Прыязджаючы ў любы горад альбо мястэчка, чалавек абавязкова знаёміцца са скульптурным стылем той мясцовасці, у якую патрапіў. Часам бывае, што скульптурныя аб’екты пэўных гарадоў так моцна западаюць у душу, што менавіта, каб зноў убачыць іх, мы вяртаемся ў чарговы раз у гэтае месца. А які ж скульптурны стыль у нашай сталіцы? Як можна ахарактарызаваць скульптуру Мінска, наколькі яна шматгранная і цікавая? Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці на выстаўцы «Скульптура – гораду», якую днямі адкрылі ў Палацы мастацтваў.
У экспазіцыі праекта прадстаўлены скульптурныя творы, якія з’явіліся на вуліцах і плошчах сталіцы ў апошнія дзесяцігоддзі. Гэта помнікі, мемарыялы, прысвечаныя жыхарам горада і героям краіны, яе знакавым падзеям. Гэта шэраг новых вобразаў, без якіх ўжо не ўявіць аблічча нашага Мінска. Устаноўленыя ў грамадскіх прасторах, многія з гэтых твораў прадстаўлены ў экспазіцыі выстаўкі на фотаздымках і ў мадэлях.
Аўтары выстаўкі вядомыя: Іван Міско, Аляксандр Фінскі, Уладзімір Жбанаў, Андрэй Асташоў, Яўген Колчаў, Сяргей Бандарэнка і інш.
Значную частку экспазіцыі займаюць скульптуры і скульптурныя кампазіцыі, якія прапануюцца для ўстаноўкі ў гарадской прасторы: напрыклад, помнік Льва Гумілеўскага «Уладзімір Караткевіч», фантан «Храм дажджу» Аляксея Сарокіна.
Скульптар Іван Арцімовіч на адкрыцці праекта адзначыў, што выстаўка задумвалася і ажыццяўлялася як своеасаблівае даследаванне, таму так шмат на ёй прадстаўлена аўтарскай скульптуры, якая з'яўляецца носьбітам няхай не вельмі буйных, але тым не менш значных ідэй і філасофскага, і бытавога характару.
Значную частку экспазіцыю займаюць творы, якія зараз праектуюцца і прапануюцца аўтарамі для ўстаноўкі ў той ці іншай архітэктурнай ці прыроднай грамадскай прасторы. Вялікая ўвага надаецца вырашанай ў адметнай манеры асобнай аўтарскай скульптуры.
Яна выкананая ў розных стылях і накірунках, дыяпазон яе пластычных сродкаў – ад рэалістычнага да гратэскнага, абстрактнага, асацыятыўна-вобразнага.
Калі прайсціся па залах і паглядзець работы, то можна заўважыць, што творы рэалістычнага характару або прысвечаныя нацыянальнай тэматыцы суседнічаюць з абстрактнымі, яны чапляюць незвычайнасцю форм. І як тут не пагадзіцца з тым, што сучасная архітэктура патрабуе пэўных рашэнняў у арганізацыі асяроддзя навокал.
Мяняецца аблічча горадоў, у тым ліку і Мінска – пашыраюцца вуліцы і плошчы, архітэктура паўстае ў новых матэрыялах і формах. Беларуская скульптура змяняецца разам з часам, прапаноўваючы сучаснаму гораду свае варыянты мастацкага напаўнення яго прасторы.
У кожнага аўтара сваё ўяўленне прасторы, дынамікі, вобраза, свая непаўторная мастацкая мова — яны вызначаюцца нацыянальнымі традыцыямі і характарамі, светаадчуваннем творцаў і іх разуменнем жыцця, іх прыродай і гісторыяй. Таму прадстаўленае на выстаўцы мастацтва немагчыма назваць аднатыпным.
Наведвальнікі выстаўкі могуць убчачыць новыя работы як вядомых айчынных скульптараў, так і маладых аўтараў — усе яны вельмі па рознаму вырашаюць агульную тэму – ад абстрактных, сімвалічных вобразаў са шкла і пластыку да звыклых фігуратыўных аб’ектаў з бронзы і каменя.
Увогуле скульптура як старажытнага, так і сучаснага Мінска — абсалютны феномен. Горад запамінаецца з першага наведвання і становіцца дарагім сэрцу. Трэба адзначыць, што ў сучасным свеце скульптура можа быць асэнсаваннем любой тэмы і праблемы. Вельмі важнай з’яўляецца партрэтная скульптура, якой у Беларусі надаюць вялікае значэнне. Імёны знакамітых людзей, што ўнёслі ўклад у развіццё краіны, гучаць праз розныя скульптурныя матэрыялы, упрыгожваючы прастору і нагадваючы грамадству пра ўнікальнасць нашай спадчыны.
Як і любы іншы кірунак мастацтва, скульптура не з'яўляецца нечым нерухомым, застылым. Спадарожнічаючы жыцці свайго народа, яна развіваецца, змяняецца, перажывае тыя ж гістарычныя ўзрушэнні і зрухі, што і сам народ, становіцца вобразным адлюстраваннем яго думак, пачуццяў, светасузірання. Таму яе трэба аналізаваць.
Скульптуры, як і іншыя арт-аб'екты, патрэбны гарадам. Як элементы прасторы, яны насычаюць яго не толькі інфармацыйна, але і эмацыйна, становячыся месцам рэакцыі і асмыслення.
Гарадскому жыхару важна пераключаць увагу, забываць аб тым, што яго гняце, трывожыць. Выдатнаму філосафу Дэні Дзідро належыць выказванне: самая шчырая эмоцыя — гэта здзіўленне. Чалавеку важна захаваць гэтую здольнасць, таму што яна кажа пра тое, што ён жывы, не закасцянеў знутры. Чым больш ён дзівіцца, тым больш эмацыйных адкрыццяў здзяйсняе.
Мова людскіх пачуццяў. Чым уражвае выстаўка скульптуры і графікі Аляксандра Фінскага?
Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by