13.01.2021
13.01.2021

«Шчадрую, шчадрую, кілбасу чую!», альбо Са Старым Новым годам, сябры!

logo
Беларускі код
0 29
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A

У чарговы раз прыгадваючы цікавую традыцыю святкаваць Новы год двойчы, мы, народжаныя ў СССР, усё ж і да сваіх каранёў цяпер звяртаемся ўсё часцей. А гэта значыць, што хтосьці ўвечары 13-га студзеня (альбо ў ноч з 13-га на 14-га) адзначыць не толькі і не столькі Стары Новы год, колькі… Шчадрэц! Ён жа – Шчодры вечар, Багатая куцця, Шчадруха, Багатуха… Словам, сапраўднае народнае свята! Каляды ж – працягваюцца…

І хаця для нашых продкаў самай важнай, у тым ліку і ў плане духоўным, была першая – «галодная» – куцця, якая традыцыйна ладзілася напярэдадні Раства Хрыстова, усё ж найбольш любілі другую. І менавіта за яе багацце і шчодрасць. Бо, зразумела, даўней у вяскоўцаў не так шмат было і нагодаў, і магчымасцяў, каб добра пад’есці.

Шчадрэц. Багатая куцця 13 студзеня.

А яшчэ ж можна было схадзіць і накалядаваць цэлы мех усялякай смакаты! Бо даўней да Калядаў абавязкова калолі парсюка альбо свінню практычна ў кожным двары на вёсцы. А багаты стол на Шчодрую куццю абяцаў заможны год і спрыянне ва ўсіх гаспадарчых справах.

Памятаю, калі гадоў дзесяць таму ці яшчэ раней раптам пачалі хадзіць калядоўшчыкі і ў нашым горадзе, ды па кватэрах у шматпавярхоўках, часцяком 13-га студзеня даводзілася нават… адключаць дзвярны званок! Бо ішлі… касякамі! 🙂 І дзеці, і дарослыя.

Шчадрэц. Традыцыі калядавання на Беларусі.

Але, як зазначала ўжо не раз, хтосьці нават не абцяжарваў сябе вывучэннем традыцыйных вершаў ды шчадровак. Панадзяваюць маскі (а вось і не медыцынскія!), тупнуць пару разоў нагою… Давайце, гаспадары, нясіце ўжо чаго! І грошай, грошай пабольш…

Калі ж даводзілася назіраць няхай сабе і рэканструяванае ў чымсьці дзейства на вёсцы… Эх, як жа гэта сапраўды хораша ды душэўна! Так што сапраўдных вам калядоўшчыкаў, шаноўныя сябры! І каб іх пажаданні здароўя, шчасця, дабрабыту абавязкова спраўдзіліся!

Калі ж вы настройваецеся на ціхі сямейны вечар, менавіта ў беларускіх традыцыях, дык не забудзьцеся, што куцця на стале таксама павінна прысутнічаць. Добра было б, калі б страў вы запланавалі сапраўды 12. Але не абавязкова. Галоўнае – пабольш! 🙂 Куцця ж – багатая…

І, вядома, вы ж разумееце, што нашыя продкі не гатавалі ні «Селядзец пад футрам», ні «Мімозу», ні «Аліўе»… 🙂 А вось калі вы збіраецеся адзначаць Стары Новы год у сучасных традыцыях, тады сапраўды ўсё гэта будзе дарэчы! Асабліва, калі не вырасцілі альбо не прыдбалі парсючка, каўбасаў, «пальцам піханых», ды іншай вясковай смакаты.

Шчадрэц. Аліўе - на Стары Новы год.

Зрэшты, нічога не замінае сумясціць і Шчадрэц, і Стары Новы год… Няправільна, скажаце?! А можа, гэта – новая традыцыя: паяднаць старое і сучаснае?! Зрэшты, калі ў рускамоўнай сям’і хаця б адну песню праспяваюць, накшталт «Шчадрую, шчадрую, кілбасу чую…», гэта ўжо будзе выдатна!

Адзінае, шкада, вядома ж, што ў многіх, хто збіраецца адсвяткаваць Шчадрэц у народных традыцыях, не атрымаецца добра падрыхтавацца да сённяшняга святочнага вечара: дзень жа працоўны, сярэдзіна тыдня. А пакуль прыгатуеш тую куццю, напячэш бліноў ды падсмажыш каўбаскі…

Дарэчы, даўней пяклі бліны і аладкі, каб скаціна была гладкай! Гэта значыць, добра ўкормленай і здаровай.

Шчадрэц. Традыцыя пячы бліны і аладкі.

Між іншым, калі куццю вы ўсё ж наважыцеся прыгатаваць, трэба будзе перад падачай на стол ціхенька пакласці туды пярсёнак ці манетку. А вы ж памятаеце, як раней елі з чыгунка ці міскі? Правільна, па чарзе! І першым зачэрпваў страву гаспадар. І вось калі гэта яму патрапіцца той пярсцёнак альбо манетка, прычым менавіта на пачатку святочнай вячэры, а не тады, калі вычарпаецца куцця, значыць, увесь год сям’я будзе жыць заможна.

Толькі, гаспадары, уважлівей там з куццёй! Не праглыніце пярсцёнак! 🙂

Нашыя сучасныя традыцыі накшталт «Як Новы год сустрэнеш, так і правядзеш», аказваецца, таксама сваімі каранямі сягаюць у даўніну! Праўда, тады звярталі ўвагу найперш на дзень 14-га студзеня не як на пачатак Старога Новага года (тады і паняцця такога не было), а як на Васілле, Васілёў дзень.

Існавала прыкмета: «Якое бяззладзе ў гаспадарцы на Васілля, такое будзе і на ўвесь год». Таму напярэдадні стараліся навесці поўны парадак у хаце, гаспадарчых прыбудовах, на падворках і г.д.

Шчадрэц. Клопат пра хатнюю жывёлу.

Што тычыцца прыкметаў іншых, дык лічылася, што да Шчадраца трэба вярнуць усе пазыкі, бо інакш цэлы год з іх не вылезеш. Стараліся таксама, каб 13-га студзеня посуд не пабіўся, бо гэта лічылася прыкметай таго, што «бяда прыб’ецца ў хату».

Традыцыйна назіралі нашыя продкі і за надвор’ем. Зрэшты, атрымаўшы нарэшце такую шыкоўную сапраўдную зіму, з лёгкім сэрцам гэта можам зрабіць і мы!

Калі напярэдадні Васілля туман, значыць, варта чакаць добрага ўраджаю. Калі ноч зорная – зноў-такі, багатыя палеткі. А калі 14-га студзеня шэрань, дык саломы будзе болей, чым хлеба.

Шчадрэц. Назіраем за надвор'ем.

А што тычыцца абавязковага вынасу навагодняй ёлкі 13-га студзеня да заходу сонца… Маўляў, каб разам з ёй збыць і ўсю дрэнную энергетыку… Штосьці на мяне ніколі такія доказы не дзейнічалі.

Па-першае, як жа нам, народжаным у СССР, было тады адзначаць Стары Новы год – без ёлкі?! А па-другое, Каляды ж і ўвогуле працягваюцца да Вадохрышча… Зрэшты, лічу, гэта справа кожнага. Маецца на ўвазе – таго, хто ставіць жывое дрэўца на навагоднія святы. У што верыце, так і рабіце.

Шчодры вечар усім нашым добрым чытачам! З надыходзячымі святамі! Здароўя, шчасця, кахання, дабрабыту, шанцавання… Няхай год будзе ўдалым і спрыяльным!

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0 29

Журналіст, блогер. Вышэйшая філалагічная адукацыя. У 1996 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка (дыплом з адзнакай) па спецыяльнасці «беларуская мова і літаратура». З 2003 па 2005 год па ўласнай ініцыятыве вучылася дыстанцыйна ў Еўрапейскай школе карэспандэнцкага навучання, маю пасведчанне аб заканчэнні курсу «Журналістыка». У журналістыцы – з 2001 года. Працавала загадчыкам аддзела пісьмаў і масавай работы, журналістам у газеце «Раённы веснік» (г.Чэрвень), уласным карэспандэнтам абласной газеты «Мінская праўда» па Чэрвеньскім, Уздзенскім і Старадарожскім раёнах. З 2018 года – рэдактар, аўтар блога «Думкі ўслых» на сайце "Слушна".