толькі спачувальна цокалі языкамі, пазіраючы на возера на месцы ўчастка. Але нікому і ў галаву не прыйшло прапанаваць штосьці затым з вырашчанай гародніны.

І справа зусім не ў тым, што мы не маглі дазволіць сабе яе набыць. А ў тым, наколькі адрозніваецца вырашчанае на дачных участках па якасці ад набытага. Экалагічна чыстае, спрыяльна ўздзейнічае на арганізм… Эх!

І такія адносіны мы атрымалі ад усіх, апрача дачкі суседкі насупраць. Якая жыве ў іншым горадзе, таксама раптоўна страціла сваю маці, з якой мы стасаваліся шмат гадоў. А яна, наша суседка (светлая Вам памяць, Людміла Мікалаеўна!), заўсёды імкнулася нас пачаставаць. Першымі агуркамі-«кракадзіламі», памідорамі, экзотыкай…

Мне ж ад яе дачкі Ірыны дастаўся летась… гарбуз. Велізарны! Яго даставіў у хату муж Ірыны Аляксандр. Як ужо транспартавалі гарбузішча тата з братам, я не бачыла. Толькі вярнуўшыся аднойчы з працы з Мінска, застала гарбуз на ўласнай кухні. Дзе ён і… залёг.

Спачатку я хацела, каб ён выспеў. Тады – каб добра вылежаўся. Затым не вызвалялася месца ў лядоўні… Ну, вы зразумелі…  Але вось днямі тата рашуча ўзяўся за нож.

Па шчырасці, думала, што давядзецца гарбуз рубіць сякерай! Але тата здолеў і нажом разрэзаць. Вось дзіва! І які ж прыемны па кватэры паплыў водар ад гарбуза! Такі свежы-свежы! І насенне не прарасло. Захаваўся як мае быць!

Калі ж тата, дастаўшы насенне, пачаў рэзаць гарбуз на кавалачкі, а я – развешваць на вагах у пакецікі па 400 грамаў, зрабілася зразумелым: столькі ў лядоўню ўсё роўна не ўлезе!

Прапанавала братавай жонцы. Яна ўзяла адзін пакецік. Старэйшая пляменніца, аказваецца, гарбуз не есць. Цяпер ідэя фікс – накарміць яе ўсё ж гарбузовымі аладкамі!

Яшчэ 4 пакецікі пайшло суседцы з чацвёртага паверха і яе дачцэ ў Мінск. Адзін пакінула на стале, каб напячы аладак адразу ж на абед… Свяжак! 🙂 У выніку ў лядоўню ўтрамбавалася 13 штук.

Ну, што ж, лічым жывую вагу гарбуза! 7 кілаграмаў 600 грамаў. Нічога так, праўда?! 🙂 Сапраўдны скарб узімку ў лядоўні! Дзякуючы пачастунку Ірыны і Аляксандра…

 

 

 

Мая мілая мамачка любіла гарбузы. Гатавала кашу з гарбузом і рознымі крупамі, запяканку, суп-пюрэ…

А калі ў мяне не атрымлівалася па часе, дык і аладкі па маім рэцэпце… Аладак ёй тады ўжо было нельга. Але калі гатавала я, яна абавязкова брала 1-2 штукі пакаштаваць і заўсёды мяне хваліла…

І вось абяцаны рэцэпт!

Аладкі з гарбуза

Інгрэдыенты:

  • Гарбуз (чыстая вага) – 400 г
  • Яйкі – 2 шт.
  • Мука – 1 шклянка
  • Кефір – 0,5 шклянкі
  • Соль і цукар – па смаку

Прыгатаванне:

  1. Гарбуз, нарэзаны на кавалачкі, адварыць да гатоўнасці, здрабніць у блэндары альбо таўкачыкам.
  2. Высыпаць у міску муку, дадаць яйкі, соль і цукар, уліць кефір, перамяшаць.
  3. Дадаць гарбуз і перамяшаць яшчэ раз.
  4. Уважліва паглядзець на атрыманае. Калі не задавальняе кансістэнцыя, альбо дадаем яшчэ трохі кефіру (калі густа), альбо мукі (калі рэдка).
  5. Выпякаем аладкі ўлюбёным спосабам на патэльні.

Смачна есці!

Фота – Святлана Адамовіч.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 81

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".
Глядзіце таксама