13.02.2021
13.02.2021

Сем гісторый пра страх, абавязак, любоў і... каранавірус

logo
Асобы i лёсы
0 49
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

Страх і няўпэўненасць, стомленасць і выгаранне, пастаянныя неспакой і перажыванні... Медыцынскія сёстры распавядаюць, як праца з кавіднымі пацыентамі паўплывала на іх здароўе, што яны адчувалі, сутыкнуўшыся з новай небяспечнай інфекцыяй. Ці ўзнікала ў іх жаданне звольніцца? І што ім дапамагае спраўляцца са стрэсам?

Гісторыя 1: пра тое, наколькі важныя разуменне і ўзаемадапамога

Святлана Жандарава

Медсястра прыёмнага пакоя Святлана Жандарава ў Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы працуе 5 гадоў, усяго ў прафесіі – 19.

– На пачатку пандэміі адчувальна вырасла нагрузка, бо павялічылася колькасць пацыентаў. Нас перапрафілявалі ў кавідны шпіталь. Перабудоўваліся з цяжкасцю: мы не прывыклі працаваць у такім тэмпе, тым больш у супрацьчумных касцюмах (СЧК), у якіх улетку невыносна горача.

Людзі прыходзілі абследавацца, паступалі па хуткай. Іх ахоплівалі страх і паніка, з якімі спраўляліся не ўсе, – і трэба было супакойваць. Самой з-за загружанасці панікаваць не было калі. Мяне ў прынцыпе складана вывесці з раўнавагі.

Часам пацыентам даводзілася чакаць трохі даўжэй, чым звычайна. Мы выходзілі ў калідор і давалі зразумець: ніхто не застанецца па-за ўвагай.

Імкнуліся захоўваць спакой, каб пацыенты адчувалі, што яны ў надзейных руках. Часам чалавеку цяжка не гэтулькі фізічна, колькі псіхалагічна. Вось сядзіць бабуля, скардзіцца на здароўе, але ціск, сатурацыя ў норме. Пагаворыш з ёй, патрымаеш за руку, скажаш, што ўсё будзе добра, – і бабуля расцвітае. Разумееце, наколькі важная ўвага людзям, асабліва сталым?

Паступалі пацыенты рознай ступені цяжкасці, трэба было сабраць шмат інфармацыі. Ніхто не сыходзіў з працы своечасова, дапамагалі адзін аднаму. Дапамагала старэйшая медсястра. Ніхто ні разу не сказаў: мой працоўны дзень скончыўся, я сыходжу. Ды і дадому вяртаешся, а думкамі ў аддзяленні, тэлефануеш калегам, цікавішся становішчам. Сваіх цяжкіх пацыентаў я памятаю па прозвішчах...

Да пачатку другой хвалі мы прывыклі да касцюмаў, новай сістэмы дапамогі, але з'явіліся іншыя складанасці. Пачало паступаць больш цяжкіх пацыентаў сталага ўзросту, з відавочнымі клінічнымі сімптомамі, з масай спадарожных захворванняў. Зараз адчуваю асаблівы страх за сваіх бацькоў. Кожнае павышэнне тэмпературы ў іх прыводзіць мяне ў жах, бо ведаю, у што можа ператварыцца хвароба.

Часам апускаліся рукі, хацелася плакаць, не хапала людзей. На дапамогу прыходзілі медсёстры з іншых аддзяленняў.

Неяк за ўсю змену (12 гадзін) мне толькі аднойчы атрымалася папіць. З працы мяне ў той дзень забіраў муж. Памятаю, трымаю скрутак са сваім абедам (прывозілі валанцёры) і плачу над ім: так зрабілася сябе шкада. І разам з тым, добра на душы ад таго, што нам дапамагаюць, пра нас клапоцяцца. Прыемна, калі кіраўніцтва цікавіцца справамі, самаадчуваннем...

Хаця па першым часе было адчуванне страху, якое можна параўнаць, напэўна, з тым, калі ідзеш на вайну.

Муж, бацькі ўгаворвалі кінуць працу, але ў мяне і ў думках такога не было. Па-першае, у нас згуртаваны калектыў, выдатнае кіраўніцтва. Нікога не хацелася падводзіць. Медсёстры, якія маюць праблемы з сэрцам, сышлі на пенсію. А калі яшчэ і мы звольнімся? Па-другое, у бальніцы мы абароненыя, так што рызыкі заразіцца дзесьці звонку – нашмат вышэйшыя. Я перахварэла толькі нядаўна. На здароўе ніколі не скардзілася, але перанесеная інфекцыя на мне адбілася. Раней прачыналася і адчувала сябе бадзёра, а цяпер трэба размяцца. Калі адчуваю стомленасць, адключаю тэлефон, адпачываю ў цішыні альбо іду шпацыраваць. Каб лішні раз не чуць пра дрэннае, не гляджу тэлевізар.

Вядома, зараз я пачала выдаткоўваць меней часу на мужа і дзяцей, але яны ставяцца з разуменнем. Я заўсёды была цалкам у сям'і, нягледзячы на актыўную працу, а цяпер дзеці зрабіліся самастойнымі. Падчас пандэміі я асабліва адчула сваю значнасць для сям'і, яшчэ больш палюбіла жыццё.

Гісторыя 2: пра тых, хто гатовы падставіць плячо

Маргарыта Каржова

Палатная медсястра 3-га інфекцыйнага аддзялення Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы Маргарыта Каржова ў прафесіі больш за 20 гадоў.

– Калі прыйшла новая інфекцыя, я адчула не тое каб страх, хутчэй, няўпэўненасць у сваіх сілах. З іншага боку, да сітуацыі, можна сказаць, паставілася з цікавасцю, бо трэба было шмат чаму навучыцца...

Я настройваю сябе: трэба захоўваць спакой, ставіцца з разуменнем да пацыентаў, якія шмат нервуюцца, бо чуюць пра смяротныя выпадкі.

Сваю працу вельмі люблю, таму пра звальненне не думала. Хаця перажывала, што будзе далей, бо ў мяне пяцёра непаўналетніх дзяцей. Мне казалі: ідзі спытайся, можа, цябе адпусцяць. Людзі 1975 года нараджэння выхаваныя на патрыятычнай літаратуры. Я шмат чытала пра медработнікаў, напрыклад, у Афрыцы.

Падчас уздыму захваральнасці, калі пацыентаў вельмі шмат, медсёстры ўвесь час на нагах. Часам здаецца, што ўсё, сіл больш няма, але потым збіраешся. Зойдзеш, напрыклад, на склад медыкаментаў, дзе нікога няма, пастаіш, падыхаеш... Выгаранне медработнікаў – з'ява распаўсюджаная. Таму кіраўніцтва вучыць нас, у тым ліку, аўтатрэнінгу. Акрамя таго, я веруючы чалавек. Мяне супакойваюць малітвы. У нас добры калектыў, мы падтрымліваем адзін аднаго, размаўляем. З чыстай зоны ты вяртаешся з новымі сіламі. Думаю, ва ўсіх у галаве думка: ты павінен рабіць сваю працу, каб людзі здаравелі. Гэта не проста адпрацаваў і пайшоў. Табе на змену прыйдзе калега. Такая ўстаноўка таксама не дае расслабіцца.

Прыемна адчуваць плячо валанцёраў, якія прывозілі абеды, ваду. Людзі дзякавалі нам у лістах. Гэта настолькі кранала (да слёз) і падтрымлівала, асабліва калі былі яшчэ не ўпэўненыя ў сваіх сілах.

Мы ўдзячныя адміністрацыі, нашай старшай медсястры Людміле Мікалаеўне Грыбусавай, якая навучыла нюансам працы ў чырвонай зоне, дапамагала ў працэдурным кабінеце. Выключны работнік і чалавек – галоўная медсястра Юлія Вячаславаўна Рэентовіч. Заўсёды захапляюся, наколькі яна цярплівая з пацыентамі, як падрабязна ўсё тлумачыць. Я вучылася гэтаму ў яе. А аднойчы ніяк не атрымлівалася паставіць перыферычны катэтар хвораму, якога тэрмінова трэба было адпраўляць на КТ у іншую бальніцу. З гэтым імгненна справілася Юлія Вячаславаўна...

З дзецьмі, хатнімі справамі дапамагаюць бацькі. З разуменнем ставяцца настаўнікі, лішні раз не трывожаць.

Калі адчуваю, што да горла падступае камяк, прымаю заспакаяльнае, п'ю гарбату. Я вяду здаровы лад жыцця, люблю прагулкі на свежым паветры. Пасля 24-гадзіннай змены хочацца падыхаць, таму часта хаджу дадому пешшу (жыву ў двух кіламетрах ад бальніцы).

На жаль, інфекцыя не абмінула і мяне. Я перахварэла яшчэ ўвесну (у лёгкай форме), а муж лячыўся ў стацыянары з двухбаковай пнеўманіяй.

Гісторыя 3: пра тое, як быць удзячнымі

Юлія Рэентовіч

Юлія Рэентовіч – галоўная медсястра Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы.

– На пачатку пандэміі нам давялося хутка мабілізавацца, навучыцца многім навыкам і цалкам перабудаваць сваю працу. У новых умовах працуем практычна год, ужо прызвычаіліся. Бясконца ўдзячныя прадпрыемствам і арганізацыям, якія закуплялі для нас сродкі індывідуальнай абароны, забяспечвалі гарачымі абедамі, дзякуй прафсаюзнаму камітэту. Узнімала дух, калі людзі ў бальніцы ў скрынцы пакідалі запісачкі з падзякамі (усе захоўваем), набывалі для нас маскі, пальчаткі.

Гісторыя 4: пра тое, што значыць пакліканне

Лілія Шчарбакова – палатная медсястра 1-га інфекцыйнага аддзялення (боксы) Магілёўскай інфекцыйнай бальніцы. Скончыла Аршанскі дзяржмедкаледж, да гэтага атрымала эканамічную адукацыю. Лілія заўсёды марыла быць медыкам, каб умець аказваць кваліфікаваную дапамогу не толькі пацыентам, але і сваім блізкім.

Лілія Шчарбакова

– У інфекцыйнай бальніцы я працую са жніўня – як малады спецыяліст. Не магу сказаць, наколькі павялічылася нагрузка: няма з чым параўнаць. Калі меркаваць па практыцы ў медвучылішчы, дык розніца каласальная. Гэта зусім іншае – прыходзіць у абстаноўку, дзе ўсе апранутыя ў СЧК, жыць у часы, калі людзі баяцца запрашаць адзін аднаго ў госці.

Навакольныя дзівяцца і фатаграфуюць, як інфікаванага вязуць у капсуле, а ты працуеш з ім. Адначасова і баішся, і разумееш, што патрэбная твая дапамога. Прыходзіш дадому і дзелішся з блізкімі, які небяспечны вірус, як цяжка ў СЧК. Але праз пэўны час з касцюмам зраднілася, толькі ўлетку было вельмі горача...

Я перахварэла ў кастрычніку. Пасля выздараўлення адчувала слабасць, хутчэй стамлялася. Цяпер мне нашмат лепей. Пасля змены заўсёды сплю некалькі гадзін, каб аднавіцца. Плюс вітамінавая падтрымка, у асноўным, фрукты. Надаюць сіл падзякі пацыентаў, але ёсць, вядома, і людзі, якія не цэняць нашу працу. Таму жадаю калегам цярпення. Зразумейце: хворыя ў цяжкім стане могуць не ўсведамляць, што кажуць і што робяць. Старайцеся даступна растлумачыць сваякам, што адбываецца з іх блізкім чалавекам...

У медыцыне можна працаваць толькі пры наяўнасці паклікання. Тут нельга проста адбываць змены, трэба аддавацца справе – гэта цана чалавечых жыццяў. У той жа час не забывайцеся пра сябе, адпачывайце, бо энергазатраты зараз зусім іншыя...

Гісторыя 5: пра тое, што не трэба баяцца

Вольга Корсунава

Працэдурная медсястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Вольга Корсунава працуе тут 12 гадоў. Да гэтага працавала ў апёкавым аддзяленні Магілёўскай бальніцы №1.

– Жудаснага страху не было. Так, невядомая інфекцыя, рызыка заразіцца, але ніколі не ўзнікала жадання ўсё кінуць і сысці з прафесіі. Мы стамляемся, але мы ж медработнікі – людзі загартаваныя, якія прывыклі да цяжкасцяў. У рэанімацыі заўсёды вялікая нагрузка, хаця цяпер, вядома, значна вышэйшая.

Складана хутчэй псіхалагічна. Бывала, і плакала. Асабліва цяжка ўспрымала, калі маладыя не жадалі здаравець. Прызвычаіцца да смерці пацыента немагчыма. Калі хворы памірае, разбіраемся, што пайшло не так. Але рэаніматолагі, на жаль, не богі.

Адчуваем падтрымку адміністрацыі. На агульных абходах галоўны ўрач Віктар Алегавіч Вараб'ёў цікавіцца пацыентамі, пытаецца, як настрой у калектыва.

Мне дапамагае любімая сям'я. Муж і сын – мая крыніца сілы. Яны з разуменнем ставяцца, калі я затрымліваюся на працы, што здараецца нярэдка. Родныя баяцца за маё здароўе. Як і многія калегі, я перахварэла. На шчасце, без ускладненняў.

Мая галоўная парада – не баяцца. Гэта такія ж пацыенты, як і астатнія, толькі з каранавіруснай інфекцыяй, і яны гэтак жа маюць патрэбу ў лячэнні і нашай дапамозе. Імкнуся быць у добрым настроі незалежна ад абставінаў, бо ў любы момант хвораму можа спатрэбіцца мая падтрымка. Добрае слова – плюс да лячэння. Мне дастаўляе радасць выздараўленне пацыентаў, іх падзяка за выратаванае жыццё. Некаторыя пасля выпіскі тэлефануюць, віншуюць са святамі. Калі хворы пачынае адчуваць сябе лепей, у яго з'яўляецца іскрынка ў вачах, надзея, што ўсё будзе добра.

Мы ніколі не будуем планаў і заўсёды знаходзімся ў чаканні, але нічога не баімся, бо мы ж каманда!

Жадаю калегам здароўя і сямейнага дабрабыту. Праца – наш другі дом, але сям'я – галоўнае.

Гісторыя 6: пра тое, як хочацца жыць

Таццяна Кавалёва

Паставая медсястра 2-га пульманалагічнага аддзялення Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера Таццяна Кавалёва працуе з 1994 года і ўвесь час у адной установе.

– Спачатку мы думалі, што інфекцыя да нас не дойдзе, але з першымі кавіднымі пацыентамі зрабілася ніякавата. Баяліся заразіцца самі, заразіць родных, перажывалі, ці справімся з новымі ўмовамі, хаця і прывыклі працаваць з пульманалагічнымі хворымі. Пацыентаў у нас заўсёды нямала, а падчас пандэміі стала яшчэ больш, прычым цяжкіх. Нагрузка вырасла ў 2-3, а то і ў 4 разы. Кавідным пацыентам патрабуецца больш увагі – 7-8 разоў падысці, праверыць самаадчуванне, вымераць сатурацыю. Ёсць людзі, якія не разумеюць, што ляжаць на жываце – гэта частка лячэння, таму даводзіцца пастаянна нагадваць. Неабходна вялікае цярпенне, бо пацыенты нервуюцца, асабліва калі ў іх пацвярджаецца COVID-19. Размаўляем з імі, супакойваем.

Цяжка працаваць у СЧК, асабліва ўлетку: усе мокрыя. Часам плакаць хочацца. А бывала, сядзіш дома, млееш ад спёкі і думаеш: як там калегі ў гэтых касцюмах? Працуючы ў чырвонай зоне, не можаш нават папіць...

Часта перажываю за пацыентаў. Запомніўся адзін сталы мужчына. Калі ён пайшоў на папраўку, яго перавялі ў анкадыспансер (выявілі пухліну). Плакала, калі даведалася, што праз некалькі дзён ён памёр...

На шчасце, я не хварэла, але ў эмацыянальным плане адчула выгаранне. З пачатку пандэміі не маглі сысці ў адпачынак. Толькі нядаўна атрымалася адпачыць амаль месяц. Пасля адпачынку адчуваю прыліў сіл, а да гэтага была проста знясіленая.

Нягледзячы на ​​цяжкасці, нават думкі звольніцца не ўзнікала. Калектыў вельмі згуртаваўся, арганізацыі прывозілі харчаванне, ваду. Дзякуй адміністрацыі. Ідзеш на працу і ведаеш: ты будзеш абароненая, зможаш адпачыць у чыстай зоне. Галоўная медсястра Валянціна Рыгораўна Сафонава навучыла, як карыстацца СЧК.

Хатнія справы (прыбіранне, гатаванне) узялі на сябе родныя.

Хочацца хутчэй вярнуцца да ранейшага жыцця, пазнаваць адзін аднаго не па хадзе, а па твары, хадзіць на працу з прычоскай, нафарбаванымі вачыма.

Гісторыя 7: пра тое, дзе знайсці крыніцу сіл

Наталля Бабарыкіна

Наталля Бабарыкіна – працэдурная медсястра 1-га пульманалагічнага аддзялення Магілёўскага абласнога супрацьтуберкулёзнага дыспансера.

– Спачатку было страшна, але тут я ўжо 26 гадоў, таму гатовая да ўсяго.

Раней працавала ў працэдурным кабінеце. Зараз кропельніцы ставім у палатах. Разносім штатывы, растворы, перыядычна заходзім да пацыентаў, сочым за сатурацыяй, тэмпературай...

Стомленасць адчулася з наплывам хворых. На працу даводзілася прыязджаць да 6 гадзін раніцы, каб усё паспець. Позна сыходзім, часта затрымліваемся. Але муж не папракае, дапамагае па гаспадарцы.

Сама не ведаю, адкуль бяруцца сілы. Проста кажу сабе: трэба дапамагаць людзям. Хаця і працуем па графіку «два праз два», у выходныя не заўсёды знаходзіцца час на сябе: дзеці, хатнія клопаты, а ўлетку дача. Агарод – маё галоўнае хобі.

Я таксама перахварэла ў лёгкай форме. Адчувала слабасць – нашмат мацнейшую, чым звычайна. Але самаадчуванне, лічу, ніяк не адбілася на якасці працы. Я збіралася з сіламі і рабіла сваю справу.

Асаблівую падтрымку адчуваем з боку старшай медсястры Святланы Уладзіміраўны Ляўданскай, а таксама кіраўніцтва бальніцы. Не варта замоўчваць: адыгралі ролю і даплаты. Гэта добрая матэрыяльная падтрымка. Я, напрыклад, зрабіла рамонт, абнавіла мэблю.

Ад душы жадаю калегам цярпення, працавітасці і здароўя.

Фота з архіва С.Жандаравай, М.Каржовай, Ю.Рэентовіч, Л.Шчарбаковай, В.Корсунавай, Т.Кавалёвай, Н.Бабарыкінай.

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 49

Журналіст газеты «Медыцынскі веснік»
Глядзіце таксама