25.10.2022
25.10.2022

Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка. Частка 1 (казка) + аўдыё

logo
Адукацыя і выхаванне
0
Памер шрыфта:
  • A
  • A
  • A


 

Сядзіць Бабёр — поўныя шчокі зор пад старой вербалозінай  і так сумуе, так сумуе, што ажно вялізныя зубы-разцы польку скачуць і гатовыя вываліцца, бо гаспадар у крыўднай роспачы то стогне, то за галаву бярэцца, і хістаецца з боку на бок, нібы ў шторм яго карабель трапіў. І толькі яго лускаты хвост-вясло ўтрымлівае на паверхні. Глядзіш як слёзы градам не паліюцца. І завошта так ужаліўся?

Не прыкмеціў ён, як лета праляцела. Пайшлі-паплылі нізкія кашлатыя хмары. З неба спачатку дробны дожджык церусіў, а затым зацяжныя, нудныя дажджы паліліся. Адляцелі ў вырай птушкі. Пахаваліся ў норах вужы ды гадаўё. Аднойчы, як толькі неба развіднелася, ачысцілася ад хмар і выслізнулася сонейка, пачаў Бабёр да зімы рыхтавацца.

Заплыў у затоку, адшукаў сабе прыдатнае месца для будаўніцтва хаткі і падаўся на другі бераг. Упадабаў старую, агромністую, як двум мужчынам абхапіць і высачэзную, ці не за паўсотню метраў у неба, вербалозіну. І вырашыў яе спілаваць. Так, сябры, сваімі вострымі, як лязо спраўнага майстра-шаўца, пяццю разцамі спілаваць, а разам і ўзровень вады ў затоцы падняць ад паваленага бервяна, а сукі-галінкі акурат на хатку перацягнуць.

Бабёр 2 25.10.2022

Працаваў Бабёр увесь  святлавы дзень. Працаваў так шчыра, што незадоўга да заходу сонца вербалозіна з дзікім енкам ў затоку легла, перакрыўшы цячэнне і ўсялякі доступ да процілеглага берага.

Адсопшыся, ён пачаў цягаць галлё. Цягаў і цягаў тое голлё, ажно пакуль не захрапеў, знямогшыся выпаўз на бераг. І сам таму здзівіўся, бо ніколі раней з ім тагога не адбывалася. Хаця чаму здзіўляцца: пятую хатку адзін будуе. Усіх дзетак сваіх упарадкаваў. Цяпер толькі чакае, калі ў госці запрашаць пачнуць. Малодшы сын адразу прапанаваў заставацца ў яго, але  не рашыўся: навошта маладым займаць, калі  вось-вось малыя бабраняткі з’явяцца.

У думках-марах стары Бабёр нават прыдрамаў.

Тым часам побач Выдра з Хахуляй праплывалі.—Што за самота, што за настрой такі, суседзе? – звярнулася да Бабра Выдра.

Казачная выдра

Пачуўшы  знаёмы голас ён адразу зніякавеў, як быццам нейкі іншы звярок казаў тое. Ласкавую Хахулю ён пазнаў, ведаў, што менавіта ў яго хатцы гэты невялікі вадзяны звярок знойдзе не толькі прытулак, але і абарону. І тут раптам такі шапатлівы голас. І ўсё ж, калі стары Бабёр добра прыгледзеўся, заўважыў, што гэта была яна, Выдра. Адразу падумаў, што і яна пачне дразніцца, як учора Лісіца Хітрыца нервы яго казытала, кралася да затокі ды ўвесь час смяялася, выскаляючыся: дзе твая хата, дзе твая хата?  Як і Сава Кудлатая галава, быццам самалёт знішчальнік  пікіравала акурат на яго.

Але, здаецца, сёння такіх намераў не заўважыў. Каб хоць адзін падобны рух зроблены быў, адчуў бы захопніцкія варожыя намеры. Хаця Выдра не лепшая: чаго добрага можа і ў наступ пайсці. Але Бабёр суцішыўся і тактоўна, быццам старому і добраму сябру, адказаў:

— Ат, суседка мая, усё ладам. – Вось толькі… – Бабёр быццам не той звер, які іншым разам без дай прычыны не стаў бы такім меланхалічным. Зараз той самы выпадак, калі ён быў замаркочаны. – Ведаеш, толькі распачаў хатку  для сябе будаваць, ды штосьці занядужаў. Аднаму мне не адолець, – напаўголасу працадзіў спахмурнелы Бабёр. Вось і сумую.

Бабёр

– Знайшоў бяду! Зараз толькі пару плотачак спаймаю і ўміг разгонем тваю маркоту, супакоіла суседа Выдра. – І звярок спрытна нырнуў пад другі бераг рэчкі, дзе асака ды чарот.

Вада ўспенілася спачатку ў адным, затым у другім месцы. І толькі пасля на паверхні паказалася галава выдры. У яе зубах білася  вялікая рыбіна.

– Гэта табе, сусед, падсілкуйся! А тое ты ўсё кару ды траву розную спажываеш. – А рыбку як з’ясі, глядзіш і твой хвост больш спакусліва на патэльні гурманаў будзе глядзецца. І сама рассмяялася так моцна, што гарлачыкі па ўсёй рэчцы заскакалі, быццам ад ветру-урагану.

– Дзякуй, суседка! – І насамрэч, трэба падсілкавацца. А тое хвост мой ссохне і нікаму не захочацца ім паласавацца, хаця я рыбу не спажываю - павесялеў Бабёр.

Выдра нырнула і ўжо была ля вербалозіны,  ускідвала на плечы, яшчэ не зусім згубіўшыя свой летні зеленаваты колер, галінкі.

Пакуль Бабёр адну ходку ледзь зробіць, Выдра ўжо са два разы ўправіцца.

Налучыліся тут дзве белыя Чаплі- фарсухі.

Чаплі

– Такі цудоўны дзянёк! А што тут у вас за суботнік? – спыталіся Чаплі і, не адразу пачуўшы адказ, рассмяяліся. – Мы шукаем салон прыгажосці, каб манікюр абнавіць. А яны вось чым займаюцца, лепей дно рачулкі пачысцілі б. А тое мы свае пазногці …

І не дагаварыўшы, малодшая, відаць, сястрыца негаваркой і больш разважлівай Хахлаткі, падняла адну сваю доўгую нагу, каб паказаць  сапсаваны манікюр. Але ніхто не заўважыў тае праблемы, як і не адрэагаваў. Пільная ж Выдра ні ўслухоўвалася ў тую балбатню, ніякай іншай праблемы, акрамя Бабровай, не адчувала.  Яна паглядзела ў бок затокі, ўздыхнула:

– Ды вось Бабёр вырашыў хатку сабе збудаваць. Аднаму ўжо цяжкавата з гэтым справіцца. Акурат і ваша, прыгажуні, дапамога лішняй не была б.

– Калі такая сур’ёзная справа і ёсць шчырае запрашэнне – дапаможам, - азвалася мудрэйшая Чапля. – З чаго пачынаць?

– Вунь з таго паваленага дрэва насіць вецце на хатку старога Бабра, каб зімою наш сусед не замёрз.

– Дзякуй вам! – расчуліўся Бабёр. – Раней я не баяўся ні якога клопату, ні зімы. Зараз нейкая боязь агортвае, – скрушна прамовіў стары звер і чухаў патыліцу, нібыта штосьці мудрае прапанаваць хацеў.

– Не бядуй, дзядуля! – у адзін голас падтрымалі Чаплі. – Не пакінем цябе!

Гуртам хутчэй атрымаецца. Нават хутчй, чым вось той шызакрылы качар даплыве да затокі.

І дружна ўзяліся за справу. Адразу цэлыя рэзгіны галінак на спіне Выдра цягне. Чаплі таксама прымудрылі адмысловы вазок, у які абедзьве ўчапіліся і цягнуць па вадзе.

Вожык

Бабёр жа зусім занядужаў: па адной галінцы цягае.

– Калі я быў малады і дужы таксама завіхаўся будзь здароў. Цяпер толькі што паразітаў магу спраўна ганяць. ­

Ён няўклюдна выпаўз на бераг. Агледзеўся наўкола. Адсапнуўся. Узняў правую пяціпалую задняю  нагу з развітымі плавальнымі перапонкамі. У гэты момант, быццам спрацавала якое рэле, рассоўваецца когаць і прыстасаванне ў выглядзе нажніц пачынае вычышчаць і вычэсваць поўсць, выдаляючы паразітаў.

Яго светла-буры мех на сонцы пачынае пералівацца.

– Ого! Вось гэта прыспасоба! - дзівіліся Чаплі.

– Э-э-э! Гэта што! Каб сіла і спрыт былі закладзены прыродаю на ўвесь век, а не толькі  гэтыя прыспасобы, - уздыхаў Бабёр. – Я вось што мяркую, суседкі мае дарагія: трэба клікаць  майго даўжніка Лася Рагача.

– Як гэта «даўжніка»?

– Вельмі проста, - тлумачыў Бабёр. – Адну лютаўскую ноч, калі яшчэ гуляла злая завіруха, ён згубіў арыенцір і забрыў на нашае бабрынае пасяленне. І патрапіў акурат у шматлікія норы-лабірынты і глыбокія тунэлі. І так улез, што адна рыжая хрыбеціна сярпом месячыка асветлена была. Дзікім ровам  небарака сярод ночы роў. Я першым прыбег на той умольны роў, прывёўшы самых дужых Баброў. І мы выратавалі Рагача. Вось з таго часу ён у даўжніках ходзіць.

– Тады, канешне, трэба скарыстацца такой дапамогай..

А цяпер, мой дружа, лажыся адпачывай, а у наступны раз ты паслухаешь працяг казкі і даведаешься ці дапамог Рагач старому Бабру пабудаваць новую хатку.

Што аднаму цяжка, тое гуртам лёгка (казка). Частка II

Матэрыялы на сайце slushna.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце slushna.by

0

Жанравы дыяпазон Аркадзя Жураўлёва вельмі шырокі. Яго пяру належаць больш за дзве сотні надрукаваных твораў у літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Вядомы пісьменнік і як майстра міні-прозы. Яго лірычныя навелы крытыкі назвалі вершамі ў прозе. Аўтар зборнікаў сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і кнігі сталай прозы «Я жадаю вам дабра...», а таксама сааўтар многіх калектыўных зборнікаў. Казкі Аркадзя Жураўлёва можна было пачуць у вячэрняй «Калыханцы» Беларускага радыё, іншых беларускіх радыёстанцый. Яны неаднойчы гучалі на Усесаюзным радыё. Аўтарскія творы пісьменніка ўвайшлі ў многія калектыўныя зборнікі. Не абмінуў Аркадзь Жураўлёў і такі жанр, як дэтэктыў. Гумарыстычныя і сатырычныя творы пісьменніка рэгулярна друкуе беларускі часопіс сатыры і гумару «Вожык. Яго героі ажылі на сцэнах народных тэатраў краіны. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2004 г. Узнагарожданы знакам СПБ «За вялікі ўклад у літаратуру».