Бабёр стаў зваць на дапамогу Лася Рагача, які хадзіў у яго ў даўжніках, пасля выратавання апошняга, са шматлікіх нор-лабірынтаў і глыбокіх тунэляў.
Не спяшаючыся, стары Бабёр вылез з вады і як стаў свістаць, ажно лісце з прылеглага асінніку пасыпалася долу. І зляцеў той шызакрылы перапуджаны качар. А праз колькі хвілін зямля ва ўсёй ваколіцы загудзела - імчаўся Лось Рагач.
– Слухаю цябе, мой выратавальнік! – стаў перад старым Бабром сахаты.
– Прывітанне, дружа! – Тут такая справа: занямог я, браце. Нават плыць і тое духу не хапае. А раней за ноч мог як не дваццаць кіламетраў пераадолець, і пад вадою паўгадзіны прасядзець. І хоць бы хны. А тут клопату багата. Хатку асобную надумаў паставіць. Дзяцей упарадкаваў. Хочацца аднаму пажыць. Суседкам адным не ўправіцца да маразоў. Вось я і ўспомніў цябе.
– Знайшоў праблему. Кажы што і куды цягаць.
– Вунь з тае вербалозіны і асінніку, што я здужаў спілаваць ўсё галле патрэбна на маю будучую хату перанесці.
– За мной! - скамандаваў Лось. – І ўсе дружна кінуліся ў ваду.
Вада ўспенілася, берагі хадуном захадзілі. На ўсё наваколле разносіўся трэск. І ўжо праз колькі хвілін магутная постаць Рагача несла на сваіх магутных плячах як не цэлую гару вялікага і дробнага галля.
Услед за ім – Выдра з Хахуляй на спінах валаклі галінкі асіны. Фарсухі Чаплі, да іх гонару, без капрызаў працавалі. Нават пра манікюр не ўспаміналі.
Нечакана для ўсіх з вязанкаю галінак Андатра з’явілася. Яе сямейства, як і Хахуліна, часцяком разам з Бабрамі ў іх хатках жылі. Больш за тое: яны нават яго абаронай карыстаюцца.
Работа кіпела. Стары Бабёр радаваўся нечаканай талацэ. Радаваўся таму, што ёсць у яго сябры
– Кар-р-рр! – праляцела злая Варона. – Шкоднік Бабёр талаку сабраў!
– Чаму гэта шкоднік? – зароў на шэрую Лось. – З’яўленне Бабра ў рэках і асабліва пабудова імі запруд станоўча ўздзейнічае на экалогію.
– Эй, Варона! Ляці, куды ляцела! А хочаш – паслухай! – пачуліся галасы белых Чапляў, падобныя на сварлівыя інтанацыі той жа вароны, але не такія раскацістыя, з меншай колькасцю адценяў і мадуляцый. – У такіх разлівах пасяляюцца шматлікія малюскі і вадзяныя насякомыя, якія ў сваю чаргу прывабліваюць не толькі вунь такіх увішных з каштоўным футрам звяркоў як Хахуля, але і вадаплаўных птушак. – Птушкі у сваю чаргу прыносяць на лапках ікру рыб. Рыба, якая аказалася ў спрыяльных умовах, пачынае размнажацца. Гэта звычайны прыродны кругазварот, пустая твая галава.
Варона толькі раскрыла сваю дзюбу і слухала, што было вялікай рэдкасцю.
– Эй, Варона! Ты выпадкам не прыдрамала, чуеш? – азвалася Выдра. – І, не дачакаўшы адказу, працягвала прасвятляць нахабную птушку. – Паваленыя Бабрамі дрэвы служаць сталоўкай для зайцоў і многіх капытных, якія абгладваюць кару са ствалоў і сукоў.
– Ці не так, Рагач?
– Усё дакладна. А калі дадаць, што ён разумнейшы за ўсіх нас, і працалюбівы, і прадпрымальны, і, што галоўнае – ахайны. – Варона, ты чуеш? Так што ён табе не роўня!
За лесам павольна садзілася сонейка, а Бабёр ужо праверыў сваё новае жытло і шчыра дзякаваў усім за сяброўскую дапамогу.
– Мы заўсёды рады кампаніі такой, – адказвалі звяры.
Варона ж ўласным вокам пазірала на зробленае дружнай кампаніяй і выношвала свае вывады.
Тым часам яна ўпершыню пачула, што ў гонар Бабра выпускаюцца ў свеце памятныя грошы, прычым нават з каштоўных металаў. Як і на гербах многіх гарадоў свету, і на паштовых марках. Адліваюцца скульптуры з яго выявай. Во як!
– Мы не скончылі табе, няверка Варона, распавесці, пра тое, што сок, які выцякае з падточаных Бабром дрэў вельмі любяць матылькі і мурашы, услед за якімі з’яўляюцца птушкі, – Чаплі настойліва працягвалі даводзіць шэрай Вароне пра карысць сябра.
– Што яшчэ не пачула? – здзекліва пыталася Варона.
– Яшчэ пра адну карысць ад яго дзейнасці нагадаю, - прабасіў Лось. – Ты павінна іншым расказаць. – Дык вось, запруды садзейнічаюць ачыстцы вады, змяньшаючы яе мутнасць. У такіх запрудах затрымліваецца іл. Калі і зрабіў каму нязручнасць Бабёр, дык хай яму выбачаюць. У кожнага сваё жыццё, дадзенае матухнай Прыродай.
– А ці чула ты, Варона, што Бабёр ці не адзін з самых дзіўных дзікіх грызуноў нашай планеты?
– Кар-р-рр! Глядзі ты, сябра апраўдалі. – Узнялася, праляцела колькі і села на вялізную кучу галля, – новую хатку старога Бабра. – Глядзіце, які хітры гэты напаўсляпы з чатырма зубамі цяльпук! Сабраў талаку і ўміг хатку сабе прыдбаў, - зайздросліва выказалася, і зляцела.
Пасля яе візіту па наваколлі паляцела пагалоска, што гуртам заўжды лягчэй любую справу распачынаць.
Матэрыялы на сайце bel.24health.by носяць інфармацыйны характар і прызначаныя для адукацыйных мэтаў. Інфармацыя не павінна выкарыстоўвацца ў якасці медыцынскіх рэкамендацый. Ставіць дыягназ і прызначае лячэнне толькі ваш урач. Рэдакцыя сайта не нясе адказнасці за магчымыя негатыўныя наступствы, якія ўзніклі ў выніку выкарыстання інфармацыі, размешчанай на сайце bel.24health.by