14.11.2019
14.11.2019

Сэкс і цукровы дыябет. 5 правілаў сэксуальных стасункаў

logo
Хваробы ад А да Я
0 33
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

«Нядаўна даведаўся, што ў мяне цукровы дыябет 1-га тыпу. Ці не пашкодзяць пры маім захворванні заняткі сэксам?»Такое пытанне паступіла ад чытача нашага партала і прымусіла задумацца. У шматлікіх артыкулах аб цукровым дыябеце падрабязна апісана, як правільна вымяраць узровень глюкозы і якую дыету захоўваць. А вось інтымныя бакі жыцця закранаць не прынята. Але ж сэксуальная актыўнасць пры цукровым дыябеце цесна звязана з тым, як працякае асноўнае захворванне, і мае свае нюансы.

да зместу

Правіла 1. Забудзьцеся на спантанны сэкс

Да любой фізічнай актыўнасці пры цукровым дыябеце трэба рыхтавацца. Гэта дазволіць максімальна прадугледзець магчымыя ўскладненні і пазбегнуць іх. Бо хочацца, каб моманты блізкасці былі афарбаваныя прыемнымі эмоцыямі, а не трывожнымі думкамі і інцыдэнтамі.

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, доктар мед.навук, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Сэксуальная актыўнасць аказвае станоўчы ўплыў на стан чалавека з цукровым дыябетам. Асабліва, калі ён кампенсаваны і ўскладненняў няма. Калі гаварыць пра рызыку гіпаглікеміі (рэзкага зніжэння ўзроўню цукру ў крыві ажно да гіпаглікемічнай комы), то ідэальна перад любой фізічнай актыўнасцю ведаць узровень цукру, прыкладна спрагназаваць працягласць і інтэнсіўнасць нагрузкі. І, зыходзячы з гэтага, думаць, ці знізіць дозу інсуліну або дадаць вуглявод. Чалавек з дыябетам павінен навучыцца жыць па-новаму. І для гэтага пастаянна даследаваць сябе. Вымераць цукар да сэксуальнай актыўнасці і пасля, каб вывучыць, як рэагуе на яе яго цела. Тое ж самае тычыцца і іншых сфераў: як уплывае на ўзровень цукру прастуда, новыя прадукты ў харчаванні і г.д.
да зместу

Правіла 2. Устрымайцеся ад сэксу ў перыяд дэкампенсацыі захворвання

У гэты час любая фізічная актыўнасць будзе ісці не на карысць здароўю.

Правіла 3. Заўсёды насіце з сабою салодкі напой

 
Анжаліка Солнцава
Прафесар 1-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, галоўны пазаштатны дзіцячы эндакрынолаг Міністэрства аховы здароўя, доктар мед.навук
Калі вам стала дрэнна падчас палавога акту, салодкае павінна быць пад рукой. У выпадку, калі цукар занадта высокі, горш ад пітва не будзе. А калі ён рэзка панізіўся, вам палепшае.
да зместу

Правіла 4. Кантралюйце цячэнне дыябету, захворванне напрамую ўплывае на сэксуальныя магчымасці

 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, доктар мед.навук, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Хранічныя ўскладненні дыябету звязаны з пашкоджаннем сасудаў. А яны ёсць усюды. Пакутуе ўвесь арганізм, у тым ліку рэпрадуктыўная сістэма. Мужчынам дрэнна лечаны і некантралюемы дыябет пагражае непрыемнымі наступствамі – эрэктыльнай дысфункцыяй, зніжэннем лібіда. У Беларусі пацыенты неахвотна кажуць пра мужчынскае здароўе. А дарэмна. Калі пры самых ранніх прыкметах задаваць гэтае пытанне нароўні з абмеркаваннем іншых ускладненняў дыябету, дык можна займацца карэкцыяй гэтага стану. У той жа час чалавек будзе больш матываваны на тое, каб палепшыць самаадчуванне. А гэта пры цукровым дыябеце – базіс, які ўплывае і на мужчынскае здароўе. Калі мы гаворым пра мужчын з дыябетам 2 тыпу, дык часцей за ўсё ён выяўляецца ў 55-60 гадоў. У гэтым узросце ў норме ўзровень тэстастэрону ўжо зніжаны, адбываецца адаптацыя арганізма да больш сталага перыяду жыцця. Мудрая прырода беражэ ад перагрузак, бо палавыя гармоны патрабуюць больш актыўнага метабалізму. Пры дыябеце 2 тыпу для вырашэння праблем з сэксуальнай сферай трэба спачатку нармалізаваць метабалічныя параметры (узровень халестэрыну, цукру, масу цела), бо 95% людзей з дыябетам 2 тыпу пакутуюць ад атлусцення.

Дыябет 2 тыпу часта выяўляецца несвоечасова. І часам эрэктыльная дысфункцыя і праблемы з лібіда могуць быць сігналамі аб тым, што трэба звярнуцца да эндакрынолага і даведацца пра свой узровень цукру ў крыві.

да зместу

Правіла 5. Падумайце аб двайной адказнасці: за сябе і партнёра

 
Кірыл Прашчаеў
Дырэктар навукова-даследчага медыцынскага цэнтра «Геранталогія» (Расія), намеснік старшыні Беларускага рэспубліканскага геранталагічнага грамадскага аб'яднання (Беларусь), доктар мед.навук, прафесар
Ад таго, наколькі поўна рэалізуецца сэксуальнасць, залежыць не толькі фізічны, але і псіхалагічны стан чалавека. У 90-я гады тэма сэксу актыўна абмяркоўвалася, потым было зацішша. Зараз гэтыя размовы сталі аднаўляцца, але сэксуальнасць людзей з захворваннямі, з абмежаванымі магчымасцямі, пажылых па-ранейшаму часткова пад табу. А яны таксама маюць права на каханне, прыняцце гэтага боку іх жыцця. Магчыма, я кансерватыўны, але лічу, што сэксуальныя адносіны – гэта не толькі фізічны, але і пэўны псіхаэмацыянальны інтым паміж людзьмі. Мы ж сацыяльныя істоты, адрозніваемся ад жывёл. Зразумела, што сэксуальнасць можа быць па-за сям'ёй. Але ўсё роўна гэта не толькі фізічная патрэба чалавека. Любы кантакт мае на мэце адказнасць. Калі мы едзем у метро, то па правілах культуры не п'ём сок. Таму што адказныя перад суседам, які едзе побач, за тое, каб не разліць напой на яго ў выпадку, калі вагон тузане. А што ўжо казаць пра інтымныя адносіны! Вядома, мы павінны інфармаваць партнёра пра стан свайго здароўя. Таму што калі ён апынецца ў сітуацыі, незразумелай для яго, а мы не папярэдзілі... Гэта сведчыць пра тое, што мы безадказныя. І не толькі да сябе, але яшчэ і да яго. Вось стане мужчыну дрэнна, дзяўчына разгубіцца, не зможа выклікаць «хуткую». А ён памрэ. Можа ж быць і такі варыянт. Хто вінаваты? Сам. А ёй таксама трагедыя на ўсё жыццё. Гэта з гісторыі пра ВІЧ. Калі чалавек з'яўляецца ВІЧ-станоўчым, ён жа павінен папярэдзіць партнёра. Так, цукровы дыябет не перадаецца палавым шляхам. Але жанчына можа зацяжарыць, і хвароба пяройдзе ў спадчыну да дзяцей. Можа ўзнікнуць сітуацыя, у якой пацерпіць псіхалагічнае здароўе. Мой адказ адназначны: паведамляць партнёру пра такое захворванне трэба.
 
Ала Шапялькевіч
Прафесар кафедры эндакрыналогіі БДМУ, доктар мед.навук, старшыня Беларускага грамадскага медыцынскага аб'яднання «Эндакрыналогія і метабалізм»
Ведаю шмат выпадкаў, калі чалавек не кажа пра хваробу на працы, каб не быць ізгоем. Ёсць пацыенты, якія хаваюць праблему нават ад сваіх хатніх. За мяжой гэта проста. Людзі адкрыта дзеляцца вопытам і не саромеюцца казаць пра захворванне. Мы ведаем пра тое, што на дыябет 1 тыпу пакутуе Шэран Стоун, Холе Бэры, Том Хэнкс... У нас людзі часта застаюцца са сваёй праблемай сам-насам, адчуваюць сябе ізаляванымі. Яны баяцца быць адрынутымі, баяцца траўміруючых адносінаў да сябе. І часта аддаюць перавагу маўчанню, рызыкуючы і сабой, і блізкімі.

Сэксуальнае жыццё пры цукровым дыябеце можа стаць крыніцай пазітыву і падтрымкі. Але толькі ў тым выпадку, калі гэтаму аспекту вашага жыцця будзе нададзена належная ўвага, нароўні з вымярэннем узроўню цукру і дыетамі.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 33

Журналіст. Член Беларускага саюза журналістаў. Лаўрэат прэміі Беларускага саюза журналістаў.
Глядзіце таксама